Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атрыманая ў Беларусі адукацыя — ня надта вялікая каштоўнасьць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У пошце апошніх дзён, як і ў папярэднія тыдні, па-ранейшаму сустракаюцца лісты, напісаныя пад уражаньнем ад нядаўняга загаду міністра адукацыі Радзькова, які дазволіў выключаць з навучальных установаў палітычна актыўных студэнтаў, што ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях. Ці запалохае гэта студэнтаў? Ці дасягнуць стваральнікі загаду сваёй мэты? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні ў сваім лісьце на “Свабоду” Антон Кузьмук з Баранавічаў:

“Калі міністар Радзькоў думае, што атрыманая ў Беларусі адукацыя — гэта надта вялікая каштоўнасьць, дык ён памыляецца. Тыя са студэнтаў, хто рэальна ацэньвае сытуацыю і пэрспэктывы, мараць вучыцца на Захадзе. А для гэтага ўдзел у апазыцыйных акцыях не перашкода, а якраз наадварот — можа пры выпадку нават дапамагчы. Увогуле ж, пасьля гэтага загаду студэнты пачнуць дзейнічаць хітрэй. Ужо сёньня па руках у студэнцкіх аўдыторыях ходзяць розныя “самвыдатаўскія” кнігі, газэты і часопісы. Ствараюцца нелегальныя палітычныя суполкі. Усё паводле правілаў падпольнай палітычнай барацьбы. Праўда, магчымасьці для кантактаваньня цяпер куды шырэйшыя, чым былі ў эпоху рэвалюцыянэраў-дэмакратаў 19 стагодзьдзя. Што могуць зрабіць ідэалягічныя наглядчыкі, калі ў студэнцкіх руках мабільныя тэлефоны і Інтэрнэт?”

Мабільныя тэлефоны, спадар Кузьмук, можна праслухоўваць, выхад у Інтэрнэт абмежаваць і кантраляваць (прынамсі, у студэнцкіх інтэрнатах і аўдыторыях). А перавод на вучобу за мяжу — дазваляць толькі ў выключных выпадках, са згоды ідэалягічных начальнікаў, палітычна правераным таварышам з актыву БРСМ. І гэта не гіпатэтычная пагроза, гэта ўжо сёньняшняя рэальнасьць у многіх навучальных установах.

Наш даўні слухач і сябар Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну паведаміў пра тое, што ў мясцовасьці, дзе ён жыве, стала немагчыма прымаць праграмы Польскага тэлебачаньня:

“3 чэрвеня, пераключыўшы ўвечары тэлевізар на 8-мы частотны канал, на якім у гэты час звычайна гляджу навіны Польскага тэлебачаньня, я быў шакаваны: са Слонімскага рэтрансьлятару пачаў працаваць перадатчык каналу СТВ. І, такім чынам, 1-я праграма Польскага тэлебачаньня зь Беластоку заглушана гэтым сыгналам. Мой радыётэхнічны досьвед такі: паводле міжнародных стандартаў тэлевяшчаньня, калі перадатчыкі працуюць на адным канале, то павінны разьмяшчацца на адлегласьці ня менш за 300 кілямэтраў. Ды й павінна быць узгадненьне зь Міжнародным саюзам электрасувязі, ці хоць з польскім бокам. Лічу, што 8-мы канал у Слоніме выбраны наўмысна, каб стварыць беларускім гледачам перашкоды ў прыёме польскіх праграмаў”.

Мікалай Волчык згадвае ў гэтай сувязі, як у 1960—1980-я гады савецкае тэлебачаньне спрабавала адцягнуць тэлегледачоў у заходніх вобласьцях ад Польскага тэлебачаньня, паказваючы пасьля асноўнага блёку праграмаў уначы фільмы “Для тых, хто ня сьпіць”. Прычым, ва Ўсходняй Беларусі гэтыя праграмы ўбачыць было немагчыма.

“З розных крыніцаў ведаю, — працягвае свой ліст Мікалай Волчык, — што ёсьць намер арганізаваць радыёвяшчаньне на Беларусь зь Літвы, Украіны і Польшчы. І гэта правільна. Настаў час і “Свабодзе” паставіць, напрыклад, у Польшчы перадатчык у FM-дыяпазоне ці на ультракароткіх хвалях. Да нас выдатна далятае сыгнал з гэтых дыяпазонаў. Вось толькі як хутка гэта можа быць зьдзейсьнена?”

Сапраўды, спадар Волчык, такія пляны існуюць. Многія эўрапейскія палітыкі ставяць перад Эўразьвязам пытаньне пра стварэньне радыёстанцыяў, і нават тэлеканалу, якія б вяшчалі на Беларусь з тэрыторыі сумежных дэмакратычных дзяржаў. Але ўсё гэта пакуль застаецца на ўзроўні намераў і праектаў. А тым часам магчымасьці грамадзянаў Беларусі глядзець замежнае тэлебачаньне звужаюцца. У шэрагу мясцовасьцяў перасталі рэтрансьляваць украінскія тэлеканалы. Усё больш зьмяншаецца прастора для расейскага тэлебачаньня: амаль не засталося маскоўскіх тэлеканалаў, праграмы якіх у Менску не перакройваліся б і не дапаўняліся мясцовай прадукцыяй. Цяпер вось, як сьведчыце вы, спадар Волчык, дайшла чарга і да Польскага тэлебачаньня. У многіх рэгіёнах Беларусі сёньня можна бачыць толькі беларускія дзяржаўныя тэлеканалы. І, відавочна, да наступных прэзыдэнцкіх выбараў гэтая тэндэнцыя будзе толькі пашырацца.

Ліст ад сям’і Цімеевых з Наваградку. Слухачы падрабязна апісваюць свае складаныя ўзаемадачыненьні зь мясцовымі чыноўнікамі і настаўнікамі.

“Жывём мы з мужам (хоць і ў разводзе) у адной кватэры ў Наваградку з чатырма дзецьмі. Старэйшая дачка вучыцца ў 9-й клясе сярэдняй школы №1, а малодшаму пакуль два гады. Старэйшую, спасылаючыся на тое, што яна перахварэла на жаўтуху, ледзь не сілком накіравалі ў Зэльву ў санаторый. Малодшыя засталіся дома, але мы стаміліся ад пастаянных наведваньняў сацыяльнага пэдагога. Калі дзіця захварэла і не пайшло ў школу — назаўтра чакай наведнікаў. Пастаянныя прыдзіркі то да аднаго, то да другога. А мы не жадаем жыць так, як камусьці хочацца. Вось, напрыклад, сёньня мы вырашылі, каб дзеці адпачылі ад школы. А 10-й гадзіне зьявіліся два настаўнікі са школы, інспэктар у справах непаўналетніх і яшчэ нейкі міліцыянт. Спаслаўшыся на нейкае рашэньне райвыканкаму (якое нам не паказалі), выклікалі хуткую дапамогу і даставілі мяне зь дзецьмі ў інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталю — каб дзеці прайшлі дзесяцідзённае абсьледаваньне для накіраваньня ў Наваградзкі прытулак”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” сям’я Цімеевых паведамляе пра тое, чым іхны лад жыцьця выклікаў такую пільную ўвагу з боку школы і райвыканкаму. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Дзеці пастаянна прыходзяць са школы нэрвовыя. Увесь час яны чуюць павучаньні і распытваньні. Асабліва стаміліся ад пытаньня: “Калі вашы бацькі ўладкуюцца на працу?” Па-першае, у мяне маленькае дзіця, і закон дазваляе мне не працаваць. Па-другое, муж толькі нядаўна ачуняў ад цяжкой хваробы, і мы яшчэ ня вырашылі, ці варта яму ўвогуле ўладкоўвацца на працу. Па-трэцяе, з працягнутай рукой мы не стаім, хоць і бывае вельмі-вельмі цяжка.

Да таго ж, наша сям’я мусульманская. Мой муж асэцін, я з Казахстану. Але, на жаль, з прычыны ўсіх гэтых войнаў і распадаў мы страцілі ўсе сваяцкія сувязі і цяпер ня маем амаль ніякай падтрымкі. Чамусьці сацыяльныя пэдагогі ды іншыя кантралёры лічаць, што нашы дзеці галадаюць. А нашы дзеці проста амаль не ядуць мяса ні ў якім выглядзе, лічаць гэта нясмачным. І ўвогуле, прадукты мы спажываем згодна з Кур’анам. Колькі ні б’емся — ня можам растлумачыць, што нашы дзеці ня могуць есьці тое, што нармальна іншым, бо яны — своеасаблівае выключэньне з правілаў. Мы стаміліся ад амаль штомесячных пагрозаў аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў. Не жадаем жыць так, як хочацца камусьці, не жадаем пастаянных уварваньняў у сям’ю з боку школы. Лічым гэта парушэньнем правоў чалавека”.

Муж і жонка Цімеевы з Наваградку таксама паведамілі, што маюць намер выехаць у іншую краіну, дзе паважаецца іхная рэлігія і не парушаюцца правы расейскамоўнага насельніцтва. І пытаюцца: ці маюць права сацыяльныя пэдагогі на ўсе гэтыя праверкі, наведваньні ды распытваньні.

Вы, спадарства Цімеевы, вядома, маеце права на тое, каб ніхто ня ўмешваўся ў ваша прыватнае жыцьцё, не наведваў без законных падставаў вашу кватэру. Але адначасова ў вас ёсьць і абавязак: вашы дзеці павінны быць накормлены, апрануты, абавязаны наведваць школу, атрымліваць своечасовую мэдычную дапамогу. Калі ў школы ёсьць падставы сумнявацца ў тым, што ўсё гэта вы ім забясьпечваеце, яна мае права і абавязана зьвярнуць увагу на вашых дзяцей і разабрацца ў сытуацыі. А такія падставы, відаць, ёсьць.

Сьцьвярджэньне пра тое, што аашы дзеці “ня могуць есьці тое, што нармальна іншым”, што яны “своеасаблівае выключэньне з правілаў”, выклікае, прынамсі, сур’ёзныя пытаньні. Так, Кур’ан не дазваляе спажываць сьвініну, але гэта ня значыць, што ён забараняе мяса ўвогуле. А калі дзеці выглядаюць галоднымі і недагледжанымі, калі яны часта хварэюць і ня ходзяць у школу, калі іх бацькі нідзе не працуюць, то якую выснову павінны зрабіць настаўнікі? І ў якую б заходнюю краіну вы, спадарства Цімеевы, ні выехалі — там да правоў дзяцей будуць падобныя (а найчасьцей нават і значна больш жорсткія ) патрабаваньні. Што да пазбаўленьня бацькоўскіх правоў і накіраваньня ў прытулак, то такое рашэньне можа прыняць толькі суд.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзіслаў Жыгалка, Мікалай Волін і Віктар Буто зь Менску, Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, Сьцяпан Кутузаў са Смаргоні, Вольга Маскалёва з Воршы і Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG