Гэтым разам узнагароду прысуджалі розным творцам па выніках 2025 году, паведамляе Беластоцкі асяродак культуры.
Прэмію прысуджалі ў 7 катэгорыях: фільм, сур’ёзная музыка, сцэна, лічбавая культура, візуальныя мастацтвы, кніга, папулярная музыка.
У катэгорыі «Папулярная музыка» ўзнагародзілі падляскі дуэт Sw@da & Niczos (Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук) — за ўяўленьне, арыгінальнасьць, уласны шлях да публікі, стварэньне сучаснай музычнай візіі, што чэрпае натхненьне з традыцыі.
Беластоцкі асяродак культуры павіншаваў творцаў, адзначыўшы, што ўзнагарода ёсьць доказам прызнаньня і матывацыяй для адвагі, пасьлядоўнай працы і выключнай якасьці ў творчасьці, якая натхняе, рухае і вызначае новыя кірункі творчай дзейнасьці.
Дуэт Sw@da & Niczos быў намінаваны на ўзнагароду за альбом «Indawoods». Музыкі перавялі традыцыйную падляскую гаворку і традыцыйныя сьпевы ў галіну сучаснага электроннага гуку, і ён захапіў польскіх крытыкаў. Музыка падляскага калектыву назвалі «пачуцьцёвым маніфэстам новай тоеснасьці», дзе няма месца «музэйнасьці», але ёсьць глыбокая павага да каранёў».
Paszporty Polityki прысуджаецца штотыднёвікам Polityka маладым творцам за выдатныя мастацкія дасягненьні, творчую сьмеласьць і рэальны ўплыў на сучасную культуру. Фінальны гала-канцэрт штогод зьбірае дзеячаў польскай мастацкай сцэны ў розныя яе праявах.
Летась у лютым Sw@da & Niczos удзельнічалі ў польскім нацыянальным адборы на «Эўравізію». Тады дуэт заняў 2-е месца ў глядацкай галасаванцы, саступіўшы вядомай польскай поп-сьпявачцы Юстыне Стэчкоўскай.
Салістка гурту Ніка Юрчук паходзіць з мястэчка Бельск Падляскі, што за 50 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Называе сябе «тутэйшай». У школе вучыла беларускую мову. Гаворку вывучыла ў фальклёрным калектыве падляскіх беларусаў «Жэмэрва», дзе сьпявала, грала, танцавала зь дзяцінства. Зь ім шмат разоў езьдзіла ў Беларусь — на Палесьсе, у фальклёрныя экспэдыцыі і на выступы. Ніка грае таксама ў беларуска-польскім традыцыйным калектыве «Гайда Банда».
Дзяўчына піша тэксты для дуэтуSw@da & Niczos, дзе зьмешвае розныя падляскія гаворкі і літаратурную беларускую мову. Дуэт супрацоўнічае зь беларускімі артыстамі, здымае разам зь імі кліпы. Многія строі для дуэту, у тым ліку тыя, у якіх яны выступалі ў польскім фінале Эўравізіі, стварыла рамесьніца родам зь Беларусі Вольга Этыка. Сьпявачка ня раз адзначала, што яны адчуваюць вялікую падтрымку фанаў зь Беларусі.
Падляшша — рэгіён на ўсходзе Польшчы. Гістарычна ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, потым у Карону Польскую, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай — у склад Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе гэтыя землі абвясьціла сваёй тэрыторыяй Беларуская Народная Рэспубліка. Пасьля Рыскай дамовы 1921 году Падляшша зноў перайшло да Польшчы. У 1939 годзе большая частка рэгіёну ўвайшла ў склад БССР. У 1945 годзе Сталін перадаў Падляшша Польшчы. Дзясяткі тысяч жыхароў рэгіёну вызнаюць сябе этнічнымі беларусамі.
Форум