Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь галасавала супраць крымскай рэзалюцыі ААН


Юры Дракахруст

Просты адказ — таму што дакладна гэтак жа рабіла і раней.

Хроніка беларускіх «супраць»

Першы раз — неўзабаве пасьля анэксіі, 27 сакавіка 2014 году, калі генэральнай асамблеі ААН была прапанаваная рэзалюцыя, якая пацьвярджала сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і не прызнавала законнасьці якой бы то ні было зьмены статусу Крыму і Севастопалю. Тады за рэзалюцыю прагаласавалі 100 дзяржаваў, супраць — 11 (у тым ліку і Беларусь), 58 дзяржаваў устрымаліся, 24 — не ўдзельнічалі ў галасаваньні.

Другое галасаваньне адбылося роўна год таму, 19 сьнежня 2016 году. Генасамблеі была прапанаваная рэзалюцыя з асуджэньнем парушэньняў правоў чалавека ў Крыме і заклікам да Расеі дапусьціць на паўвостраў міжнародных назіральнікаў. За тады рэзалюцыю галасавалі 70 дзяржаваў, 26 — супраць (у тым ліку і Беларусь), 77 — устрымаліся.

Леташняя сытуацыя паўтарылася, як пад капірку. Таксама 19 сьнежня, таксама рэзалюцыя аб правах чалавека ў Крыме, лік — амаль такі ж, як і летась: 70 — за, 26 — супраць, 76 — устрымаліся.

Супраць рэзалюцыі 19 сьнежня 2017 году галасавалі ўсе саюзьнікі Расеі па АДКБ і Эўразійскім эканамічным саюзе: Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан. Беларусь у гэтым сэнсе паводзіла сябе дакладна гэтак жа, як і іншыя саюзьнікі Расеі.

Хаця, скажам, Армэнія нядаўна падпісала з ЭЗ пагадненьне аб пашыраным супрацоўніцтве, аднак на галасаваньне на генэральнай асамблеі ААН гэта не паўплывала.

Колькі каштуе аднабаковасьць?

Які матыў быў у Беларусі галасаваць інакш, скажам, устрымацца ці не ўдзельнічаць у галасаваньні? Безумоўна, статус пляцоўкі перамоваў па Ўкраіне, пастаўніка добрых паслугаў у канфлікце на Данбасе. Па ідэі, нават пастаўнік добрых паслугаў павінен быць да пэўнай ступені нэўтральны, ня быць ангажаваным тым ці іншым бокам.

Пры гэтым са статусу Менску як перамоўнай пляцоўкі беларускія ўлады атрымалі даволі шмат разнастайных палітычных дывідэндаў, пачынаючы са скасаваньня эўрапейскіх санкцыяў. Губляць такі статус ня хочацца, але вырашылі, што галасаваньне ў ААН разам з Расеяй наконт Крыму гэты статус не падарве.

Мяркую, што Ўкраіна была б больш чым задаволеная, калі б Беларусь учора ў ААН устрымалася ці не галасавала, і такія паводзіны афіцыйнага Менску сапраўды адпавядалі б яго ролі пляцоўкі перамоваў паміж варагуючымі бакамі.

Зараз у Кіеве гучаць галасы аб тым, што галасаваньне Беларусі 19 сьнежня сёлета ў ААН вымагае зьмены месца перамоваў па Ўкраіне, правядзеньня іх у краіне, чыя пазыцыя менш аднабаковая, чым у Беларусі. Праўда, галасы палітыкаў хоць і ўплывовых, але не найвышэйшага ўзроўню. Ані прэзыдэнт Парашэнка, ані міністар замежных справаў Клімкін падобных думак не выказваюць.

Сёлета — як летась?

Бо варта сказаць, што аналягічная сытуацыя была і летась. Менскія пагадненьні былі заключаныя ў лютым 2015 году, з таго часу Менск і стаў месцам сталых перамоваў паміж Украінай, Расеяй і АБСЭ з удзелам прадстаўнікоў сэпаратыстаў. Амаль праз два гады пасьля пачатку гэтага менскага працэсу, 19 сьнежня 2016 году, Беларусь галасавала ў ААН супраць рэзалюцыі аб правах чалавека ў Крыме.

Калі такія паводзіны перакрэсьліваюць яе статус пляцоўкі для перамоваў, то яны перакрэсьлівалі яго і год таму ў той жа ступені, у якой і зараз. Год таму яны гэты статус не перакрэсьлілі. Перамовы дагэтуль вядуцца менавіта ў Менску, хаця і са сьціплым посьпехам.

Трэба заўважыць, што ангажаванасьць Менску не павінная была быць сюрпрызам для Кіеву ад пачатку. У лютым 2015 году, калі Алянд, Мэркэль, Парашэнка і Пуцін ехалі ў Менск на перамовы, ні для каго зь іх, прынамсі, для Парашэнкі, не было сакрэтам, што Беларусь уваходзіць і ў «саюзную дзяржаву» з РФ, і ў Эўразійскі саюз, і ў АДКБ, наўрад ці нехта тады забыў, як беларуская дэлегацыя галасавала ў ААН па першай крымскай рэзалюцыі ў сакавіку 2014 году. Словам, як кажа ўкраінская прымаўка, «бачили очі, що купували».

Аднак калі летась беларускае галасаваньне не выклікала па сутнасьці ніякіх наступстваў, гэта ня значыць, што яно ня выкліча і сёлета. Хай нават і не само па сабе, а, як той казаў, «па сукупнасьці заслугаў».

Летась украінскіх грамадзянаў ФСБ з тэрыторыі Беларусі не выкрадала (сёлета гэта адбылося — справа Паўла Грыба), летась украінскіх журналістаў у Беларусі не арыштоўвалі за шпіянаж )сёлета — справа Паўла Шаройкі).

Галасаваньне ў ААН 19 сьнежня адбылося ў пэўным кантэксьце двухбаковых адносінаў, а кантэкст гэты даволі неспрыяльны. І гэтае галасаваньне можа стаць той самай саломінай, якая зламала хрыбет вярблюду.

Перамовы топчуцца на месцы не з прычыны месца

Да таго ж ва Ўкраіне робіцца ўсё больш моцным расчараваньне вынікамі менскіх перамоваў як такіх, а не адно з прычыны месца іх правядзеньня. У лютым 2015 году Менскія пагадненьні спынілі шырокамаштабныя баявыя дзеяньні, гібель штодзень соцень людзей. З тае пары шырокамаштабных баяў там і няма, Ілавайск, Данецкі аэрапорт і Дэбальцава, дзякаваць Богу, не паўтараліся.

Але Ўкраіна хоча палітычнага ўрэгуляваньня, да якога зараз гэтак жа далёка, як і ў лютым 2015 году. Не атрымліваецца кардынальна вырашыць нават такія больш практычныя і вузкія праблемы, як абмен палоннымі. І жаданьне большага плёну спараджае жаданьне памяняць фармат перамоваў.

Аднак пакуль ніякіх кардынальных ідэяў у гэтым рэчышчы няма. Не, ідэяў як раз шмат, скажам, а давайце мы прыцягнем да перамоваў ЗША. Ну яны і зараз у іх так ці інакш удзельнічаюць, дыялёг Волкер-Суркоў адбываецца. Але кардынальных ідэяў неяк не праглядаецца, ня існуе нават эскізу новага пагадненьня, якое б падтрымалі і Ўкраіна, і Расея, і Захад.

А калі няма нават ідэі, то проста мяняць Менск як месца перамоваў на нейкі іншы горад вялікага сэнсу няма. Не таму, што Менск такі ўжо аптымальны, а таму што ён не настолькі кепскі, і перамовы топчуцца на месцы не з прычыны гэтага самага месца.

Таму, уласна, летась, пасьля галасаваньня ў ААН месца перамоваў і не было зьмененае. І пасьля сёлетняга галасаваньня наўрад ці будзе.

Галасаваньне ў ААН і ўспамін пра будучыню

Хаця з гледзішча гістарычнай пэрспэктывы лепш бы Беларусь не галасавала супраць крымскіх рэзалюцыяў ААН. Жыцьцё доўгае. Сёньня сытуацыя ў сьвеце такая, заўтра ці празь некалькі гадоў можа быць істотна іншай. І тое, што Беларусь ў 2014-2017 годзе галасавала супраць інтарэсаў Украіны, не забудзецца. І статус перамоўнай пляцоўкі дае ёй маральнае і палітычнае права ўстрымацца ці не галасаваць нават з улікам усіх саюзьніцкіх абавязацельстваў перад Расеяй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG