Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, праваахоўнікі не назвалі імя падазраванай, але крыніцы праекту Радыё Свабода «Схемы» і сама падазраваная ўказваюць на тое, што мова ідзе пра Юлію Цімашэнка.
«Паводле сьледзтва, пасьля выяўленьня НАБУ і САП у сьнежні 2025 году фактаў атрыманьня незаконнай выгады народнымі дэпутатамі Ўкраіны за ўхваленьня рашэньняў наконт законапраектаў у парлямэнце падазраваная ініцыявала перамовы з асобнымі народнымі дэпутатамі аб выкарыстаньні сыстэмнага мэханізму наданьня незаконнай выгады ў абмен на ляяльныя паводзіны падчас галасаваньняў. Гаворка ішла не пра аднаразовыя дамоўленасьці, а пра рэгулярны мэханізм супрацы, які прадугледжваў выплаты наперад і быў разьлічаны на працяглы пэрыяд», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Нацыянальнга антыкарупцыйным бюро і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры.
У НАБУ ўдакладнілі, што народныя дэпутаты атрымлівалі ўказаньні, як галасаваць за розныя праекты законаў.
Фігурантцы справы абвясьцілі падазрэньні паводле ч. 4 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — прапанова, абяцаньне або наданьне незаконнай выгады. За гэтыя дзеяньні прадугледжана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з магчымасьцю канфіскацыі маёмасьці.
Сама Юлія Цімашэнка раніцай 14 студзеня пасьля вобшуку ў офісе яе партыі «Бацькаўшчына» ў Кіеве заявіла, што лічыць дзеяньні супраць яе праявай «палітычнай замовы» і «катэгарычна адкідае ўсе абсурдныя абвінавачаньні».
«Гэта ня першая палітычная замова супраць мяне. Перасьлед і тэрор — маё паўсядзённае жыцьцё цягам многіх гадоў. Я ўжо даўно нічога не баюся, бо ведаю, што сумленная перад сабой, перад людзьмі і Ўкраінай. Мяне ніхто не зламае і ня спыніць», — заявіла Цімашэнка.
Форум