Лінкі ўнівэрсальнага доступу

„Брэша як лён чэша“ — пра каго гэта і што яго чакае? ВІДЭА


Манá, хлусьня, ілжа... А колькі сынонімаў для праўды?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:09 0:00

„Брэша як лён чэша“ — пра каго гэта?

Манá, хлусьня, ілжа... У нас шмат сынонімаў няпраўды. А беларуская праўда —​ толькі адна, як у заходняй традыцыі, ці іх шмат, як у расейскай?

Пра няпраўду і праўду ў беларускай мове распытайма менчукоў на вуліцы.

— Як вы разумееце вобразны выраз „Брэша як лён чэша“? Пра каго ён?

Хлусіць як вельмі ўмелы чалавек.
Ну правильно, лён надо чесать уметь... И он же такі брэшыць! Гладка, лёгка!

Дакладна. Брэша як лён чэша значыць ‘хлусіць умеючы, лёгка, гладка’.

Адна спадарыня нават успомніла той гладкі лён:

Вычэсвалі вот такой расчоскай, і ён быў гладзенькі, длінны, красівы. Патом пралі коўдры.

Ёсьць іншыя параўнаньні для таленавітай няпраўды:

брэша як клін чэша (абчэсвае сякерай ці долатам),
брэша як наняты,
а нават
брэша як цэп літоўскі

слаўны тутэйшы інструмэнт выдаваў рытмічны ды навязьлівы гук.

Якія сынонімы ў нас для няпраўды?

Ну как ещё… манітназывают, что-то такое...
Хлусьня, ілжэш… маніш…
Хлусьня?

Так, маем вялікі выбар:

Няпраўда. Манá. Падман. Хлусьня.

А яшчэ размоўныя: ілжа і асабліва пагардлівае брахня.

Яны трохі розьняцца адценьнем. Манá — увядзеньне ў аблуду, падпусканьне туману ў вочы. Мне здаецца, што часта слова манá пасуе так званым fake news — фальшывым навінам, якія выглядаюць як сапраўдныя. А брахня — хутчэй нахабная і яўная няпраўда.

Зрэшты, большасьць словаў амаль поўныя сынонімы. Але ўсім ім процістаіць адзін антонім — праўда. І ў эўрапейскіх мовах ён толькі адзін: па-лацінску veritas, па-ангельску truth, па-нямецку Wahrheit і г. д.

А Ўсход — паміж „правдой“ і „истиной“

У расейскай жа мове ёсьць і правда, і истина. Прычым тамтэйшыя філёзафы й багасловы іх адрозьніваюць. Маўляў, „правда“ — суб’ектыўная, „правд“ можа быць шмат, а „истина“ — абсалютная і толькі адна. Кажуць, што на іншыя мовы гэта няма як перакласьці. Незвычайная пара сынонімаў у расейскай мове — вынік моцнага ўплыву на яе царкоўнаславянскай (пачатна стараславянскай — мовы Кірылы і Мятода). Але ў паўднёваславянскіх мовах словы гэтыя не сынонімы: истина гэта veritas, а правда — ‘справядлівасьць’ і нават ‘закон’.

Міністэрства справядлівасьці (юстыцыі) Сэрбіі
Міністэрства справядлівасьці (юстыцыі) Сэрбіі

​У расейскай жа словы „правда“ і „истина“ то супадалі, то мяняліся значэньнямі, пакуль іх сьвядома не „разьвялі“.

А ці трэба „ісьціна“ Беларусі? Мо праўды досыць?

Слова „ісьціна“ было ў старабеларускім царкоўным ужытку — таксама пад уплывам мовы царкоўнаславянскай. Але ўжывалася ісьціна/ісьцізна і як чыста эканамічны тэрмін, азначала капітал без працэнтаў. У Беларусі царкоўнаславяншчына слабела, і слова „ісьціна“ абазначала праўду (ці нейкі яе від) усё радзей.

Зазірнем у перакладныя царкоўнаславянска-старабеларускія слоўнікі.

„Грамматіка словенска“ Лаўрэна Зізанія. Вільня, 1596
„Грамматіка словенска“ Лаўрэна Зізанія. Вільня, 1596

І Лаўрэн Зізані ў „Лексісе“ (Вільня, 1596), і Памва Бярында ў „Лексіконе Славеноросскім“ (Куцейна, 1653), і ананімны аўтар „Синонімы славеноросскай“ XVII ст. (адваротны слоўнік) пераклалі царкоўнаславянскае „истин(н)а“ як правда, „истинствую“ як правду мовлю.

Ужо ў новы час, у мове клясычнай „Нашай нівы“, слова „ісьціна“ амаль не ўжывалася. Хіба што ў палітычнай, а зусім не этнічнай характарыстыцы — „істінно русскіе люді“. У Сямімоўным слоўніку (Ляйпцыг, 1918) нямецкі прыметнік wahr = рас. истинный, бел. praŭdziwy, zapraŭdny. (Але ісьціна — адзін з адпаведнікаў рас. „истина“ ў слоўніках 1920-х і асноўны — пазьней.)

І расейскім выразам з „истиной“ у нас часьцей адпавядаюць народныя выразы з праўдай:

рас. „дойти до истины“ = бел. дайсьці праўды
рас. „говоря по истине“ = бел. праўду кажучы

Праўда тут і суб’ектыўная (бывае, што зьвязаная з справядлівасьцю), і аб’ектыўная. Традыцыйнае беларускае значэньне слова праўда інтэгральнае і бліжэйшае да заходняга.

Але пакінем філёзафам далейшае дасьледаваньне сувязі паміж нацыянальным мэнталітэтам і колькасьцю абазначэньняў праўды.

Брашы, брашы — набрэшасься

Для беларуса адыход ад праўды — цяжкі грэх:

Каб я да сьвету сонца ня бачыў, калі гэта няпраўда!
Каб мне Пярун гумно запаліў!

Пярун разьлічвае траекторыю
Пярун разьлічвае траекторыю

Маем розныя прыказкі. Пра часовы трыюмф няпраўды:

Хто хлусіць, той вып'е й закусіць, а хто праўду скажа, той так спаць ляжа — галодным, значыць.

Зь іншага боку — ёсьць спадзеў на перамогу праўды ў пэрспэктыве. Як вам народная мудрасьць Хлусьнёй багаты ня будзеш?

— Так! Хлусьня рана ці позна заўсёды выплывае на паверхню.Ты можаш схлусіць для кагосьці, а для сябе?..
Да. Если обманываешь, так не наживёшься на этом.
— Калі хлусіць цэлы час, я думаю, што гэта цяжка. Да дабра не прывядзе, хіба не.

Хлусіць цяжэй, чым казаць праўду. Беларускія прыказкі абяцаюць хлусу пакараньне :

Збрахні ня мруць, ды ўжо болей веры ня ймуць.
Праўду пахаваеш і сам зь ямы ня вылезеш.

А гэтая прыказка-папярэджаньне дык проста сцэнар фільму:

Брашы, брашы набрэшасься, прыйдзе ліха павесісься!

Шчасьце, Свабода, Праўда

Праўда — галоўнае слова ў Кастуся Каліноўскага. Разьвітальны верш „Марыська чарнаброва“:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.

Стрыт-арт у Берасьці: Кастусь Каліноўскі і «Мужыцкая праўда», 1 кастрычніка
Стрыт-арт у Берасьці: Кастусь Каліноўскі і «Мужыцкая праўда», 1 кастрычніка

А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся сьмела.
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасьці свабодна, —​

піша Каліноўскі, злучаючы ў адно шчасьце, свабоду і праўду — у шырокім, беларускім значэньні гэтага слова.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG