Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску забаранілі папярэдні продаж квіткоў на фільм «Сьмерць Сталіна»


Нават калі Міністэрства культуры дазволіць пракат фільму ў Беларусі, «Сьмерць Сталіна» беларускаму гледачу пакажуць значна пазьней.

Паказ брытанскага фільму «Сьмерць Сталіна» быў заплянаваны ў Менску 25 і 26 студзеня ў камэрцыйных кінатэатрах Falcon Club Буцік кіно і Silver Screen у гандлёвым цэнтры «Дана Мол».

Дырэктар па рэпэртуарным плянаваньні сеткі Silver Screen Настасься Гурына паведаміла Свабодзе, што папярэдні продаж квіткоў на фільм «Сьмерць Сталіна» пакуль часова прыпынілі.

«Пакуль пытаньне „падвісла“, і ўжо ёсьць інфармацыя, што наша Міністэрства культуры хоча папярэдне паглядзець фільм, каб прыняць рашэньне. І мы з пракатчыкам менавіта цяпер тэрмінова вырашаем, як стужку запісаць і паказаць экспэртам. Яны будуць вырашаць, дазволіць ці не дазволіць выстаўляць фільм у пракат. Але папярэдне нам ужо забаранілі прадаваць квіткі. Так было і ў Расеі: яго спачатку дазволілі, але за два дні адклікалі пракатнае пасьведчаньне. Выглядае, што ў Беларусі фільм таксама забароняць», — кажа Настасься Гурына.

У аддзеле інфармацыі і рэклямы дзяржаўнага «Кінавідэапракату» Свабодзе паведамілі, фільму «Сьмерць Сталіна» ў іх няма, і ў кінатэатрах «Кастрычнік», «Масква» ды іншых яго наагул не пакажуць.

Начальнік аддзелу кінэматаграфіі Аляксандар Рыдван адмовіўся адказваць на пытаньне Свабоды, ці пакажуць фільм у Беларусі, які парадак прагляду фільмаў, і параіў зьвярнуцца з афіцыйным запытам. Спадар Рыдван спаслаўся на закон і парадак.

«У нас ёсць заканадаўства, яке рэгулюе ўсемагчымае праяўленьне экстрэмізму альбо прапаганды парнаграфіі, жорсткасьці, гвалту ў дачыненьні дзяцей. Калі ўсе гэтыя палажэньні заканадаўства будуць выкананыя, ніякіх прэтэнзій ня будзе. Калі нашы экспэрты знойдуць нейкія неадпаведнасьці, натуральна, будзем забараняць», — сказаў чыноўнік Мінкульту Аляксандар Рыдван.

Апрача Менску, нідзе ў Беларусі не плянавалі паказу гэтай стужкі.

Напярэдадні стала вядома пра адмену паказу фільму ў Расеі.

Усясьветная прэмʼера брытанскай сатырычнай камэдыі «Сьмерць Сталіна» адбылася ў верасьні 2017 году. Сюжэт кінакарціны засяроджаны на гонцы за ўладу ў СССР пасьля сьмерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе.

5 фактаў пра фільм «Сьмерць Сталіна», забаронены ў Беларусі і Расеі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG