Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезьдзіў, як цар пад Рыгу


Сяргей Панізьнік, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Калі сусед сабраўся быў у дарогу, а вярнуўся напуста, бацька мой пацьвельваўся: “Зьезьдзіў, як цар пад Рыгу”. Бо марнай была паездка – на ўзьвей вецер. Сяк зьезьдзіў, ні за хны збродзіў боты. Цару пад Рыгай было ня так, як швэду пад Палтавай, але ж зацягнула яго на чортавы віры, на нож наляцеў.

Цару не пашэнціла. А гэта – Івану Жахліваму, як я потым высьветліў. Прымаўка ўзьнікла на гістарычнай Дзісеншчыне амаль чатыры з паловай стагодзьдзі назад. Іван Жахлівы распачаў Лівонскую вайну, але першы наступ на Рыгу ня ўдаўся маскоўскім ваяводам. Цар пахадзіў ля лому і назад дадому. “Все кузни исходил, да не кован воротился” з-пад вокнаў у Эўропу. Таму з такой сымпатыяй да Рыгі й згадваецца ў прымаўцы горад спрадвечных нашых суседзяў, “сумленных і мілых”, як напісана пра мяшчанаў места рыскага ў Полацкай грамаце 1465 году.

І ў новым часе, калі з пустой надзеяй вязуць залаты трактар пад Сахару, калі падпісваюцца марныя дамовы з заморскімі тронамі, калі чыноўнік вяртаецца ад парогу нашчадка Івана Жахлівага “не солоно хлебавши”, крывіцкі летапіс фіксуе: зьезьдзіў, як цар пад Рыгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG