Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: назвы рухаў. Крочыць, шыбаваць, куляцца. ВІДЭА


Мова са Свабодай. Назвы рухаў (кадар відэа)
Мова са Свабодай. Назвы рухаў (кадар відэа)

(па-расейску па-беларуску)

  • двигаться рýхацца
  • двинутьсярýшыць
  • шагать крочыць (але шагнуть зрабіць крок)
  • бежать бéгчы
  • прыгать скакáць
  • маршировать маршавáць (так і было ў слоўніках для беларускага войска)
  • на цыпочках на ды́бачках
  • кувыркаться куля́цца
  • качаться (на качелях) — гýшкацца (на арэлях)
  • Заклік ісьці разам: Хадзéм!

Рух, рушыць ‘пачаць хаду, бег’ — у беларускай мове станоўчае слова, адрозна ад расейскага рушить. Рух — ня толькі перамяшчэньне, але і разьвіцьцё, і грамадзкае памкненьне да лепшага.

МІжмоўныя паронімы: беларускае „рушыць“ і расейскае „рушить“
МІжмоўныя паронімы: беларускае „рушыць“ і расейскае „рушить“

Слова „крокнуць“ няма

У сваёй інтэрпрэтацыі Yellow Submarine раньні Андрэй Хадановіч спрабаваў іранізаваць зь бел-чырвона-белага патрыятызму:

Бел-чырвона-белы трактар-патрыёт,
Трактар-патрыёт,
Трактар-патрыёт
Разам з намі крочыць у паход,
Крочыць у паход,
Крочыць у паход.


Аўтар словаў сьпявае разам з навучэнцамі Беларускага гуманітарнага ліцэю

Тут слова крочыць для камічнага эфэкту, бо яно нярэдкі атрыбут савецкіх прапагандысцкіх тэкстаў. Больш натуральнае — ісьці. І маем сынонімы на кожны рытм кроку:

ступаць;
павольна цягнуцца, брысьці, тупаць, сунуцца, цялёпкацца, клыпаць;
хуткашыбаваць, часаць;
вялікімі крокаміджгаць, чухаць;
спакойна шпацыраваць

А вось закончанага трываньня ад дзеяслова крочыць няма: рас. шагнуть бел. зрабіць крок. Але: перешагнутьпераступіць.

Крокам руш! — каманда, зь якой пачынаецца рух войска.

Бягухі, куды бежыцé?

У 2-й асобе множнага ліку дзеяслоў бегчы правільна гучыць так: вы бежыцé бежыцё).

Беларуская бягуха Аліна Талай
Беларуская бягуха Аліна Талай

Скачкí і скокі

Скачкі з шостам. Матч „Эўропа vs ЗША“. Менск, 10 верасьня 2019
Скачкі з шостам. Матч „Эўропа vs ЗША“. Менск, 10 верасьня 2019

Віды лёгкай атлетыкі — скачкí ў даўжыню, у вышыню. Расейскаму прыг-скок у казках прыблізна адпавядае бел. скок-паскок.

Але дзеяслоў скакáць яшчэ ж азначае і ‘танчыць, танцаваць’, адпаведна скокі гэта ‘танцы’. Больш-менш адпавядаюць расейскім плясать, пляски:

рас. пуститься в пляс — бел. у скокі пайсьці.

Расейскае скáчки (спаборніцтвы коней) па-беларуску бегавíшча (так называецца і арэна) або вы́перадкі.

Яшчэ дзеяслоў руху — гойсаць гайсáць; па-расейску ‘бегать, скакать, резвиться’), адсюль назва беларускага спартовага аб’яднаньня скаўтаў Гайсак у міжваеннай Вільні (урэшце забароненага польскімі ўладамі).

„Марш жуаваў“ па-беларуску

Слова марш маем з XVI стагодзьдзя ў значэньні ‘паход, паходны крок’ (зь нямецкага Marsch ці францускага marche). Вось жа дваровыя маршы — працяг даўняй традыцыі.

Але дзеяслоў маршаваць зьявіўся толькі ў ХХ стагодзьдзі. Так і ў першых вайсковых слоўніках.

Марш БЗВ у гонар 75-годзьдзя Незалежнасьці БНР. Менск, 21 сакавіка 1993 г.
Марш БЗВ у гонар 75-годзьдзя Незалежнасьці БНР. Менск, 21 сакавіка 1993 г.

Дзеля ўніфікацыі з расейскімі дзеясловамі на -ір- з 1937 году яго штучна памянялі на „маршыраваць“.

Другое значэньне слова марш — музычны жанр, які рытмам пасуе ўрачыстай хадзе. Славуты „Марш жуаваў“ (аддзелу сьмяротнікаў у паўстаньні 1863–64 гадоў) на верш Уладзімера Вольскага, музыку якога прыпісваюць нашым С. Манюшку ці Ф. Міладоўскаму, даўно перакладзены на беларускую і чакае ўрачыстага выкананьня.

Штых наш даўжэйшы разам з рукамі,
Пал нарастае ў напоры спорным,
Гэй жа — „ура!“ вам, воінам славы!
Крыж белы зьверху на сьцягу чорным!

Марш, марш, жуавы, на бой крывавы,
Сьвяты і правы, марш, жуавы, марш!

(Пераклад Васіля Сёмухі)

На ды́бачках. Не на кýкішках

Ёсьць і сынонім хадзіць на пальчыках.

Дыбачкі — ад ды́бы ‘доўгія ногі’. Ды́бамі называем і высокія шасты з прыступкамі для хаджэньня вялікімі крокамі (рас. ходули)

У расейскай мове слова дыба змрочнае, а ў нас дыбы нават пасуюць для мэтафарычнага апісаньня краявідаў:

Каля бору сонца ходзіць
На высокіх ценкіх
дыбах.
Чарадою цені водзіць
Па кустох — густых сядзібах
.
(Цішка Гартны)

Вулічны тэатар «Вір» падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру. Менск, 25 сакавіка 2018 году
Вулічны тэатар «Вір» падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР каля Опэрнага тэатру. Менск, 25 сакавіка 2018 году

Таго ж кораня ды́баць ісьці разьмерна і важна або нязграбна’ (ТСБМ). А яшчэ ды́ба — гэта прыслоўе (як?): поўсьць стае дыба (рас. шерсть встаёт дыбом). А конь становіцца на дыбкí.

На кýкішках — па-расейску на корточках. Ня ведаю, пра што прыказка „Зранку — на дыбачках, увечары — на кýкішках“. Мо пра стомленасьць за дзень? Маю сваё актуальнае тлумачэньне: зранку чалавек на дыбачках цягнецца да сонца, а к вечару яго пакуюць і адпраўляюць туды, дзе старажылы сядзяць на кукішках. Прычым не адрываючы пятак ад зямлі.

„Баба валіцца кульком“ — гэта не пра рэктара БДУКМ!

Гімнаст ці акрабат кульнуўся цераз галаву. Які назоўнік для гэтага практыкаваньня (рас. кувырок)? Слоўнікі спартовых тэрмінаў падказваюць: кулёк.

Яно вынікае з прыслоўя кулём, кульком (падаць, ляцець). У Насовіча кýлем азначала ‘стремглав, вниз головою’. У апавяданьні Леапольда Родзевіча „жонка кульком кінулася зь печы“. І, вядома, працытуем папулярную ў паўночна-заходняй Беларусі жартоўную песьню “Пайшла цешча к зяцю ў госьці” (аўтарства ці апрацоўку верша прыпісваюць Багушэвічу).

Сьпявае Т. Харэўка 1924 г. н., в. Кузьмічы Вялейскага раёну. Я быў запісаў блізкую вэрсію ў в. Латыгаль таго ж раёну ў 1981 годзе. Сьведчу: песьню любяць.

Удзячны зяць запрог цешчу ў барану, аж урэшце пашкадаваў яе:

Выпраг зяць цешчу з бараны —
Баба валіцца кульком
,
Чэраз поле между жыта
Вал
е к дзеду перуном.

Расейска-беларускі харэаграфічны слоўнік (пад. рэд. В. Цяцёркінай. — Менск: K.J., 2002
Расейска-беларускі харэаграфічны слоўнік (пад. рэд. В. Цяцёркінай. — Менск: K.J., 2002

Да акрабатычных фігураў блізкія харэаграфічныя рухі. Міжнароднаму тэрміну антрашá (фр. entrechat, „скок у танцы з шчоўканьнем ботамі або зь пераменай нагі“) Вацлаў Ластоўскі прапанаваў беларускі адпаведнік — дынамічнае народнае слова шчакаўзéнь. Ужо ў нашым стагодзьдзі харэограф Вольга Цяцёркіна назвала шчакаўзьнём піруэт.

Часам для добрага кулька ці шчакаўзьня патрэбны добры трамплін (слова італьянскага паходжаньня), які таксама мае сынонімы ў беларускіх гаворках: на Полаччыне гэта падгоп, сьведчыць Пётра Садоўскі.

Гýшкацца на арэлях ці „вздёрнуть на рели“?

І гушкацца, і сынонімы гайдацца/гойдацца — ад гукаперайманьняў і выклічнікаў. Але назва прылады, сынонім арэляў, толькі ад першага зь іх: гушкалка.

Кампазытарку Ларысу Сімаковіч на арэлях гушкаюць удзельнікі Беларускай Майстроўні. Гуканьне Вясны. Заслаўе, 1982 год
Кампазытарку Ларысу Сімаковіч на арэлях гушкаюць удзельнікі Беларускай Майстроўні. Гуканьне Вясны. Заслаўе, 1982 год

Слова арэлі, з паходжаньня ўсходнебеларускае, у сучаснай літаратурнай мове апярэджвае гушкалку. А ў суседняй расейскай мове аднакаранёвыя словы рели, арели азначаюць розныя канструкцыі са слупамі, напрыклад у Даля: „Вздернуть кого на рели — повесить (севернорусское)“. Вось жа палітыка імітацыі „геапалітычных арэляў“ паміж Захадам і Расеяй рызыкоўная.

Хадзем разам! Ці „пройдёмте“?

Чыста беларуская форма загаднага ладу 1-й асобы: зьвяртаемся да самых сябе, да „нас“. Расейскія складаныя формы идёмте, а то і характэрнае пройдёмте адрасуюцца ўмоўным “вам”, а „я“ суправаджу, будзьце пэўныя.

У перакладзе Міцкевічавага „Пана Тадэвуша“ Браніслаў Тарашкевіч шчодра паўкладаў такія формы ў вусны пэрсанажаў. Граф прапаноўвае свайму суперніку ў змаганьні за дзявочае сэрца Тадэвушу замест двубою высьветліць першынство ў вайне з чужынцам:

Пакінуўшы сэрцаў сваіх дарагія прадметы,
абодва хадзема на пікі, мячы і штылеты;
спаборымся сталасьцю міжы сабой і тугою,
а ворагаў нашых дасьцíгуйма мужнай рукою».

Да іншага чалавека зьвернемся: Хадзі сюды! У тым ліку для дзіцяці. Але ёсьць і асаблівы ласкавы зварот: Ходанькі да мяне!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG