Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускае замежжа": як Радыё Швэцыя загаварыла па-беларуску


Тацяна Поклад (pokladt@yahoo.co.uk) Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа” (эфір 6 лістапада).

Слухаць:

Частка першая



Частка другая



На пачатку лістападу беларуская праграма Радыё Швэцыі адзначае свой дзень нараджэньня. Гэтая праграма – частка грамадскага сэрвісу швэдзкага радыё і тэлебачаньня. Яе можна слухаць чатыры разы на тыдзень на кароткіх хвалях альбо ў інтэрнэце radiobelarus.se. Як усё пачыналася, чым адметны гэты беларускамоўны радыёэфір, хто і як там працуе?

Пачынальнікі ўзгадваюць, як нараджалася беларуская праграма Радыё Швэцыі. Знаёмцеся – Лана Радзівонава – першая супрацоўніца беларускай праграмы са Стагкольму:

“Пачыналася ўсё даволі рамантычна. Я была ў адпачынку з маёй сям''ёй. Мы плавалі на яхце ў Стагкольмскім архіпэлягу. І тут зазваніў мой мабільны тэлефон. На тым канцы дроту быў Дзьмітры Плакс, які прапанаваў мне пачаць працаваць для беларускай службы Швэдзкага радыё.

Было даволі цяжка паверыць, што гэта не жарт. І я з задавальненьнем прыйшла на радыё, мне вельмі спадабалася атмасфэра там і людзі, якія там працавалі ў іншых службах, – таму што на Радыё Швэцыя вельмі шмат праграмаў на розных мовах. І мне здалося, што гэта вельмі натуральна, што швэдзкае радыё можа пачаць размаўляць нават і на беларускай мове. Швэцыя мае даволі шмат кантактаў зь Беларусьсю, і праводзіць даволі актыўную палітыку па разьвіцьцю гэтых кантактаў у культуры, грамадзтве, эканоміцы і гэдак далей. І мне папросту стала цікава”.

Агульная мяжа

Беларускую праграму ініцыявала ня швэдзкае кіраўніцтва грамадзкага радыёвяшчаньня, а беларус, які там працаваў. І насамрэч спатрэбіліся гады, каб ініцыятыва беларуса была пачутая кіраўніцтвам і рэалізаваная. Дзьмітры Плакс, – той самы, чый званок быў такім сюрпрызам для Ланы, што спачатку падаўся нават жартам, – ініцыятар і стваральнік беларускай праграмы сам пачаў працаваць на Радыё Швэцыі ў 1999 годзе.

“Тады я працаваў як фрыланс для розных праграм, і ў тым ліку я трапіў у службу замежнага вяшчаньня швэдзкага нацыянальнага радыё – Радыё Швэцыі.

Я працаваў для рускай праграмы Радыё Швэцыі, і ад самага пачатку ў мяне ўзьнікла ідэя, што калі ёсьць руская – чаму б не зрабіць і беларускую?! І я тады з гэтай ідэяй у 1999 годзе трошкі пахадзіў па калідорах, але ніхто тады сур''ёзнай увагі на гэтую маю ідэю не зьвярнуў.

І вось гэта ўзяло пяць год, можна сказаць, – я час ад часу прыходзіў і казаў кіраўніцтву – а вось мабыць цяпер, мабыць сёньня, мабыць надыйшоў ужо час... А ў 2004 годзе, калі пашырыўся Эўразьвяз, я прыдумаў такую вельмі важную, як мне падалося, прычыну, каб зрабіць нарэшце беларускую службу: Эўразьвяз пашырыўся ў тым ліку і за кошт краін, якія мяжуюць зь Беларусьсю. У самім Эўразьвязе межаў няма. І таму атрымалася фармальна, – і практычна, – што 1 траўня 2004 году Швэцыя пачала межаваць зь Беларусьсю.

І вось зыходзячы з гэтай думкі, што ў нас цяпер ёсьць новая памежная дзяржава, якая вельмі важная для Швэцыі ў шматлікіх дачыненьнях, зьявілася падстава для канкрэтнай размовы з кіраўніцтвам тут.

І тады мне вельмі дапамаглі мае калегі з рускай рэдакцыі, якіх я ўжо добра ведаў. Вельмі дапамагла тагачасная рэдактарка рускай службы Вікторыя Рынкус – мы разам хадзілі па начальніках і тлумачылі, чым адрозьніваецца руская і беларуская мова і гэтак далей.

Потым, мне ўдалося далучыць швэдзкую грамадзкасьць, – тут ёсьць тыя, хто цікавяцца і Беларусьсю, і усім, што там адбываецца, – і яны пісалі лісты кіраўніцтву швэдзкага радыё... І нарэшце – атрымалася”.

Чатыры разы на тыдзень

Спачатку пазыўныя беларускай праграмы гучалі раз у два тыдні, а цяпер – чатыры разы на тыдзень: у суботы, нядзелі, панядзелкі і аўторкі ў 20.30 паводле менскага часу на частаце 6065 кілягерцаў у дыяпазоне 49 мэтраў.

У беларускай праграме швэдзкага радыё – два сталых супрацоўніка: Дзьмітры Плакс і Юлія Канавалава.

Апошнім часам менавіта голас Юліі Канавалавай слухачы чуюць, бадай, найчасьцей, у эфіры – яна ня толькі рыхтуе сюжэты, але і вядзе перадачы.

“Можна сказаць, што мы робім усё. Мы, прадусары, паводле тэрміналёгіі, прынятай у Швэцыі, – мы рыхтуем праграму ў эфір, мы і самі журналісты, мы і тэхнікі, таму што мы самі займаемся мантажом, мы самі працуем над нашай вэб-старонкай. У нас няма такога падзяленьня, як на звычайным радыё, – у нас увогуле ўсю працу выконвае два чалавекі, і два пазаштатных супрацоўнікі, якія часам рыхтуюць матэр''ялы. Усё, што вы чуеце – гэта ўсё мы. У нас няма такога падзяленьня, як можа на звычайным радыё. Мы ўдвох, і два пазаштатныя супрацоўнікі. Усё што вы чуеце – гэта ўсё мы”.

Для каго?

Стваральнік і сталы супрацоўнік беларускай праграмы Радыё Швэцыі Дзьмітры Плакс кажа, што пра сваіх слухачоў ён з калегамі ведае зь іх лістоў.

“Але і паводле лістоў цяжка меркаваць пра ўсю нашую аўдыторыю – пішуць найчасьцей людзі актыўныя і маладыя. Адмысловых такіх дасьледваньняў нашай аўдыторыі мы не праводзілі, з розных прычынаў. Паводле апошняга апытаньня, якое праводзіў НІСЭПІ, што базуецца ў Вільні, нас слухаюць прыкладна 140 тысяч чалавек у Беларусі – я так разумею, гэта тыя, хто слухае рэгулярна”.

А Юлія Канавалава распавяла, што лісты ў беларускую рэдакцыю Радыё Швэцыя прыходзяць ня толькі зь Беларусі, але й з іншых краін – Украіны, Літвы. Пішуць і па-беларуску, і па-расейску, і па-швэдзку.

Калі я тэлефанавала днямі ў Вільню да Сяржука Вітушкі – а ён ня проста актыўны слухач, але і сталы крытык і аглядальнік незалежнага беларускага радыёывяшчаньня, – дык вось Сяржук распавёў мне, што хаця звычайна слухае радыё на FM і на сярэдніх хвалях, ён заўважыў і беларускія перадачы са Швэцыі на кароткіх хвалях.

Вітушка: “Першае такое ўражаньне – можа быць, добра, што ў іх няма карэспандэнтаў у Беларусі. І таму яны так прагна накідваюцца на таго ж госьця-беларуса, які прыязджае ў Швэцыю, і робяць зь ім даволі вялікую гутарку на 15, а то і болей хвілін. Вось такія гутаркі мне вельмі спадабаліся. Такая клясычная журналістыка, нармальная, спакойная, гаворка з чалавекам. Гэтым мне падалося гэта радыё каштоўным.

Ну і, безумоўна, паўстае краіна. Вось цяпер, да прыкладу, яны робяць цікавы конкурс з нагоды юбілею славутай швэдзкай казачніцы Астрыд Ліндгрэн. І гэта вельмі міла – я сам чытаў яе, і мне аж закарцела нешта там таксама даслаць, паўдзельнічаць. І, безумоўна, гэтае радыё даносіць водар, гэтыя пахі, гэтыя весткі пра краіну”.

“Апранайцеся пацяплей”

Адзін са слухачоў Радыё Свабода напісаў нам: “У Швэцыі ў Стагкольме ёсьць беларускае радыё. Быў прыемна зьдзіўлены. Там працуе нашая дзяўчына Юлія Канавалава”.

А Юлія Канавалава расказала, як у выніку яе падарожжаў зьявілася сэрыя “Апранайцеся пацяплей” (http://www.sr.se/cgi-bin/International/programsidor/artikel.asp?ProgramID=2215&Artikel=1317779)

“Такая назва – таму што мы гэтым разам паехалі ў “край палярнага зьзяньня і паўночных аленяў", – на поўнач Швэцыі, за палярнае кола.

Мы былі ў двух гарадах – Хапаранда і Торнэа. Гэтыя два гарады на памежжы, швэдзкі і фінскі, настолькі сталі блізкія адзін аднаму, што яны перасталі як бы і існаваць як асобныя гарады.

Тое, што заўсёды хочацца паказаць – гэта такія дэталі, якія паказваюць на больш вялікія рэчы. Напрыклад, у іх адна школа – дзе вучацца разам дзеці ня проста з розных гарадоў, але з розных краінаў. Мы наведвалі цэнтар касьмічных палётаў, дзе рыхтуюцца да касьмічнага турызму...

Мне і самой было цікава паглядзець, і падарожжы такія надаюць натхненьня: ты сустракаесься з простымі людзьмі, і расказваеш і паказваеш Швэцыю ня проста як афіцыйную краіну з сухімі навінамі і фактамі, алк так, што з эфіру паўстае штодзённае жыцьцё чалавека”.

“Вось так жывуць тут простыя людзі...”

Беларуская праграма са Стагкольму – гэта і беларуска-швэдзкія тэмы – і гісторыя, і сучаснасьць, – і магчымасьці вучобы ў Швэцыі для беларусаў, і сустрэчы зь цікавымі людзьмі. Лана Радзівонава расказала, што яна цяпер прыходзіць на радыё, калі там патрэбныя дадатковыя сілы.

“Я вельмі люблю расказваць пра жыцьцё ў Швэцыі. І расказваць так, каб нашым слухачам было зразумела, што вось так жывуць тут простыя людзі... Я расказваю пра падаткі, пра тое, як купіць дом альбо кватэру, якія ў Швэцыі ёсьць дзіцячыя садкі, якія тут сьвяты, што ідзе ў тэатрах, якія песьні сьпяваюцца і якія кніжкі чытаюцца.

Гэта ўвогуле нашая задача – расказваць пра Швэцыю. Як і чым жыве краіна. А гэта заўсёды цікава, бо мы гаворым пра людзей. Пра знаёмых, пра сяброў, пра калегаў, пра людзей з вуліцы, пра тое, што адбываецца ў краіне – пра паўсядзённае жыцьцё”.

Лана Радзівонава працуе як пазаштатная супрацоўніца, як і Яніна Фралова, якая далучылася нядаўна.

Фралова: “Я навучалася ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, ішла на чырвоны дыплём. І калі я была на трэцім курсе, атрымала стыпэндыю на паўгады вучобы ў Народнай школе ў Калексе. У мяне быў журналісцкі напрамак. Я правучылася паўгода, мне спадабалася. Вучылася я добра і атрымала стыпэндыю яшчэ на паўгода.

У часе вучобы трэба было праходзіць журналісцкую практыку. І вельмі дарэчы, хаця зусім выпадкова, я ў швэдзкай найбуйнейшай газэце натрапіла на артыкул пра беларускую праграму Радыё Швэцыя, там і Дзьмітрыя Плакса быў здымак. Я ім патэлефанавала, расказала пра сябе. І мяне ўзялі на практыку.

А была я ў Калексе – гэта каля тысячы кілямэтраў на поўнач ад Стагкольму, вельмі цёмна і холадна... (Сьмяецца). Ну, вось мяне ўзялі ў Стагкольм, практыка была дзесьці два месяцы. Пасьля яшчэ папрацавала ўлетку, калі Дзьмітры і Юлія былі ў адпачынку. Цяпер я вучуся ў Стагкольмскім унівэрсытэце і працую як пазаштатны супрацоўнік у беларускай праграме, я раблю прыкладна два сюжэты ў месяц”.

Радыё, кіно, тэатар, Піпі...

Беларускую праграму Радыё Швэцыя стварылі і робяць людзі маладыя, актыўныя, творчыя – пра кожнага можна зрабіць, уласна, асобную перадачу. І, натуральна, немагчыма распавядаць пра гэтае радыё і не запытацца ў Дзьмітрыя Плакса – што новага ён зрабіў. З апошняга, як ён распавёў, – гэта выставы мастацкіх твораў, праца з кіно і тэатрам і пераклады – на швэдзкую і на беларускую.

“Ну, я папросту ніколі не адпачываю. Я рыхтую пераклады – да мяне зьвярнуліся адразу ажно два выдавецтвы ў Беларусі, так што выйдуць мае кніжкі па-беларуску.

Дасюль у мяне аніводнай кнігі на беларускай мове ня выходзіла – толькі па-швэдзку і па-расейску. Але былі нейкія публікацыі у часопісах, у прыватнасьці, у "Дзеяслове". І вось я падрыхтываў цяпер па-беларуску паэтычны зборнік, і ёсьць яшчэ ідэя выдаць адну з маіх швэдзкіх кніжак па-беларуску. Я і з выдавецтвам швэдзкім дамовіўся, яны пагадзіліся аддаць бясплатна права друкаваць па-беларуску.

Наконт перакладаў – я амаль пераклаў “Піпі – даўгую панчоху” Астрыд Ліндгрэн, стагодзьдзе якой адзначаецца сёлета 14 лістапада. Гэта не мая была ідэя, я перакладаў даволі шмат швэдзкай літаратуры, але сучаснай, – я лічу, што швэдзкая сучасная літаратура найбольш цікавая для беларускага чытача, – так што гэта была не мая ідэя, а гэта была ідэя беларускай рэдактаркі Аляксандры Маквік. І, дарэчы, не такі лёгкі быў пераклад, хаця здавалася б – дзіцячая кніжка...

Яшчэ зь перакладаў на беларускую я рыхтую невялікую анталёгію сучаснай швэдзкай літаратуры, там будзе і проза, і драма, і паэзія. Гэта што да перакладаў на беларускую. А што да перакладаў на швэдзкую, то я перакладаю кнігу Барыса Пятровіча.

Што да мастацтва, то 25 кастрычніка адкрылася выстава тут у Стагкольме ў адной з галерэяў, у якой я удзельнічаю.

І мой апошні праект – дакумэнтальнае кіно пра швэдзкую вёску, якое я тут прадусаваў для швэдзкага нацыянальнага ТБ, – будзе паказаны ізноў ў лістападзе на фэстывалі ў Менску”.

Інтэрнэт-адрас "Радыё Швэцыя" па-беларуску – radiobelarus.se. Беларуская праграма “Радыё Швэцыя” адзначае тры гады з дня першага выхаду ў эфір. Перадачы службы гучаць у эфіры чатыры разы на тыдзень у суботы, нядзелі, панядзелкі і аўторкі ў 20.30 паводле менскага часу на частаце 6065 кілягерцаў у дыяпазоне 49 мэтраў.

"Радыё Швэцыя” па-беларуску – 3 гады ў эфіры, 7.11. 2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG