Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрсанаж «Формы вады» Гіерма дэль Тора — «зь менскім акцэнтам»


Афіша фільму «Форма вады»
Афіша фільму «Форма вады»

У беларускі паказ 18 студзеня выйшаў амэрыканскі фільм мэксыканскага рэжысэра Гіерма дэль Тора «Форма вады» (The Shape of Water). Паводле сюжэту, у 1963 годзе ў сакрэтнай амэрыканскай лябараторыі дасьледуюць чалавека-амфібію, а нямая прыбіральніца спрабуе дапамагчы мутанту ўцячы.

Адзін з пэрсанажаў фільму — доктар Робэрт Нофстэтлер, які на самой справе савецкі шпіён Дзьмітры. У інтэрвію расейскаму «Кинопоиску» Гіерма дэль Тора расказаў, што ён разам з акторам Майклам Стулбаргам (вядомы ў асноўным ролямі другога пляну, але здымаўся ў «Прыбыцьці», «Доктары Стрэйнджы», «Лінкальне» ды іншых блокбастэрах) доўга працаваў над пэрсанажам, рэжысэр напісаў для актора цэлую біяграфію Дзьмітрыя.

«Ён быў уражаны, — кажа дэль Тора пра рэакцыю Стулбарга на пэрсанажа. — Ён хацеў размаўляць абавязкова зь менскім акцэнтам, бо ягоны герой менавіта адтуль родам. Ня ведаю, ці атрымалася ў яго, ці не, я расейскай ня вельмі валодаю».

На ўдакладненьне журналіста аб тым, што варта тады казаць пра беларускую мову, дэль Тора адказаў, што беларускай таксама ня вельмі добра валодае. На запрашэньне прыляцець у Менск ён адказаў, што абяцаць такога ня можа.

«Форма вады», паводле водгукаў крытыкаў, — адзін з найлепшых фільмаў дэль Тора. На Rotten Tomatoes яго пазытыўна ацанілі 92% крытыкаў (як колішні «Хрыбет д’ябла»), на IMDb ён мае 8 балаў. Вышэй з фільмаў, у якіх дэль Тора быў рэжысэрам, прадусарам ці сцэнарыстам, ацанілі толькі «Лябірынт фаўна» (95% і 8,2 балы). Блокбастэр дэль Тора «Ціхаакіянскі крэс» мае адпаведна 71% і 7 балаў.

«Форма вады» паказваецца ў звычайных кінатэатрах па-расейску, але паглядзець яе на ангельскай мове (і праверыць, ці чуваць «менскі акцэнт») можна ў сетцы кінатэатраў Silverscreen. Сэансаў па-беларуску не анансавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG