Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Краўцэвіч: “Жыцьцяпісы ўсіх вялікіх князёў выдадзім за дваццаць гадоў”


Міхась Скобла, Менск (эфір 26 лютага) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Сталічнае выдавецтва “Мастацкая літаратура” распачало выпуск гістарычнай сэрыі “Жыцьцяпісы вялікіх князёў літоўскіх”. Першай ластаўкай стаў жыцьцяпіс вялікага князя Міндаўга, створаны гісторыкам з Горадні Алесем Краўцэвічам, які расплянаваў выданьне сэрыі на дваццаць гадоў наперад. Нядаўна шыкоўны фаліянт “Міндаўг. Пачатак гаспадарства” быў прэзэнтаваны ў Доме літаратара.

(Міхась Скобла: ) “Алесь, віншую цябе з пачаткам добрай справы — з выданьнем кнігі пра Міндоўга. Дарэчы, чаму ў тваёй кнізе ён Міндаўг?”

(Алесь Краўцэвіч: ) “Пасьля нарадаў з прафэсійнымі мовазнаўцамі мы спыніліся на варыянце Міндаўг. Яшчэ ня ведаю, як у наступных кнігах будзем пісаць — Гедымін ці Гедзімін. Я не мовазнавец, а гісторык, таму абавязкова кансультуюся са спэцыялістамі. У кнізе Алеся Жлуткі “Дакумэнты Міндава”, як бачыце, Міндаў увогуле пішацца бяз “г”. Ну, мы вырашылі трымацца славянскага варыянту, які сустракаецца ў летапісах, пішам — Міндаўг”.

(Скобла: ) “Герой тваёй кнігі вялікі князь Міндаўг даволі непрывабны — ён жорсткі, ганарлівы, прагны да ўлады, малаадукаваны. Гістарычных герояў, звычайна, узьнімаюць на п’едэстал. Вунь расейцы Аляксандра Неўскага нават кананізавалі. Дык ці варта паказваць Міндаўга менавіта такім?”

(Краўцэвіч: ) “Жорсткі, паўдзікун — гэта толькі частка характарыстыкі асобы. У кнізе таксама напісана, што ён — вялікі чалавек, разумны, рашучы правадыр і палітык. Мая задача была — стварыць партрэт жывога чалавека, асобы, а ня глянцавы лубок, карцінку, якая будзе вісець на сьцяне, а ня яе ніхто ня гляне. Тут дарэчы будзе сказаць, што ў 19 стагодзьдзі пачаўся пэрыяд гістарыяграфічнай кананізацыі гістарычных дзеячаў, калі былі створаныя мёртвыя партрэты розных гістарычных асобаў. Я ж хацеў паказаць чалавека з усімі яго недахопамі і вартасьцямі. Мне здаецца, што такі партрэт мае большыя шанцы на выжываньне, чым малюнак, пафарбаваны ў ружовы колер”.

(Скобла: ) “Я ўсё разумею. Але не ўяўляю, як настаўнік гісторыі з тваёй кнігай прыходзіць на ўрок і чытае вучням: “Міндаўг больш ваяваў, чым кіраваў, ён ня быў абцяжараны цывілізаванасьцю, дзеля ўлады ён быў гатовы на ўсё”. Як вучням ставіцца да такога героя?”

(Краўцэвіч: ) “Дазволю сабе адно параўнаньне. Згадайце ўспаміны пра другую ўсясьветную вайну вэтэранаў, асабліва ўнутраных органаў: як мужна змагаліся ў тыле, на фронце, якія яны былі крыштальна сумленныя і г.д. І вазьміце аповесьці Васіля Быкава пра вайну. Дзе вартасьць, дзе больш праўды? Безумоўна, у аповесьцях Быкава. Мэмуары вэтэранаў паглядзелі і адкінулі, а быкаўскія творы жывуць. І людзі, пакаленьні, каторыя ня ведалі вайны, на іх вучацца. У кнізе — мая праўда пра Міндаўга. Я многа гадоў займаўся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, трапляліся дакумэнты, фразы ў летапісах, дзе даецца характарыстыка асобы Міндаўга, апісваюцца яго канкрэтныя ўчынкі. Напрыклад, як ён жонак чужых забіраў, забіваў сваіх сваякоў”.

(Скобла: ) “O tempore, o mores! І што, такія паводзіны былі для 13 стагодзьдзя характэрныя?”

(Краўцэвіч: ) “Так было. Людзі эпохі сярэднявечча — жорсткія, з культам фізычнай сілы. Чаму мы пра гэта павінны маўчаць? У маёй кнізе Міндаўг апісаны такім, якім я яго ведаю, гэта маё ўражаньне ад гэтага чалавека. У кагосьці яно можа быць іншым. Вось мы з табой маем агульных знаёмых, і — можам мець абсалютна розныя ўяўленьні пра іх. Я маю права на такую трактоўку Міндаўга, бо шмат часу аддаў вывучэньню яго асобы. Калі доўгі час працуеш у адным кірунку, чытаеш дакумэнты, параўноўваеш, то праз пэўны час узьнікае эфэкт асабістага знаёмства з гэтым чалавекам. Хоць дыялёгі пісаць я не асьмелюся. Да гэтага, мабыць, яшчэ не дарос. Каб пісаць чыста мастацкія рэчы, трэба гэтым жыць. А я ўсё ж навуковец, а не пісьменьнік. Аповесьць напісаць, як гэта, напрыклад, робіць Кастусь Тарасаў, у мяне пакуль не атрымаецца”.

(Скобла: ) “Кастусь Тарасаў, нагадаю, аўтар аповесьці “Апошняе каханьне князя Міндаўга”. Алесь, на прэзэнтацыі тваёй кнігі ў Доме літаратара табе закідалі, што ты наўмысна скараціў век Літве — як каралеўству. Каралеўствам яна ў цябе зьяўляецца з 1253 да 1260 году. Толькі сем гадоў. Іншыя ж гісторыкі кажуць пра тое, што і загінуў Міндаўг каралём, а адбылося гэта на тры гады пазьней. Вось што сказаў гісторык і мовазнавец Зьміцер Санько, галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналёгія”, дзе выйшла згаданая ўжо кніга “Дакумэнты Міндава”.

(Зьміцер Санько: ) “Я вітаю выданьне кнігі Алеся Краўцэвіча пра Міндаўга. Мінуў той час, калі нашу гісторыю для нас пісалі суседзі. Хацелася б, аднак, выказаць некалькі пажаданьняў аўтару. Лічыцца, што каралеўства Літва існавала ад моманту каранацыі Міндаўга да яго сьмерці. Сапраўды, Лівонскі ордэн прадстаўляў інтарэсы каталіцкай царквы ва Ўсходняй Эўропе. Але разрыў з ордэнам зусім не азначаў разрыву з Папам Рымскім, не азначаў таго, што Міндаўг перастаў быць каралём. Думаю, варта больш крытычна паставіцца і да зьвестак Галіцка-Валынскага летапісу, што Міндаўг прыняў хрысьціянства льсьціва, крывадушна. Ня будзем забывацца, што Галіцка-Валынскае княства варагавала з Наваградкам. Што ж яны яшчэ маглі пра яго напісаць? Вельмі важнае сьведчаньне ў гэтым пляне дае нам ліст Папы Клімэнта IV, які ён напісаў у 1268 годзе каралю Багеміі Атакару. Там паведамляецца пра Міндаўга як пра “слаўнай памяці караля, забітага паганцамі”. Калі б Міндаўг перакінуўся ў паганства, то, зразумела, Папа Рымскі ня мог бы пра яго так напісаць”.

(Краўцэвіч: ) “Дзякуй за пажаданьні спадару Саньку. Няма сумненьня, што Каралеўства Літва было эпізодам у гісторыі Вялікага Княства. У пэўны момант дзеля палітычных выгодаў, каб вывесьці зь ліку ворагаў Лівонскі ордэн, Міндаўг навязаў кантакты з Захадам, з Ватыканам, прыняў карону, далучыўся да шэрагу хрысьціянскіх валадароў. Усё гэта для таго, каб выбіць у Ордэну ідэалягічную падставу для нападу на Літву. Калі ж ордэн пацярпеў вельмі моцную паразу ў 1260 годзе, гэта стала Міндаўгу непатрэбна, ён забыўся на сваё каралеўства. Папа Рымскі, іншыя заходнія ўладары маглі называць Міндаўга каралём, але, па ўсёй верагоднасьці, ён сам сябе каралём не адчуваў. Пасьля 1260 году ён не надаваў вагі свайму каралеўскаму тытулу і сваёй прыналежнасьці да каталіцкага касьцёлу”.

(Скобла: ) “Пачакай, а што гэта азначае — не надаваў увагі каралеўскаму тытулу? Вось у тваёй кнізе вельмі яскрава паказаны абрад каранацыі, які адбыўся ў Наваградку. І раптам — “не надаваў увагі”?”

(Краўцэвіч: ) “Рэч у тым, што ў заходнеэўрапейскім сьвеце каранацыя нейкага князя падвышала ягоную ярархію ў сыстэме ўзаемаадносінаў паміж кіраўнікамі дзяржаваў. Адна справа — княства, другая — каралеўства. Міндаўг быў на самым краёчку заходнеэўрапейскай цывілізацыі. Ён сутыкнуўся з прадстаўніком гэтай цывілізацыі, Лівонскім ордэнам, трошкі пагуляў у яго гульні, а потым, пасьля паразы ордэну, яму стала не патрэбная гэтая ярархія.

Пазьней, у час Ягайлы, у 14 стагодзьдзі, калі сьвядома Вялікае Княства ўводзілася ў структуру эўрапейскай цывілізацыі, там усё было як належыць: каралеўская карона і г.д. І Вітаўт хацеў карону ўзяць на Літву, вельмі да гэтага імкнуўся. Не ўдалося, палякі перашкодзілі. Але, паўтару, гэта адбывалася тады, калі наша дзяржава ўвайшла ў Эўропу. Міндаўг да гэтага толькі набліжаўся. І каранаваўся ён выключна з прагматычных інтарэсаў, трэба было — ён гэта зрабіў. Ён круціўся ў сыстэме Русі, адносінаў постбізантыйскіх. Несумненна, Міндаўг называўся вялікім князем. І Ноўгарадзкі летапіс паведамляў, што літоўцы “забілі свайго вялікага князя Міндаўга”.

(Скобла: ) “Але ж у заходніх хроніках Міндаўга працягвалі называць каралём”.

(Краўцэвіч: ) “У заходніх хроніках лацінскім тэрмінам rex усе князі называліся. І князь ноўгарадзкі Аляксандар Неўскі — rex, і князь полацкі — rex, альбо magnus rex — вялікі кароль. Я спэцыяльна ў дакумэнтах шукаў: як Папа Рымскі называў Міндаўга перад каранацыяй? Дазваляю такога-та (ідзе імя і тытул) каранаваць на караля. Але і да каранацыі, і пасьля яе Міндаўг называецца rex”.

(Скобла: ) “Тваю кнігу прыемна ўзяць у рукі дзякуючы мастацкай аздобе Ўладзімера Лукашыка. Ён, дарэчы, уразіў прысутных на прэзэнтацыі сваёй дасьведчанасьцю ў гісторыі”.

(Краўцэвіч: ) “Валодзя Лукашык фактычна кнігу і зрабіў. Я толькі даў пачатак справе — напісаў тэкст. Гэта вялікая ўдача, што давялося зь ім спаткацца, больш за дзесяць гадоў я шукаў такога мастака. Ён дакладна ведае старажытныя рэчы, ён цэніць аўтэнтычнасьць. Хачу запэўніць слухачоў і чытачоў, што кожная рэч, выяўленая ў кнізе, ці то меч, ці то стрэмя, ці то астрога, ці то шлем — абсалютна аўтэнтычныя. Скажам, на вокладцы кнігі зьмешчаная выява ваярскага шлема. Гэта шлем 13 стагодзьдзя, знойдзены падчас раскопак на Слонімскім замку. Тэарэтычна нехта з дружыны Міндаўга мог яго насіць. Калі мастак дамаляваў нейкія дэталі, то яны дамаляваныя паводле навуковай рэканструкцыі. І адначасова малюнкі Лукашыка маюць высокую мастацкую вартасьць.

Вельмі рэдкае спалучэньне таленту мастака і павага да аўтэнтычнасьці сышліся ў Лукашыку. Можа быць, ён адзіны такі мастак у Беларусі. Мой тэкст — гэта ўсё ж суб’ектыўныя адчуваньні. Малюнкі Лукашыка — гэта аб’ектыўныя артэфакты, якія маюць месца ў прыродзе. Нават кожная шчарбінка на мечы — рэальная, якая ёсьць на раскапаным мечы. Лукашык прысутнічаў на ўсіх тэхналягічных працэсах, рабіў макет і стаяў пры друкарскай машыне, калі кніжка друкавалася”.

(Скобла: ) “Кніга выдадзеная на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-ангельску. А чаму, прыкладам, не па-літоўску? Усё ж зь літоўцамі мы ў адной дзяржаве жылі”.

(Краўцэвіч: ) “Выдаць на трох ці больш мовах складана тэхналягічна, гэта павялічвае кошты. Я прапаноўваў перакласьці кнігу на польскую мову, выдавецтва — на расейскую. Урэшце мы спыніліся на беларускай і ангельскай. Я спэцыяльна адмовіўся ад расейскай мовы, каб чытачоў прывучаць да чытаньня па-беларуску. Ангельская мова — гэта выхад па-за межы нашай краіны, а гэта нам даўно пара рабіць. Нашы суседзі літоўцы маюць два ангельскамоўныя гістарычныя часопісы — толькі дзеля прапаганды ў сьвеце свайго бачаньня гісторыі. А ў нас гістарычная навука, як і ўсё нацыянальнае, ствараецца па-партызанску. Мая кніга — гэта рэдкі выпадак, калі дзяржаўнае выдавецтва спрацавала, і спрацавала, сапраўды, вельмі якасна, на экспарт”.

(Скобла: ) “Ці трэба казаць, кім зьяўляецца Міндаўг для літоўцаў? Kunigas Mindaugas — гэта аснова іхнай гісторыі. Уявім сабе, што тваю кнігу ўсё ж прачыталі ў Вільні. Якая б была рэакцыя?”

(Краўцэвіч: ) “Ясна, якая рэакцыя, спрагназаваць няцяжка, — абурэньне. І я не сумняваюся, што кніга яшчэ выкліча незадавальненьне літоўскіх калегаў. Рэч у тым, што ў адрозьненьне ад літоўцаў, мы вельмі спакойна ставімся да полінацыянальнасьці нейкіх гістарычных дзеячаў. Хочуць яны, каб Міндаўг быў іхным — на здароўе! З паходжаньня ён усё ж такі — балт, невядома, ці літовец, але — балт. Але ж ня выкінеш Міндаўга і з гісторыі Беларусі! Ён будаваў дзяржаву, у якой нашы продкі замацаваліся як народ, дзе беларусы перажылі пэрыяд свайго росквіту. Таму мы спакойна ставімся да таго, што палякі прэтэндуюць выключна на свайго Касьцюшку, а літоўцы — на Міндаўга і на ўсіх астатніх вялікіх князёў літоўскіх. Наша задача – сказаць сваё слова, пераканаць суайчыньнікаў, што гэта наша гісторыя. Наш абавязак — вярнуць у калектыўную памяць беларусаў дзяржаву ВКЛ. У памяць, зь якой гэтую дзяржаву выскоблівалі ва ўсе часы расейскага панаваньня”.

(Скобла: ) “Кніга выйшла ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ці не было спробаў цэнзуры?”

(Краўцэвіч: ) “Абсалютна ніякіх спробаў не было. Выдавецтва падышло да майго тэксту далікатна і прафэсійна. Праўкі тычыліся толькі артаграфіі і стылістыкі. Там працуюць спэцыялісты высокай кваліфікацыі. Выдавецтва, безумоўна, мае вялікі патэнцыял. Яму б толькі дзяржаўных датацыяў паболей, як гэта робіцца ва ўсіх дзяржавах, і яно б увядомілася б на ўвесь сьвет”.

(Скобла: ) “Міндаўг. Пачатак гаспадарства” — першая кніга ў сэрыі “Жыцьцяпіс вялікіх князёў літоўскіх”. Да якой постаці мяркуецца давесьці сэрыю?”

(Краўцэвіч: ) “Да апошняй — да Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Жыцьцяпісы ўсіх вялікіх князёў мяркуем выдаць за дваццаць гадоў, калі выдаваць па кнізе ў год. Невядома, ці я адзін усё гэта асілю. Але калі распачалі, то, думаю, і закончым. Наступная кніга сэрыі заплянаваная на 2006 год, яна будзе называцца “Ад Войшалка да Віценя”. Гэта самы цьмяны пэрыяд гісторыі ВКЛ, калі кіравалі некалькі вялікіх князёў — Трайнята, які ўдзельнічаў у забойстве Міндаўга, Войшалк, Шварн Данілавіч, Трайдэн, потым невядома хто дзесяць гадоў кіраваў, урэшце — Пукувер і Віцень.

Я назваў шэсьць князёў. Шэсьць чалавек, але пра іх вельмі мала інфармацыі. Пра кожнага асобную кнігу напісаць ня ўдасца. Таму ў кнізе будуць кароткія нарысы пра кожнага, больш пра Войшалка, сына Міндаўга. Пра яго мы ведаем усё ж нямала. Ён пайшоў у манастыр, знайшоў дарогу да Бога, але пакідаў манастырскія сьцены, каб забіваць ворагаў. І летапіс падае, што “бесчисленное множество врагов избиша”. Што ж, і Войшалк — чалавек свайго часу. Спадзяюся, што сёлета другая кніга сэрыі выйдзе, а за ёй паступова і ўсе астатнія. Прынамсі, за намі з Уладзімерам Лукашыкам затрымкі ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG