Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: ягады па-беларуску. Парэчкі, трускаўкі, дурніцы... ВІДЭА


 Ягады па-беларуску
Ягады па-беларуску

па-расейскупа-беларуску

  • земляникасунíцы
  • клубникатрускáўкі, трускáлкі, клубнíцы
  • голубикадурнíцы, буякí
  • черникачарнíцы
  • брусника брусьніцы
  • красная смородинапарэ́чкі
  • клюкважуравíны
  • ежевикаажы́ны
  • крыжовникагрэ́ст
  • шиповникшыпшы́на
  • жимолостьбружмéль

Па-беларуску кажам ня толькі зьбіраць, але і браць ягады, хадзіць у ягады.

У множным ліку, бо ягадаў жа многа! :-)

Важнае адрозьненьне беларускае мовы ад расейскае: называем ягады ў pluralia (як правіла). Люблю ажыны, ураджай парэчак. Маліны — зборны назоў: пайшлі ў маліны, набралі малінаў. А маліна — адна ягада, культура (кусты), таксама сочыва ці канфітуры: напаілі гарачай малінай). Але назвы ягадаў агрэст, шыпшына, бружмéль — толькі ў адзіночным ліку.

Ёсьць і асобныя словы для аднае ягадзіны. Пётра Садоўскі кажа пра ролю Рыгора Барадуліна ў іх пашырэньні:

„Барадулін, паўночнаўсходнік, значна паўплываў на тое, каб у літаратурнай мове пачаў замацоўвацца маркер адзінкавасьці праз фармант „-ін“: саламіна, ягадзіна, чарнічына, саліна (драбок солі)“.

Праўда, такія ўтварэньні ведаюць і ў іншых рэгіёнах: трускаўчына на Заходнім Палесьсі.

Ніцыя сунíцы

Слова суніцы агульнаславянскае. Звычайна лічаць, што яны су-ніцы, бо нікнуць да зямлі, ніцыя. Або сунуцца па зямлі вусікамі. Іншыя беларускія народныя назвы — пазёмкі/паземкі, зразумела чаму.

Адна ягада — сунічына ці суніца.

Суніцы ў лесе. Беларусь, 18 чэрвеня 2011
Суніцы ў лесе. Беларусь, 18 чэрвеня 2011

Біялягічна суніцы і трускаўкі аднаго роду. У многіх мовах, напрыклад у ангельскай — strawberries — і называюцца аднолькава.

Раней у нас, як і ўва ўсёй Эўропе, ня ведалі вялікіх суніцаў і вырошчвалі толькі лясныя. Але ў пачатку XVIII стагодзьдзя францускі вайсковы інжынэр Амэдзе Фрэзье прывёз чылійскія суніцы, іх скрыжавалі зь віргінскімі — і так завяліся цяперашнія вялікія садовыя ягады. У беларускай і суседніх мовах для іх замацаваліся асобныя назвы (у побыце, не ў батаніцы!).

Трушчым трускáўкі

У афіцыйным слоўніку толькі клубніцы і трускáлкі. Але трускáўкі ня менш шырока ўжываюцца.

Слова truskawki ёсьць у польскай. І ўсё ж нашыя трускаўкі не зь яе. Падобныя назвы і ў чэскай, і ў славацкай, славенскай, сэрбскай, ва ўкраінскіх гаворках (кажуць, што імя знакамітага курорту Трускавець ад трýскавка, але літаратурнае ўкраінскае слова полуниця).

У беларускіх гаворках трускаўкі ідуць шырокай паласой ад Століна праз цэнтар на поўнач, аж да Чашнікаў на Віцебшчыне. Прычым на Горадзеншчыне, дзе, здавалася б, уплыў польскай мовы мацнейшы, кажуць і трýскаўкі— „няпольскі“ націск сьведчыць, што слова ўласнабеларускае.

Формы траскáўкі / траскáлкі (Ашмяна, Браслаў) падказваюць: слова ад гукаперайманьня, калі ягады трашчаць на зубах або іх весела трушчаць дзеці. (Пагатоў біёлягі скажуць, што гэты плод не клясычная ягада, а так званы „шматарэшак“ — толькі не пытайце мяне, што гэта такое).

На Случчыне і ўсходнім Палесьсі трускáлкі (Случчына, Мазыршчына), маем клубніцы (Гомельшчына) і нават клубнíк (адзіночнага ліку! Гэта Полаччына).

Словам „клубничка“ называюць нешта эратычна-саромнае толькі па-расейску. Увёў гэтае слова Мікалай Гогаль вуснамі пэрсанажа раману „Мёртвыя душы“. У беларускай мове словы трускаўкі або клубніцы такога значэньня не набылі. Мо форма множнага ліку не дае. Зьміцер Бартосік высьвятляе народныя назвы трускавак на Камароўцы і заадно разважае пра шматзначнасьць расейскага слова:

Дураць не дурнíцы, п’яняць не п’янíцы

Кусьцікі Vaccinium uliginosum сямейства верасовых растуць у балоцістых мясьцінах побач з багуном, ад паху якога баліць галава. Эфэкт (несправядліва!) прыпісвалі ягадам, адсюль абедзьве асноўныя іх беларускія назвы дурнíцы і буякí. Сярод дыялектных назваў з той жа матывацыяй галаваболь, п’янíцы (ёсьць і іншыя: лахачы, ганабобель). Варыянт буйнíцы можа быць ад кораня буйны́ — бо ягады большыя за чарніцы.

Буякі і дурніцы раўнапраўныя ў літаратурнай мове. У гаворках яны займаюць прыблізна аднолькавую тэрыторыю, прычым дурніцы — больш цэнтар, а буякі — больш паўднёвы ўсход (ад Горадні праз Слуцак да Клімавічаў), аднак і тыя і тыя ахопліваюць сярэднебеларускія гаворкі, аснову літаратурнай мовы. П’янíцы на Полаччыне, лахачы на Заходнім Палесьсі.

Назвы буякоў. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак, т. 1. Менск, 1993
Назвы буякоў. Лексічны атлас беларускіх народных гаворак, т. 1. Менск, 1993

Парэчкі — не смуродзіна

У народнай традыцыі парэчкамі завуць менавіта чырвоныя ягады Ribes rubrum. Прыметнік колеру для іх не патрэбны (хіба што для белых парэчак — гэта альбінос таго ж віду).

А чорныя ягады Ribes nigrum па ўсёй Беларусі завуцца пераважна смуродзіна(-ы), а таксама смуроды, смарода і г.д. Корань смурод-/смарод- калісьці азначаў ня брыдкі, а проста моцны пах. Можна сустрэць і чорныя парэчкі, але рэдка. То бо настойка парачкоўка хутчэй за ўсё будзе чырвоная.

Смуродзіна. Беларусь
Смуродзіна. Беларусь

Агрэст — ня кіслае віно! (І зусім не вінаград)

Блізкі родзіч парэчак. Яго назва — адна зь нямногіх у форме толькі адзіночнага ліку. Слова было ўжо ў старабеларускай мове. Паходзіць ад італ. agresto — кіслае віно зь недасьпелага вінаграду, а лацінскае agresta і значыць ‘зялёны вінаград’. У беларускіх гаворках слова з абодвума націскамі; націск на другі склад сьведчыць, што пазычыць маглі і ня з польскай мовы.

З журавін зрабіў карáлі, журавы мяне карáлі

У вядомай запаміналцы Сяргей Грахоўскі ня толькі гуляе амаформамі (назоўнік карáлі — пацеркі на шыю, дзеяслоў карáліад караць). Ён правамоцна аб’яднаў у мікрасюжэт ягады журавіны і птушак журавоў. Ягада з тых самых балотных імшараў, дзе водзіцца птушка.

Балоты для нас родная стыхія (як, напрыклад, і для эстонцаў). То і журавіны ў беларускай мове слова вобразнае і станоўчае. Здаецца, Фёдар Янкоўскі першы заўважыў кантраст беларускай журавіначкі і расейскай клюквы ў фразэмах: па-расейску выраз „вот так клюква!“ азначае расчараваньне, а беларускі зварот „Ах ты мая журавіначка!—захапленьне і замілаваньне.

Можна ўявіць і канфлікт сьветаўспрыманьняў: беларускі хлопец бачыць у гугле пераклад „журавіначкі“ на расейскую, называе сымпатычную яму расейскую дзяўчыну „клюковкой“ — і дастае поўху.

Паэтычная гарбата з паэтычнае шыпшы́ны

Ягады шыпшыны. Браслаўскі раён, 2018 год
Ягады шыпшыны. Браслаўскі раён, 2018 год

Дзікія ружы па-беларуску завуцца шыпшына. Назва ад шыпоў: магчыма, у праславянскай мове куст звалі „шыпчынаю“.

У. Дубоўка М. Куліковіч (Шчаглоў). О Беларусь, мая шыпшына! Вольны хор, 2021

Але, нягледзячы на калючы падтэкст, слова трымала замацавалася ў беларускім паэтычным каноне: „О Беларусь, мая шыпшына!“ ў Дубоўкі, Калi знойдзеш шыпы — знойдзеш кветкi шыпшыны ў вершы Сержука Сокалава-Воюша пра беларускую мову. ​

Паэты маюць на ўвазе толькі кветкі. Пра ягады шыпшыны пішуць празаікі ды расказваюць майстры запарваньня традыцыйнае гарбаты на зёлках.

Ягадзіна і ягадзіца

Словам ягадзіца па-беларуску яшчэ ў першай палове ХХ стагодзьдзя называлі адну ягаду, ягадзіну. Колішні маладняковец Уладзімер Глыбінны піша: „Дзе-хто і спакусіўся быў тым плодам, употай ад іншых разжоўваў ціхама салодкія ягадзіцы“. Відавочна, словам ягадзіцы пачалі называць частку цела пазьней, пад уплывам расейскае мовы.

Укладальнікі анатамічнае тэрміналёгіі Інстытуту беларускае культуры для лацінскага Nаtеs далі беларускія адпаведнікі крумя́нкi і гáлы. Першае ці то ад прыметніка крамяны, ці то германізм (die Krume ‘мякіш’). А вось слова гáлы больш пашыранае, яго запісаў яшчэ Насовіч, таго ж кораня гáлка ‘нешта круглае; мячык’.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG