Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіраны: Кніжнае падарожжа


Тацяна Сапач, Сьвіраны, Віленшчына Новая перадача сэрыі “Падарожжа Свабоды”

Патрапіць у Сьвіраны нескладана. Варта толькі збочыць з новага Менскага шляху праз 20 км ад Вільні і за 5 ад беларуска-літоўскай мяжы. Праўда, здараецца гэта ня так часта.

Стэх: “Я ў гэтых мясьцінах увогуле быў адзін раз у жыцьці, калі сьвяткаваўся 150-гадовы юбілей з дня нараджэньня Францішка Багушэвіча. Было гэта ў 1990 годзе, было шмат гасьцей зь Беларусі. Яны, уласна кажучы, і арганізавалі гэтае мерапрыемства... Былі члены нашага клюбу “Сябрына”, Таварыства беларускай культуры ў Літве, шмат мясцовых жыхароў... З таго часу я тут ня быў”.

Валянціна Стэха можна назваць пачынальнікам беларускага руху ў посткамуністычнай Літве. Гэта цяпер у Вільні й па-за Вільняю існуе мноства асяродкаў беларушчыны, але пачаткам усяму стаўся клюб “Сябрына”, які Валянцін разам з аднадумцамі стварыў напрыканцы 80-х.

Мой спадарожнік прызнаецца, што сёньня, зьбіраючыся ў паездку на радзіму Францішка Багушэвіча, адмыслова перачытаў ягоныя вершы і перагледзеў жыцьцярыс, і – нечакана для сябе – у асобе пісьменьніка і ў ягоным лёсе знайшоў шмат супольнага і са сваёй сьціплай пэрсонаю, і са сваімі поглядамі на жыцьцё і сьвет.

Стэх: “З гадамі, з узростам мне захацелася пазнаць тых беларусаў, якіх заўсёды, па статыстыцы, у Вільні было нямала. Але я асабіста ня ведаў тут ніводнага беларускамоўнага беларуса – пакуль мэтанакіравана не заняўся пошукам”.

У выпадку Багушэвіча было якраз наадварот: ён ведаў, прымаў у сябе як адвакат мноства людзей беларускамоўных, якія ня ведалі, што яны беларусы, якія сябе так не называлі. Нешта павінна было ім рухаць, калі ён пачаў даводзіць да іх тую праўду, якую пра іх вычуў... І што цяпер прымушае чалавека рабіць свой выбар?

Стэх: “Ня ведаю, што кіравала Францішкам Багушэвічам. Мною кіраваў гонар за той край, дзе я нарадзіўся, і перад якім я лічыў і лічу сябе абавязаным”.

Нагода для паездкі ў Сьвіраны гэтым разам вельмі паважная. Мы вязем у бібліятэку беларускія кнігі. Адзінаццаць стосікаў зь літаратурнай спадчыны Аляксея Анішчыка, або Андрэя Чэмера, якога ня стала сёлета ўвесну. Розныя вокладкі, розныя назвы: “Мондзінская баляда”, “Вера-Вераніка”, “Наваградзкая гімназія”... Удава Анішчыка, спадарыня Алёна, рупіцца, каб мужавы кніжкі дайшлі да людзей. Валянцін узяўся ёй дапамагаць.

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Пра тое, што ў Сьвіранах знойдзецца каму чытаць новыя беларускія кнігі, ён амаль не сумняецца.

Стэх: “Гэтая зямля мяжуе непасрэдна зь Беларусьсю. Гэта той край, які спрадвеку лічыўся беларускамоўным”.

Спраўдзіць, так гэта, ці не, мы зможам ужо неўзабаве.

Ранцувене: “Хто я? Полька!.. Тут усе лічацца палякамі, толькі што размаўляюць на такой мове... простай. Я-то дома не гавару па-тутэйшаму. Ці па-польску, ці па-руску”. (Размаўляе на ламанай расейскай мове)

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Марыя Ранцувене пэнсіянэрка, нарадзілася ў Сьвіранах, жыве ў Вільні. Прыехала прадаваць бацькоўскую сядзібу. Просіць мільён 200 тысяч літаў, кажа, што ўжо ёсьць інтарасанты, вось-вось меліся пад’ехаць на гандаль. Думала, што мы й ёсьць тыя пакупнікі, а як не – дык выглядае трохі расчараванаю. Аднак, калі гаворка заходзіць пра дзяцінства, ажывае.

Ранцувене: “Тут, казалі, млын быў, але ўжо не за маёй памяцьцю. Я толькі помню, што на рацэ заставаўся такі... вадаспад, а там – стронга, ракі. Цяпер няма таго нічога, ні ракаў, ні стронгі. Рэчка балотам зрабілася пасьля мэліярацыі”.

Шмат што зьмянілася ў абліччы Сьвіранаў за саветамі і калхозамі. Зьмены працягваюцца й сёньня. Як грыбы пасьля дажджу, тут і там падрастаюць шыкоўныя катэджы. Самыя ж Сьвіраны, як і раней, – ня вёска, а – двары, сядзібы, хаты, папастаўляныя наўкол таго месца, дзе нарадзіўся бацька беларускай літаратуры. Гэтае месца доўгі час можна было пазнаць па рэштках падмурку. Цяпер тут – крыж і каплічка з барэльефам Багушэвіча: каб і хацеў ня ведаць ці абмінуць, ня зможаш, кім бы ні быў, і як бы ні зваўся.

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Тарэса: “Патрыцыя цяпер тут у нас імя дужа моднае. А хлопчыкаў Патрыкамі сталі называць. Вунь і ў суседкі сынок Патрык”.

Да нашае грамады далучылася Тарэса, усьмешлівая ціхмяная маладзічка. Дом яе бацькоў – праз дарогу ад каплічкі, на сьцяне дома – яшчэ адная памятка пра месца нараджэньня паэта: бела-чырвона-белая таблічка з надпісам беларускай лацінкаю.

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Тарэса – вандроўніца, і ўжо шмат дзе пасьпела пабываць за свае 34 гады.

Тарэса: “У Вэнгрыі, у Аўстрыі, многа разоў – у Польшчы, у Чэхіі, Славакіі, Швэцыі. На экскурсіі езьдзіла, сьвету паглядзець. Ня толькі таго сьвету, што ў ваконцы...”

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Цяпер Тарэса займаецца рамонтам, а з восені перабярэцца да бацькоў на стала. У Вільні па-ранейшаму будзе праца ў фотасэрвісе, а тут у Сьвіранах – дом, жыльлё, жыцьцё. Як сказаў бы Багушэвіч, “не люблю я места, па-расейску горад, надта там цяснота і вялікі сморад”.

Але ні гэтых паэтавых радкоў, ні іншых Тарэса не цытуе. У мясцовай польскай школе, дзе яна вучылася, Багушэвіча не праходзілі.

Бліжэйшая да Сьвіранаў вёска – Савічуны – за якіx паўкілямэтрa. Бібліятэка і клюб – у адным будынку. А стаіць ён на пагорку, як і належыць храму. З мэмарыяльнае дошкі ўзіраецца ў знаёмыя краявіды мармуровы Багушэвіч. Гэта – работа вядомага на ўсю Літву беларускага скульптара Эдуарда Падбярэскага. Надпіс на дошцы – на трох мовах: па-беларуску, па-літоўску і па-польску.

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Кнігі ў бібліятэцы таксама на розных мовах. На самым пачэсным месцы – палічка, прысьвечаная Багушэвічу, – партрэт, разгорнутыя выданьні і “Сьвіранскія крэскі” самага аўтарытэтнага багушэвічазнаўцы Ўладзімера Содаля. Новыя беларускія кнігі прымае ад нас дачка бібліятэкаркі Рэната. Запэўнівае: між 250 чытачоў бібліятэкі ёсьць і аматары беларускай літаратуры.

Спарадкаваўшы кнігі, зноў вяртаемся ў Сьвіраны, каб наастачу разгледзецца як сьлед і паслухаць мясцовых людзей. Вось – Зоя Ашкіловіч:

Зоя: “Я ўжо была радзіўшыся на Беларусі, але мяне сюды прывязьлі і я сьвіранская лічуся”.

“А быць сьвіранскім – гэта што значыць?”

Зоя: “Сьвіраны тэраз у нас шчытаецца трошкі ўжо як такая курортная мясцовасьць. Бо маюцца тут строіць і катэджы – далей у лесе вакол возера. Сьвіраны спрад вякоў вядомыя. Бо тут жыў Багушэвіч”.

“Ну вы па-беларуску не чытаеце, Зоя?”

Зоя: “Не. Я хадзіла ў рускую школу, па-польску харашо гавару-чытаю, па-літовскі”.

“Шкода, бо мы якраз кнігі прывезьлі беларускія ў Савічунскую бібліятэку. То хто ж іх чытаць будзе, паслухайце?”

Зоя: “Трэба вучыцца. Можа мама будзе вучыць. Бо мама то чытае па-беларуску. Мама ў беларускую школу хадзіла”.

Дана: “У Вільні жыла мая сястра. Яны нам далі рэкамэндацыю, што тут гэты дом прадаецца... Тады ж яшчэ ўсе былі не аддзяліўшыся, было савецкае ўсё – і Літва, і Беларусь”.

Гэта пані Дана Крупеніна, тая самая, якая ўмее чытаць па-беларуску і абяцае навучыць дачку Зою, каб разам чытаць тыя кніжкі, што папоўнілі мясцовы бібліятэчны збор. Пані Дана родам з Пастаўшчыны.

Дана: “Блізка мяжа, але што ж як цяпер бязь візы не паедзеш у Беларусь. Я тэж выбраўшы візу. Там пахаваны дзядунь мой, там і бабця. Дык я магу два разы ў год ехаць і быць там па 10 дзён”.

“Ну, цяпер, як ёсьць мяжа, як дзьве розныя краіны, дык можна і параўноўваць – дзе лепей, дзе горай?”

Дана: “Я як езьдзіла ў Беларусь да сястры... І там гэтаксама жывуць. Мусі, як хто прыспасобіўшыся”.

Сьвіраны, Віленшчына, 28.08.2007

Сьвіраны пані Дана палюбіла, прыстасавалася, як змагла, і да тутэйшых нораваў, і да шматмоўя Віленскага краю.

Дана: “Літоўскую мову... Гаварыць я не гавару, я панімаю многае, але каб мне ўжо адказаць каму што, то мне трэба падумаць. Дык я тады ўжо ці па-польску, ці па-руску. У нас тут літоўцаў няма. Усе гавораць вось такім, такі ў нас прасты нацыянальны язык. Ну дык а дзе ж ты тут па-літоўску навучысься, як няма літоўцаў. Каб зь літоўцамі рабіў, дык пэўне ж навучыўся б”.

“Але ж начальства мусіць па-літоўску ўмець. Ім жа і паперы ўсякія афармляць...”

Дана: “Начальства – так, яны ўмеюць. Але ж з народам яны гавораць так, як гаворыць народ”.

Пакідаючы Сьвіраны, мы з маім спадарожнікам Валянцінам Стэхам робім рахунак сваёй выправе. Па-першае, беларуская мова, як яе ні называй – ці тутэйшай, ці простаю, а яна тут ёсьць і яна жывая. І гэта значыць, што кніжкі, якія мы прывезьлі, будуць прачытаныя. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць. І Багушэвіча тут ведаюць і помняць. І яшчэ. Бальшыня Багушэвічавых вершаў па-ранейшаму гучыць актуальна. Вось хоць бы як гэты:

Прэч бутэлькі, люлькі, карты! Марна траціць час ня варта. Хай жывыя рушаць з кіем У сьвяты паход!

Нас ня край далёкі кліча Вывучаць чужы нам звычай, Нас чакае ў нашым краі Родны наш народ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG