Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўседа: Літва захоўвае цьвёрдую пазыцыю ў пытаньні транзыту беларускага калію


Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота

«Цьвёрдую пазыцыю Літвы» мае намер прадстаўляць прэзыдэнт гэтай краіны Гітанас Наўседа, калі Вільня сутыкнецца з ціскам, накіраваным на тое, каб аднавіўся транзыт беларускіх угнаеньняў.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаўся наконт гэтага ў інтэрвію інфармагенцтву BNS, апублікаваным 12 студзеня.

На пытаньне, ці магла б Літва ў выпадку ціску партнэраў аднавіць транзыт у абмен на павелічэньне ў краіне вайсковага кантынгенту ЗША або пры ўмове, што прыбытак наўпрост ішоў бы ў абаронны бюджэт, Наўседа адказаў, што не гатовы на гэта пайсьці.

«Для мяне каштоўнасная палітыка — не пустое паняцьце і не пустое слова. Таму гандляваць каштоўнасьцямі — для мяне абсалютна непрымальна», — падкрэсьліў кіраўнік літоўскай дзяржавы.

Паводле яго слоў, любыя развагі аб тым, што Вільня магла б «нешта прадаць у абмен на больш гнуткую пазыцыю па пытаньні беларускіх угнаеньняў, зьяўляюцца прынцыпова непрымальнымі». Наўседа падкрэсьліў, што такая палітыка і Эўрапейскага зьвязу.

Літоўскі прэзыдэнт назваў сябе «адным з самых актыўных прыхільнікаў санкцыянаваньня беларускіх угнаеньняў ва ўсіх фарматах — у Эўрапейскай радзе і ў іншых месцах».

«Цяпер я якраз абмяркоўваю гэта з кіраўнікамі суседніх краін — і з прэм’ер-міністрам Польшчы, і з прэмʼер-міністрам Латвіі. Учора мы гаварылі аб гэтым з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам. Я спытаўся ў яго меркаваньне і аб тым, як падзеі могуць разьвівацца далей. У любым выпадку пазыцыя Літвы застаецца вельмі цьвёрдай.

Мэрц, паводле яго слоў, разумее пазыцыю Літвы і мэтазгоднасьць санкцый, якія прымяняюцца ў дачыненьні да Беларусі, а таксама «заўсёды іх падтрымліваў».

Наўседа выказаў надзею, што падчас размоваў з партнэрамі «ўдасца сфарміраваць вельмі моцную кааліцыю, якая скажа экспарту беларускіх угнаеньняў праз літоўскія парты дакладнае «не».

Літва забараніла транзыт беларускіх угнаеньняў у пачатку 2022 года, абапіраючыся на санкцыі ЗША, паколькі ЭЗ увёў адпаведныя абмежаваньні пазьней.

13 сьнежня пасьля перамоваў у Менску спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязьні. Амэрыканскі дыплямат заявіў, што ЗША па ўказаньні прэзыдэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаеньняў.

15 сьнежня Ўпраўленьне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзеньне апэрацый з ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК).

Наўседа 30 сьнежня абверг інфармацыю аб тым, што ЗША пасьля зьняцьця сваіх санкцый з беларускіх калійных угнаеньняў аказвае ціск на Літву, каб заахвоціць яе дазволіць транзыт гэтай прадукцыі з наступнай адгрузкай у порце Клайпеды.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG