Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь галасавала супраць крымскай рэзалюцыі ААН, бо супраць любых краінавых рэзалюцый


Крым

Начальнік аддзелу прэс-службы Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Шупляк пракамэнтаваў крытыку з боку ўкраінскіх палітыкаў пасьля галасаваньня наконт рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме.

«Так, сапраўды, мы прагаласавалі супраць гэтай рэзалюцыі, — цытуюць Шупляка на сайце МЗС. — Беларусь заўсёды галасавала супраць любых краінавых рэзалюцый. Гэта наша прынцыповая пазыцыя. Мы на ўласным вопыце ведаем, што такое спробы штучнай палітызацыі, разьдзіманьня праблем, якіх у рэальнасьці няма ў грамадзтве і дзяржаве.

Больш за тое, мы лічым, што Генэральная Асамблея ААН — ня месца для абмеркаваньня і прыняцьця падобных краінавых дакумэнтаў».

Сядзіба ААН у Нью-Ёрку
Сядзіба ААН у Нью-Ёрку

19 сьнежня Генэральная асамблея ААН падтрымала рэзалюцыю «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Сэвастопаль», ініцыяваную ўкраінскай дэлегацыяй. Згодна з вынікамі галасаваньня, падтрымалі ўкраінскую рэзалюцыю 70 дзяржаваў, супраць прагаласавалі 26, устрымаліся 76 дэлегатаў.

Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі. Таксама супраць прагаласавалі Расея, Кітай, КНДР, Іран, Казахстан, Сырыя, Зымбабвэ, Вэнэсуэла і шэраг іншых краін.

Летась у сьнежні прадстаўнікі Беларусі галасавалі супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме на Генасамблеі ААН, за месяц да таго — спрабавала заблякаваць прыняцьце праекту рэзалюцыі Трэцяга камітэту Генасамблеі. Герашчанка і тады называла дзеяньні Беларусі «нажом у сьпіну».

МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым). У мінулым годзе некаторыя экспэрты казалі, што праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, але перамовы па Данбасе ў Менску працягваюцца дагэтуль.


Юры Дракахруст. Чаму Беларусь насамрэч галасавала супраць крымскай рэзалюцыі ААН

XS
SM
MD
LG