Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не хачу нараджаць сама, каб не псаваць фігуру"


Юлія Шарова, Менск Летась нараджальнасьць у Беларусі павялічылася амаль на 7 адсоткаў, а сьмяротнасьць скарацілася амаль на 3 адсоткі. Аднак у Беларусі цяпер зьявілася нямала людзей, якія ня хочуць мець дзяцей і тлумачаць свой выбар самымі рознымі чыньнікамі.

Дваццацівасьмігадовая Юля лічыць сябе чайлд-фры – чалавекам, для якога нараджэньня дзяцей ня ёсьць адной з асноўных мэтаў жыцьця. Ёй больш цікавая кар’ера, адукацыя ды ўсё тое, што тычыцца ўласнай творчай рэалізацыі.

“Калі мне кажуць, што безь дзяцей, безь іх нараджэньня й выхаваньня жанчына ня можа быць сапраўды шчасьлівай… Раней я ўспрымала гэта неяк нэгатыўна, магла спрачацца. Але цяпер я ўсьміхаюся, бо разумею, што ўсе людзі розныя й няма нейкага рэцэпту шчасьця, аднолькавага для ўсіх”.

У той самы час Юля не выключае, што калісьці яна ўсё ж стане маці.

Крыху іначай разважае 34-гадовая Жанна.

Жанна: “Ня тое каб я не хацела іх мець – я не хачу нараджаць сама, каб не псаваць фігуру, скажу шчыра ды эгаістычна. Выпадаюць валасы, псуюцца зубы – гэта аб’ектыўная рэчаіснасьць”.

Беларускіх чайлд-фры пакуль ніхто ня ўлічвае – такой статыстыкі ў краіне няма. Аднак псыхоляг Вольга Андрэева мяркуе, што мода на бязьдзетнасьць у Беларусі не набыла такіх маштабаў, як у Эўропе ці Амэрыцы.

Андрэева: “Тут патрэбная такая сьпеласьць асобы, дзіця павінна быць у сыстэме каштоўнасьцяў такой дастаткова значнай каштоўнасьцю, адным з прыярытэтаў. Калі людзі самі няпэўныя ў сабе, ім няма на што абаперціся… У некаторым сэнсе я нават бачу тут больш адказную пазыцыю, чым такое безадказнае бацькоўства, якога таксама вельмі шмат”.

Мода на бязьдзетнасьць закранае ва ўсім сьвеце толькі забясьпечаныя й сацыяльна пасьпяховыя слаі насельніцтва, разважае Вольга Андрэева. Яскравы прыклад – гераіні сэрыялу “Сэкс у вялікім горадзе”. Жанчыны, якія жывуць дзеля кар’еры і посьпеху й сьвядома ня хочуць абцяжарваць сябе дадатковымі клопатамі.

Ці не эгаістычны гэта падыход? Жанна, якая ня хоча быць маці, лічыць, што куды больш эгаістычна пладзіць дзяцей і ня мець магчымасьці іх забясьпечыць. Альбо вырашаць за кошт дзіцяці свае ўнутраныя праблемы.

Жанна: “Напрыклад, яна ня выйшла замуж і хоча нарадзіць дзіця, каб неяк кампэнсаваць сваю самоту й нейкую асэнсаванасьць жыцьцю надаць. Яна спадзяецца на тое, што ў старасьці ня будзе адна. На гэта не заўсёды спрацоўвае. Таму разглядаць дзіця як нейкі сродак для таго, каб забясьпечыць сабе старасьць, – гэта вельмі эгаістычная пазыцыя”.

Некаторыя чайлд-фры могуць паводзіцца агрэсіўна ў дачыненьні да “дзетных”, але гэта хутчэй рэакцыя на агрэсію з боку кансэрватыўна настроеных людзей. Увогуле ж прынцыповая адмова ад дзяцей – гэта ў нечым прыкмета інфантылізму, лічыць Вольга Андрэева. Але ж ня выключана, што зь цягам часу чайлд-фры зьменяць свае погляды.

Андрэева: “Ім трэба даць магчымасьць у гэтую гульню спакойна пагуляць. Магчыма, хтосьці зь іх памяняе сваю пазыцыю. Як некалі быў рух гіпі ў 1960-ыя гады. Шмат хто з гэтых гіпі потым сталі вельмі буржуазнымі сямейнымі людзьмі. А некаму сапраўды ня дадзена быць бацькамі – не ў фізычным сэнсе, а ў эмацыйным. Яны ня маюць патрэбы некага гадаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG