Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка — хаўрусьнік Масквы», — кіеўскі палітоляг пра галасаваньне Беларусі ў ААН


Галасаваньне Беларусі супраць рэзалюцыі пра Крым Камітэту Генэральнай асамблеі ААН у пытаньнях правоў чалавека зьяўляецца пацьверджаньнем залежнасьці Аляксандра Лукашэнкі ад Крамля. Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань:

«Пазыцыя Беларусі ў ААН паказвае, што насамрэч Лукашэнка вельмі залежыць ад Масквы, у прыватнасьці ў кантэксьце стаўленьня да такіх сымбалічных пытаньняў, як расейская акупацыя Крыму. Таму, калі часам чуем, што Лукашэнка выступае як сумленны пасярэднік у сэнсе перамоваў у Менску, як нэўтральны бок, мы павінны разумець, што насамрэч гэта не зусім так. Лукашэнка зьяўляецца хаўрусьнікам Масквы», — кажа экспэрт.

Між тым галасаваньне беларускай дэлегацыі супраць рэзалюцыі пра Крым на стасункі Менску і Кіева моцна не паўплываюць, мяркуе Аляксей Гарань:

«Як гэта паўплывае на беларуска-ўкраінскія стасункі? Цеплыні ня будзе, але ўсё роўна застаецца нейкая прагматыка. Нам усё роўна трэба вырашаць пытаньні памежнага супрацоўніцтва, эканамічныя пытаньні. У гэтым сэнсе, думаю, прынцыповых зьменаў не адбудзецца. Тым больш, што такая пазыцыя не новая для Беларусі — Беларусь і ў 2014 годзе была супраць рэзалюцыі па тэрытарыяльная цэласнасьці Ўкраіны. Таму нічога новага, нічога сэнсацыйнага тут няма — гэта хутчэй пацьверджаньне беларускай залежнасьці ад Масквы», — адзначае ён.

Камітэт Генэральнай асамблеі ААН па правах чалавека 15 лістапада прыняў ініцыяваную Ўкраінай рэзалюцыю па акупаваным Расеяй украінскім Крыме, у якой даецца крытычная ацэнка правоў чалавека на паўвостраве. Расея ўпершыню называецца дзяржавай-акупантам на такім узроўні.

За рэзалюцыю былі 73 дэлегацыі, супраць — 23, яшчэ 76 устрымаліся. У ліку тых, хто быў супраць: Расея, Беларусь, Віетнам, Вэнэсуэла, Інданэзія, Індыя, Ірак, Іран, Кітай, Куба, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Паўночная Карэя, Сынгапур, Сырыя, Таджыкістан, Узбэкістан, шэраг краінаў Афрыкі.

Беларусь спрабавала заблякаваць некалькі рэзалюцыяў — па Іране, Крыме, Паўночнай Карэі і Сырыі — праз працэдуру «No action motion» (прапанову наогул не разглядаць парадак дня). Але гэтую прапанову падтрымалі толькі 32 дэлегацыі, 101 — галасавала супраць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG