Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ёрш: “Двойчы ў Белавескай пушчы рабіўся замах на Хрушчова”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 29 кастрычніка)

У Львове нядаўна пабачыла сьвет кніга “Беларускі супраціў” — пра антысавецкае падпольле на тэрыторыі Беларусі ў 1930 — 1950 гады. Наклад кнігі 1000 асобнікаў, аб’ём — 382 старонкі. Гісторыкі Сяргей Ёрш і Сяржук Горбік упершыню сыстэматызавалі тагачасныя падзеі, у кнізе зьмешчаныя ўнікальныя ілюстрацыі, а таксама біяграмы ўдзельнікаў супраціву.



Пра кнігу, якой наканавана стаць бэстсэлерам, расказвае адзін з аўтараў — Сяргей Ёрш.

(Скобла: ) “Сяргей, як прынята лічыць, пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны ў Беларусі нарэшце ўсталяваліся доўгачаканыя мір і спакой, і рэспубліка ў арэоле савецка-партызанскай славы пачала аднаўляцца з руінаў. Вы ж пішаце, што для многіх беларусаў вайна ў 1945 годзе не закончылася. Што ж гэта была за вайна пасьля вайны?”

(Ёрш: ) “Гэта была вельмі доўгая вайна, якая працягвалася больш за дзесяць гадоў. У ёй удзельнічалі самыя розныя сілы — і польскі, і ўкраінскі і, вядома ж, беларускі супраціў. Статыстыка сьведчыць, што на студзень 1945 году на нелегальным становішчы ў Беларусі знаходзілася каля 117 000 чалавек. Гэта былі мужчыны прызыўнога веку, якія не хацелі ісьці служыць у Савецкую армію, альбо проста хаваліся ад савецкіх уладаў, баючыся патрапіць пад рэпрэсіі. За тое, што працавалі ў нейкіх установах падчас нямецкай акупацыі, прыкладам, у беларускіх школах, альбо служылі ў Беларускай краёвай абароне. Такім чынам, былі людзі, якія хаваліся. Аднак, былі яшчэ й арганізацыі, якія мэтанакіравана арганізоўвалі антысавецкі супраціў. Былі створаныя падпольныя партызанскія структуры, якія яшчэ доўгія гады не давалі спакою савецкай уладзе на нашай зямлі”.

(Скобла: ) “Вы кажаце, паваенная антысавецкая партызанка ў Беларусі чынілася не стыхійна, не асобнымі групамі, а мела арганізаваны характар. Ці магчыма такое было пад носам ва ўздужэлай за вайну дзяржбясьпекі, калі ня тое што за дывэрсію, але нават за неасьцярожна сказанае слова людзі тут жа траплялі ў турму ці ў лягер?”

(Ёрш: ) “Яшчэ ў часы нямецкай акупацыі існавала і актыўна дзейнічала Беларуская незалежніцкая партыя, якую заснаваў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, закатаваны нацыстамі ў сьнежні 1942 году. БНП яшчэ пры немцах пачала ставараць нацыянальныя партызанскія аддзелы. Некаторыя з гэтых аддзелаў дзейнічалі да лета 1944 году, калі сюды прыйшла Савецкая армія, і працягвалі ваяваць і ў пазьнейшы час. Але самая моцная структура была створаная ў 1944 годзе — пазьней яна атрымала назву “Чорны кот”. Узначальваў яго маёр Міхал Вітушка”.

(Скобла: ) “Апрача “Чорнага ката”, якія ўзброеныя групы дзейнічалі ў Беларусі і хто імі кіраваў?”

(Ёрш: ) “У паваенны час існавалі некалькі аўтаномных арганізацый. Напрыклад, арганізацыя Вітаўта, якая з 1946 да 1947 году актыўна дзейнічала на тэрыторыі Віленшчыны і сумежных раёнаў. На Палесьсі дзейнічалі партызанскія атрады атамана Якуба Харэўскага, які пачаў партызаніць яшчэ ў 1920-я гады. Спачатку ён партызаніў супраць палякаў — да 1925 году, потым уцёк на тэрыторыю савецкай Беларусі, жыў у сваякоў пад Менскам. Калі пачаліся рэпрэсіі 1937 году, ён вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, быў на нелегальным становішчы. У 1939 годзе зноў удзельнічаў у антыпольскай партызанцы, потым зноў хаваўся ад савецкай улады… А ў 1941 годзе пачаў партызаніць супраць немцаў.



Цікавы момант: калі ўвосень 1944 году немцы закідалі ў Беларусь свае групы, беларускія і ўкраінскія, якія спрабавалі ўзрываць савецкія цягнікі, то Харэўскі гэтаму перашкаджаў. У яго была свая тактыка, ён лічыў, што да капітуляцыі Нямеччыны ён будзе саюзьнікам Савецкага Саюзу (хоць саветы пра гэта, напэўна, ня ведалі). А пасьля капітуляцыі Нямеччыны Харэўскі распачаў антысавецкую партызанскую барацьбу.

Я хацеў бы яшчэ адзначыць, што на Нясьвіжчыне і ў сумежных раёнах у 1945 — 1949 гадах дзейнічаў атрад Івана Раманчука. Гэта былы беларускі настаўнік, які ў 1944 годзе перайшоў на нелегальнае становішча. У 1949-м ён быў арыштаваны, адсядзеў 25 гадоў у савецкім лягеры. Потым вярнуўся ў Беларусь і яшчэ пасьпеў стварыць сям’ю”.

(Скобла: ) “Зь першых месяцаў вайны на Гарадзеншчыне дзейнічаў савецкі партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага (у ім, дарэчы, змагаўся будучы вядомы пісьменьнік Аляксей Карпюк). Але і ў антысавецкім руху былі аддзелы “каліноўшчыкаў”. Што яны зь сябе ўяўлялі?”

(Ёрш: ) “Атрады “каліноўшчыкаў” ствараліся пры ўдзеле Беларускай незалежніцкай партыі з 1944 году. Яны складаліся пераважна з маладзёвага крыла партыі. “Каліноўшчыкі” павінны былі дачакацца дэсантаў беларускага батальёну “Дальвіц” і ўжо тады разгортваць антысавецкую партызанку. “Каліноўшчыкі” дзейнічалі асобна ад “Чорнага ката”. Увогуле паваенны беларускі супраціў можна падзяліць на тры часткі. Гэта стыхійны рух, які ня меў агульнага цэнтру. Гэта партызанскі рух, які ўтварала Беларуская незалежніцкая партыя (у тым ліку “каліноўшчыкі” і беларускія дэсанты). І гэта ўжо згаданая арганізацыя “Чорны кот” Вітушкі”.

(Скобла: ) “Савецкая партызанка падчас вайны падтрымлівалася дэсантамі з Усходу, з гэтак званай Вялікай Зямлі. Антысавецкая — дэсантамі з Захаду. Колькі дэсантных групаў было высаджана ў Беларусі і зь якімі мэтамі?”

(Ёрш: ) “Дэсантных групаў было высаджана ў Беларусь па вайне як мінімум пяць. Напрыклад, хацеў бы згадаць першы дэсант 1949 году на Беласточчыну — дзеля падтрымкі антысавецкай партызанкі. У 1951 годзе дэсант быў скінуты ў раёне Мазыра — факт абсалютна невядомы. Дэсантнікі мусілі зьдзейсьніць дывэрсію на адным зь мясцовых прадпрыемстваў. Але гэтыя беларускія хлопцы адмовіліся ад дывэрсіі, адышлі ў бок Белавескай пушчы і далучыліся да атрадаў Вітушкі. Яшчэ адзін малавядомы дэсант быў высаджаны ў красавіку 1951 году на Заходняе Палесьсе. Кіраваў групай старэйшы лейтэнант Сымон Міхальчук. Гэтай групе была даручаная адмысловая місія.

Справа ў тым, што за паўтара году да гэтага саветы пераслалі на Захад свайго агента, які прэзэнтаваў сябе прадстаўніком падпольнай арганізацыі з Палесься. Каб праверыць, ці існуе насамрэч гэтая арганізацыя, туды быў скінуты атрад Міхальчука. Прычым, ён быў скінуты на тры дні раней сплянаванага тэрміну. І калі Міхальчук са сваімі хлопцамі падышлі да таго месца, дзе мусіў быць дэсант, то там ужо ішла падрыхтоўка — войскі МГБ наладжвалі ачапленьне. Міхальчук паслаў на Захад радыёграму. І ў адпаведны дзень да зямлі з амэрыканскага самалёта пайшлі парашуты, але былі яны з выбухоўкай, і некалькі афіцэраў МГБ загінулі. А атрад Міхальчука працягваў дзейнічаць у тым раёне яшчэ доўгі час. І толькі 28 сакавіка 1953 году, прыкрываючы адыход сваіх партызанаў з акружэньня, Міхальчук падарваў гранатай сябе і супрацоўнікаў МГБ, якія падышлі ў той момант да яго”.

(Скобла: ) “Вы неаднойчы згадалі імя Міхала Вітушкі. Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі” піша пра яго: “Вітушка жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі”. Якою была ягоная роля ў беларускім антысавецкім супраціве?”

(Ёрш: ) “Міхал Вітушка быў вельмі таленавітым вайскоўцам, разумным палітыкам, добрым арганізатарам. Ён здолеў стварыць, будзем казаць праўду — пры дапамозе нямецкіх спэцслужбаў — моцную арганізацыю, якая налічвала па розных зьвестках 3000 — 3500 чалавек. Гэтая арганізацыя была адзінай на ўсёй тэрыторыі СССР, якую не ўдалося разграміць МГБ. Яна праіснавала фактычна да 1959 году. Ніхто зь сяброў галоўнага штабу беларускага партызанскага руху, якім кіраваў Вітушка, ня быў забіты ці арыштаваны савецкімі органамім дзяржбясьпекі. Многія з гэтых людзей спакойна жылі і памерлі ці ў Польшчы ці на Захадзе. Усіх сваіх паплечнікаў Вітушка здолеў вывесьці за мяжу, хоць гэта зрабіць было вельмі няпроста”.

(Скобла: ) “У вашай кнізе я вычытаў сэнсацыйную навіну — яшчэ сёлета Вітушка быў жывы. Якія ў вас на гэта ёсьць доказы?”

(Ёрш: ) “Калі мы пачыналі мінулай восеньню пісаць кнігу “Беларускі супраціў”, то атрымалі інфармацыю, што Міхал Вітушка жыве, яму ідзе 99-ы год. Паведамленьне гэтае мы атрымлі ад вэтэранаў беларускага партызанскага руху, якія жывуць у Заходняй Нямеччыне. Яны паведамілі, што ў Вітушкі ёсьць сям’я, дзеці, унукі. Ён напісаў успаміны, якія пакуль не апублікаваныя. Не пра ўсё я цяпер магу распавесьці…. Прывяду адзін з доказаў таго, што Міхал Вітушка не загінуў, як пра тое неаднойчы афіцыйна паведамлялася. Пасьля вайны савецкія спэцслужбы спрабавалі дамагчыся ад Захаду выдачы “ваенных злачынцаў”, сярод якіх фігуравала і прозьвішча былога камандзіра “Чорнага ката”. У 1945 годзе на тэрыторыі Беларусі загінуў другі Вітушка — Мікалай. І савецкай дзяржбясьпецы было выгодна абвесьціць, што яны ліквідавалі няўлоўнага Міхала Вітушку. На вялікі жаль, кнігу “Беларускі супраціў” ён пабачыць не пасьпеў. 28 красавіка 2006 году Міхал Вітушка памёр у адным з альпійскіх пансіянатаў у Баварыі”.

(Скобла: ) “З тэлехронікі мне памятаецца паваенны партызанскі парад у Менску. Перад Домам Ураду праходзяць нястройныя шэрагі партызанаў, апранутых хто ў чым. А ці мелі нейкую ўніформу ўдзельнікі антысавецкай партызанкі?”

(Ёрш: ) “Калі гаварыць пра стыхійную партызанку, то ніякай формы яе ўдзельнікі, вядома ж, ня мелі. Калі ж да партызанкі далучаўся жаўнер Беларускай краёвай абароны, то ён працягваў насіць уніформу БКА. “Чорны кот” выкарыстоўваў савецкую альбо нямецкую дэсантную ўніформу. Цікава, якія звароты, па сьведчаньнях вэтэранаў, практыкаваліся паміж партызанамі: “Спадар камандзір!” альбо “Пан камандзір!”. Я таксама пацікавіўся ў былых партызанаў — якія песьні яны сьпявалі? Аказваецца — народныя, якія да вайны гучалі ў беларускіх вёсках. А партызаны з “Чорнага ката” мелі за свой афіцыйны гімн славутую “Пагоню”.

(Скобла: ) “І яшчэ адна паралель напрошваецца. Савецкія партызаны мелі свае лясныя друкарні, выпускалі самадзейныя газэты з назвамі накшталт “Партызанская дубінка”. Ці мелі свой друк партызаны, якія з савецкай уладай змагаліся?”

(Ёрш: ) “Безумоўна, такі друк быў. І найлепш друкарская справа была пастаўленая ў структурах Міхала Вітушкі. З 1945 году пачалі выходзіць падпольныя газэты, улёткі і брашуры. Галоўным выданьнем беларускага партызанскага руху была газэта “За волю”, рэдактарам якой выступаў сам Вітушка. Выходзілі таксама дзясяткі іншых выданьняў, прыгадаю, напрыклад, газэту “Душы бальшавіцкую гадзіну!”. Істотны момант: пераважная бальшыня партызанскіх выданьняў, выяўленая МГБ ў паваеннай Беларусі, выдавалася на беларускай мове. І тут хацелася б расказаць пра такі факт. У лістападзе 1947 году, уначы, невядомыя людзі напалі на друкарню ў горадзе Калінкавічы, захапілі беларускія шрыфты, іншае друкарскае начыньне і ўсё вывезьлі ў невядомым кірунку. Сьлед гэтых шрыфтоў быў потым заўважаны “спэцыялістамі” ў падпольных друках, якія зьявіліся па ўсёй Беларусі — і на Віцебшчыне, і на Магілёўшчыне, і на Гарадзеншчыне, і на Берасьцейшчыне”.

(Скобла: ) “Калінкавіцкая друкарня працягвала працаваць… Сяргей, яшчэ за часамі Расейскай імпэрыі ў Белавескай пушчы любілі папаляваць на дзікоў ды зуброў спачатку цары, а потым і генсекі КПСС. Але, паводле вашай кнігі, палявалі ня толькі яны, але і на іх?”

(Ёрш: ) “Сапраўды, у 1957 годзе ў Белавескую пушчу, акурат у знакамітую сёньня рэзыдэнцыю Віскулі, прыяжджаў Мікіта Хрушчоў. І Міхал Вітушка, які на той час ужо зварочваў сваю дзейнасьць, вырашыў правесьці апошнюю гучную апэрацыю па зьнішчэньні кіраўніка камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Спачатку плянавалася, што будуць задзейнічаныя дзьве ўзброеныя групы — адна прарвецца з тэрыторыі Польшчы, другая будзе дзейнічаць у самой пушчы. Аднак пасьля выведкі высьветлілася, што і рэзыдэнцыя, і сам Хрушчоў вельмі добра ахоўваюцца. Тады было вырашана наставіць некалькі мінаў па маршруце перасоўваньня Хрушчова, што й было зроблена. Аднак на мінах падарвалася другая машына, у якой ехалі маскоўскія генэралы і палкоўнікі... У 1962 годзе ў Белавескай пушчы быў чарговы замах на Хрушчова. У яго нехта страляў, але тыя вэтэраны, зь якімі мы кантактавалі, гаварылі, што да гэтага замаху яны ня мелі дачыненьня. Магчыма, паквітацца з Хрушчовым спрабаваў нехта з тых партызанаў, што заставаліся ў Беларусі. Але й на гэты раз замах прайшоў няўдала”.

(Скобла: ) “І да якога часу працягвалася антысавецкая партызанка? Калі яна канчаткова затухае?”

(Ёрш: ) “Партызанскія атрады Вітушкі змагаліся да пачатку 1950-х гадоў. Пазьней дзейнічала ўзброенае падпольле — ажно да 1959-га. Апошні партызанскі атрад, які ўваходзіў у арганізацыю “Чорны кот” і ваяваў супраць савецкай улады — атрад Аўгена Жыхара, які быў вядомы таксама як паэт. Ён дзейнічаў на Віцебшчыне. У 1959-м падпольная барацьба была спыненая, пераважная частка партызанаў перайшла заходнюю мяжу, але частка засталася ў Беларусі”.

(Скобла: ) “Мне неаднойчы даводзілася чуць, што паваенная антысавецкая партызанка напалову прыдуманая такімі гісторыкамі, як Сяргей Ёрш, Андрэй Блінец, Сяржук Горбік. Як вы лічыце, пасьля выхаду вашай кнігі расстаўленыя ўсе кропкі над “і”?”

(Ёрш: ) “Не, яшчэ ня ўсе кропкі над “і” расстаўленыя. Галоўная задача цяпер — шукаць і публікаваць дакумэнты. Дарэчы, большасьць дакумэнтаў па арганізацыі Вітушкі засакрэчаная ня толькі ў Беларусі ды Расеі, але і на Захадзе. І грыф сакрэтнасьці накладзены ажно да 2027 году. І ўсё ж, я спадзяюся, у найбліжэйшыя год-два зьявіцца цэлы зборнік дакумэнтаў, прысьвечаны беларускаму супраціву. А таксама пачнуць друкавацца кнігі ўспамінаў камандзіраў беларускага партызанскага руху, беларускіх падпольшчыкаў. І самае галоўнае — выйдуць мэмуары самога Міхала Вітушкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG