Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паказ фільму «Крым» у менскім «Доме Масквы» адкладзены «з тэхнічных прычын»


Паказ фільму «Крым» і сустрэча з рэжысэрам Аляксеем Піманавым, якія плянаваліся ў Доме Масквы 26 кастрычніка, адкладзеныя на няпэўны тэрмін «з тэхнічных прычын».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў старшыня моладзевага сацыяльна-культурнага грамадзкага аб’яднаньня «Русь молодая» Сяргей Лушч.

«Мерапрыемства перанесьлі з тэхнічных прычын. Мы потым усіх праінфармуем. І мерапрыемства ў нас — не паказ фільму, таму няясна, чаму такі ажыятаж, а творчая сустрэча зь вядомым рэжысэрам і аўтарам вядомай перадачы „Чалавек і закон“ Аляксеем Піманавым», — сказаў Сяргей Лушч.

«Крым» перанесьлі на няпэўны тэрмін

У Доме Масквы патлумачылі, што не былі арганізатарамі, а толькі давалі залю для арэнды. Начальнік аддзелу правядзеньня мерапрыемстваў Алег Рашэтнікаў патлумачыў, што фільму ня будзе:

«Яго перанесьлі на няпэўны тэрмін».

Алег Рашэтнікаў сказаў, што аб прычынах пераносу нічога ня ведае.

«Мы не арганізатары, мы проста даём пляцоўку для правядзеньня. Да нас зьвярнулася грамадзкае абʼяднаньне „Русь молодая“. Сёньня патэлефанаваў кіраўнік і сказаў, што яны перанясуць паказ гэтага фільму. Тым больш што там не паказ фільму быў галоўны, а творчая сустрэча з рэжысэрам».

«Дом Масквы» на Старажоўскай вуліцы ў Менску
«Дом Масквы» на Старажоўскай вуліцы ў Менску

«Гэта было непаразуменьне»

Рэкляма імпрэзы выдаленая таксама з афіцыйнай старонкі ў сацсетках унівэрсытэту МІТСО. Прэсавы сакратар унівэрсытэту Надзея Какшынская сказала карэспандэнту Свабоды:

«Нам было выслана запрашэньне, але ніхто са студэнтаў не зацікавіўся. Ніхто ня пойдзе. На адрас нашага ўнівэрсытэту, як і на адрас іншых беларускіх унівэрсытэтаў, прыходзіць усялякая рэкляма і запрашэньні ад розных арганізацый. Наш супрацоўнік разьмясьціў гэтую інфармацыю ў сацсетках, не падумаўшы. Гэта было непаразуменьне. Мы трымаемся пэўнай пазыцыі, і ніхто з нашых студэнтаў ня пойдзе на гэтае мерапрыемства».

«Крым» проста ня бралі ў пракат

Кіраўніца рэпэртуарнага аддзела Кінавідэапракату Вольга Багаварава сказала карэспандэнту Свабоды, што фільм «Крым» у Беларусі «проста ня бралі ў пракат». Зь якіх прычынаў?

«У нас проста не было экраннага часу. Я цяпер пляную сьнежань і магу сказаць, што будзе ў лістападзе ці сьнежні. У лістападзе будзе працягвацца дэманстрацыя «Матыльды». У лістападзе даволі фільмаў, зь якімі можна працаваць. Фільм «Крым» — гэта ўчорашні дзень, ён выходзіў у Расеі прыканцы верасьня. А фільмы жывуць роўна тыдзень. Потым ужо прыходзіць толькі той глядач, які зацікаўлены ў гэтым фільме. У канцы гэтага тыдня пачынаюцца канікулы. Пра які «Крым» можа ісьці гаворка, калі мы выпускаем вялікую колькасьць дзіцячых фільмаў?»

Раней амбасада Ўкраіны ў Беларусі выступіла з пратэстам супраць магчымага паказу ў беларускіх кінатэатрах расейскага прапагандысцкага фільму «Крым. С любимыми не расставайтесь». У Міністэрства замежных спраў Беларусі была накіраваная нота ў сувязі з дэманстрацыяй у беларускіх кінатэатрах трэйлера гэтага фільму.

Кадар зь фільму
Кадар зь фільму

У трэйлеры, якія пэўны час круцілі ў менскіх кінатэатрах, гаворыцца, што драма «грунтуецца на рэальных падзеях» на фоне «вяртаньня» паўвострава «ў родную гавань». Стужка зьнятая на сродкі расейскага ўрадавага «Фонду кіно» рэжысэрам і тэлевядоўцам Аляксеем Піманавым.

У ліпені першы намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства «Кінавідэапракат» Андрэй Разжавайкін у камэнтары для Свабоды запэўніў, што «Крым» на вялікіх экранах дэманстравацца ня будзе:

«Магу запэўніць, што ў нас гэты фільм да паказу ў кінатэатрах не плянаваўся. Мы ня можам паказваць усе кінастужкі, якія выходзяць у Расейскай Фэдэрацыі. Яшчэ раз паўтараю: у нас „Крым“ да паказу не меркаваўся, яго не было нават у пэрспэктыўных плянах. І ня будзе».

У аснову сюжэту кінастужкі «Крым. С любимыми не расставайтесь» пакладзеная гісторыя каханьня падчас анэксіі Крыму вясной 2014 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG