Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва, Латвія і Польшча будуць трымацца разам у пытаньні транзыту беларускіх угнаеньняў


Гітанас Наўседа, архіўнае фота
Гітанас Наўседа, архіўнае фота

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 25 сьнежня.

Ён расказаў, што на нядаўніх форумах у Хэльсынкі і Брусэлі запытаўся ў кіраўнікоў Польшчы і Літвы, што было б, калі б ім прапанавалі экспартаваць беларускія ўгнаеньні празь іхныя парты, «ці сапраўды яны б прытрымліваліся такой жа жорсткай пазыцыі, як Літва».

«І адказ быў „так“», — сказаў кіраўнік літоўскай дзяржавы ў чацьвер у інтэрвію TV3 Žinios, перадае LRT.

Літва з 1 лютага 2022 году спыніла транзыт беларускіх калійных угнаеньняў пасьля таго, як ЗША ў 2021 годзе ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага іх вытворцы ў Беларусі — «Беларуськалія». Гэтыя санкцыі ўступілі ў сілу 8 сьнежня 2021 году. Пазьней санкцыі супраць беларускіх угнаеньняў увёў і ЭЗ.

Аднак нядаўна ў абмен на вызваленьне больш чым 100 палітвязьняў зь Беларусі ЗША часткова адмянілі санкцыі на ўгнаеньні.

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс раней заявіў, што калі ЗША здымуць санкцыі з экспарту калійных угнаеньняў зь Беларусі, гэта не закране Літву і Эўрапейскі зьвяз — санкцыі застануцца ў сіле.

Паводле Гітанаса Наўседы, ЗША, адмяняючы згаданыя санкцыі супраць Беларусі, вырашаюць іншыя задачы:

«Гэта дзяржава, якая знаходзіцца за Атлянтычным акіянам, і, без сумневу, у іх ёсьць свая геапалітычная стратэгія ў поглядзе на ўвесь сьвет, у рэшце рэшт — празь іхны памер.

Мы знаходзімся ў той частцы кантынэнта, якую можна назваць гарачай, дзе дзейнічаюць агрэсіўныя дзяржавы. І залагоджваньне агрэсіўных дзяржаў або ўкленчаньне перад імі значыць, што яны будуць лічыць цябе слабым і яшчэ больш уразьлівым. Магчыма, такія паводзіны толькі падсілкавалі б іхныя агрэсіўныя амбіцыі.

Таму мы прытрымліваемся той устаноўкі, якую я ня раз агучваў: палітыка каштоўнасьцяў — гэта самая дальнабачная палітыка».

Паводле ягоных слоў, Беларусь — краіна, якая зьяўляецца своеасаблівай парахавой бочкай, і «што яшчэ горш — гэтая парахавая бочка па сутнасьці належыць Расейскай Фэдэрацыі».

«Вось чаму вядзецца дыялёг, гэта нядаўна заўважыў і сам дыктатар, які сказаў, што мы размаўляем зь літоўцамі, але мы размаўляем на ніжэйшым узроўні, мы размаўляем па канкрэтных пытаньнях. Амэрыканская дапамога, вядома, таксама цэніцца, бо гэта наш вялікі саюзьнік, які мае шмат рычагоў уплыву на Беларусь, і, як мы бачым, ну, прынамсі, на дадзены момант гэта дае пэўныя вынікі», — заявіў прэзыдэнт Літвы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG