Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаць прэзыдэнткай Украіны. Ці будзе ўдалым трэці ўдзел Юліі Цімашэнкі ў выбарчай гонцы?


Прэзыдэнцкая кампанія 2019 ва Ўкраіне: рэклама кандыдаткі ў прэзыдэнты Юліі Цімашэнка на намётах ў Кіеве, 9 лютага 2019 году
Прэзыдэнцкая кампанія 2019 ва Ўкраіне: рэклама кандыдаткі ў прэзыдэнты Юліі Цімашэнка на намётах ў Кіеве, 9 лютага 2019 году

Лідарка партыі «Бацькаўшчына» («Батьківщина») Юлія Цімашэнка двойчы ўзначальвала ўкраінскі ўрад і двойчы балятавалася на прэзыдэнта — у 2010 годзе яна зь нязначным адрывам (3,4 %) прайграла выбары Віктару Януковічу, а ў 2014-м — дзейнаму прэзыдэнту Пятру Парашэнку, які перамог яе зь вялікай перавагай у больш як 40 %.

У 2004 годзе Юлія Цімашэнка адмовілася ад вылучэньня сваёй кандыдатуры на карысьць Віктара Юшчанкі і шмат зрабіла для ягонай перамогі. Але пасьля спрэчкі наконт паўнамоцтваў прэзыдэнта і прэм’ера прывялі да таго, што шляхі двух палітыкаў разышліся канчаткова і беспаваротна, і гэта адбілася ня толькі на іхных асабістых стасунках, але і на далейшым разьвіцьці сытуацыі ва Ўкраіне.

Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, за Юлію Цімашэнку гатовы прагаласаваць 19,2% грамадзян — пакуль што гэта больш, чым за іншых кандыдатаў. У той жа час вялікай застаецца колькасьць тых, хто ні пры якіх умовах і абставінах яе кандыдатуру не падтрымае — амаль 30 % рэспандэнтаў. У антырэйтынгу Юлія Цімашэнка саступае толькі дзейнаму прэзыдэнту Парашэнку, за якога ня хочуць галасаваць амаль 50 % апытаных.

Як Юлія Цімашэнка праводзіць сваю трэцюю выбарчую кампанію і ці ёсьць у яе шанцы перамагчы з трэцяй спробы? Карэспандэнтка Свабоды ў Кіеве спрабавала разабрацца.

Без замежных паліттэхнолягаў

Юлія Цімашэнка (у цэнтры) вітае прыхільнікаў падчас сустрэчы з выбарнікамі ў рамках сваёй выбарчай кампаніі ў Львове. 11 лютага 2019 году
Юлія Цімашэнка (у цэнтры) вітае прыхільнікаў падчас сустрэчы з выбарнікамі ў рамках сваёй выбарчай кампаніі ў Львове. 11 лютага 2019 году

​Упершыню за ўсю 20-гадовую палітычную кар’еру Юлія Цімашэнка сама ўзначаліла выбарчы штаб.

У 2014 годзе выбарчай кампаніяй кіраваў палітоляг Ігар Жданаў (цяпер працуе міністрам моладзі і спорту): ён замяніў Аляксандра Турчынава, даўняга партнэра Юліі Цімашэнкі і сталага кіраўніка выбарчых кампаній партыі.

Аляксандар Турчынаў тады раіў ёй перачакаць і не балятавацца — Юлія Цімашэнка толькі вызвалілася з Качанаўскай турмы, дзе адбывала сямігадовае пакараньне за нібыта перавышэньне паўнамоцтваў падчас падпісаньня газавых дамоў з Расеяй у 2009 годзе.

А пасьля Турчынаў наагул пакінуў «Бацькаўшчыну» дзеля новага палітычнага праекту на чале з Арсеніем Яцэнюком «Народны фронт» — у гэтую партыю тады перайшло шмат сяброў «Бацькаўшчыны». Але нават пасьля такога нечаканага ўдару і пройгрышу на прэзыдэнцкіх выбарах партыя аднавілася і змагла трапіць у парлямэнт. Фракцыя мае 20 дэпутатаў і пазыцыянуе сябе апазыцыйнай да ўраду.

Сёлета ўпершыню Юлія Цімашэнка адмовілася ад дапамогі замежных кансультантаў — на мінулых выбарах стратэгію выбарчай кампаніі выпрацоўвала група ізраільскіх паліттэхнолягаў, а яшчэ раней — амэрыканскіх. Як сьцьвярджаюць у партыі, цяпер Юлія Цімашэнка вызначае ўсё сама, праўда, на падставе прапаноў паліттэхноляга Аляксандра Абдулава і Алены Кандрацюк — дэпутатаў з фракцыі «Бацькаўшчына».

У выбарчым штабе працуюць і ўсе іншыя дэпутаты фракцыі.

Новы курс Украіны

Юлія Цімашэнка выступае на паседжаньні парлямэнту ў Кіеве. 7 лютага 2019 году
Юлія Цімашэнка выступае на паседжаньні парлямэнту ў Кіеве. 7 лютага 2019 году

​Юлія Цімашэнка адна зь першых пачала рыхтавацца да прэзыдэнцкай кампаніі. Улетку, больш як за паўгода да выбараў, яна прэзэнтавала праграму «Новы курс Украіны» — кожны яе разьдзел распрацоўваўся асобна, на тэматычных форумах з удзелам экспэртаў.

Разглядаць гэты дакумэнт як праграму прэзыдэнта можна ўмоўна, бо ён закранае эканамічную і сацыяльную сфэру, уплыў на якія прэзыдэнт краіны, згодна з Канстытуцыяй, ня мае. Але на гэта грашаць практычна ўсе зарэгістраваныя кандыдаты на прэзыдэнта.

У агітацыйнай кампаніі, якая найперш будуецца на рэгіянальных паездках Юліі Цімашэнкі і яе каманды, новы курс — гэта галоўны складнік.

«Цяпер наша заданьне — сустракацца зь людзьмі і распавядаць, якія зьмены мы прапануем адразу, зь першага дня прыходу Юліі Цімашэнкі да ўлады. Таму цяпер мы ўсе ў рэгіёнах, і Юлія Цімашэнка таксама. Адначасова мы ўсе працуем над Канстытуцыяй. На наступным тыдні ў нас будзе вельмі сур’ёзная група спэцыялістаў-міжнароднікаў, якія будуць абмяркоўваць праект новай Канстытуцыі», — сказаў Свабодзе дэпутат фракцыі «Бацькаўшчына» Аляксей Рабчын.

Юлія Цімашэнка — прыхільніца парлямэнцкага шляху разьвіцьця краіны. Яна прапануе гэта замацаваць у Канстытуцыі (цяпер Асноўны закон прадугледжвае парлямэнцка-прэзыдэнцкую форму праўленьня. — РС). Яна таксама выступае за скасаваньне недатыкальнасці ўсіх высокапастаўленых чыноўнікаў — прэзыдэнта, судзьдзяў, дэпутатаў, прапануе зьменшыць колькасьць народных дэпутатаў з 450 да 350.

«Грамадзяне атрымаюць неаспрэчнае права зьмяняць цэнтральную і мясцовую ўладу ў любы момант праз сапраўдны рэфэрэндум паводле народнай ініцыятывы замест ахвярных рэвалюцый. Усе кантрольныя органы будуць прызначацца незалежна ад палітыкаў, дэпутатаў, выканаўчых і судовых органаў улады.

Судзьдзяў будзе выбіраць народ без палітычнай рэклямы. Грамадзянам будзе прадастаўлена права на заканадаўчую ініцыятыву ў форме пэтыцый. Парлямэнцкая апазыцыя будзе надзеленая ўсімі правамі парлямэнцкага кантролю», — такая сутнасьць канстытуцыйных зьмен анансуецца ў праграме Цімашэнкі.

Два кандыдаты на прозьвішча Цімашэнка

Юрый Цімашэнка
Юрый Цімашэнка

​Нягледзячы на высокі рэйтынг кандыдаткі, з кожным днём кампанія для Юліі Цімашэнкі становіцца ўсё больш складанай.

Галоўныя выклікі — абвінавачаньні ў прарасейскасьці, правакацыі на выбарчых сходах і «тэхнічныя» кандыдаты, зарэгістраваныя пры дапамозе яе сапернікаў, каб адцягнуць галасы.

І калі ад абвінавачаньняў у прарасейскасьці ёй пакуль удаецца адбівацца (Цімашэнка заявіла пра бясспрэчную пэрспэктыву Ўкраіны ў NATO ды Эўразьвязе), то зь іншымі праблемамі пакуль справіцца цяжкавата.

На прэзыдэнта балятуецца яе цёзка — Цімашэнка Юрый Уладзіміравіч, дэпутат парлямэнту (ён уваходзіў у фракцыю «Народны фронт», але быў выключаны пасьля заявы аб сваім вылучэньні на выбары). Найцяжэй стратэгам кампаніі Юліі Цімашэнкі будзе ў выпадку, калі ў выніку лёсаваньня іхныя прозьвішчы ў выбарчым бюлэтэні апынуцца побач.

«Мы дасьледавалі, што заклад 2,5 мільёна грыўняў, а гэта вялікія грошы, за гэтага кандыдата быў пералічаны з аднаго з раёнаў Адэскай вобласьці, дзе куратарам дэпутат фракцыі „Блёк Пятра Парашэнкі“ Аляксей Ганчарэнка. У нас ёсьць такія сьведчаньні, але, на жаль, яны ня маюць юрыдычных наступстваў. Чалавек проста вырашыў такім чынам падзарабіць на рэшту свайго жыцьця. Гэта ягоная палітычная адказнасьць і ягоная годнасьць», — кажа Аляксей Рабчын.

Юлія Цімашэнка на адным з тэлеканалаў публічна зьвярнулася да Юрыя Цімашэнкі з заклікам зьняць сваю кандыдатуру. Але пакуль што ён застаецца ў сьпісах прэтэндэнтаў.

«Шашкі» ў натоўп і подкуп

Затрыманьне прыхільнікаў Цімашэнкі ў Кіеве, 9 лютага 2019 году
Затрыманьне прыхільнікаў Цімашэнкі ў Кіеве, 9 лютага 2019 году

​Прадстаўнікі выбарчага штабу Юліі Цімашэнкі зьвяртаюць увагу на два выпадкі, якія адбыліся толькі за апошнія некалькі дзён — пад Кіевам, у мястэчку Белая Царква, калі лідарка партыі «Бацькаўшчына» сустракалася з выбарнікамі, у натоўп кінулі дымавыя шашкі, а ў паліцыю паведамілі пра міну ў аўтамабілі, які стаяў побач са сцэнаю.

У Кіеве аналягічны перадвыбарчы мітынг суправаджаўся супрацьстаяньнем паліцыі і прадстаўнікоў нацыяналістычнага руху C14. Лідарка «Бацькаўшчыны» перакананая, што гэта была «чарговая спэцапэрацыя СБУ», арганізаваная на распараджэньне яе галоўнага канкурэнта — дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

«Правакацыі цяпер чыняцца і ў дачыненьні іншых кандыдатаў. І гэта робіцца такой масавай зьявай. Партыя „Бацькаўшчына“ ёсьць лідэрам гонкі, як вынік, канкурэнты выкарыстоўваюць брудныя тэхналёгіі. Адзінае, за кошт чаго кандыдат ад улады можа прайсьці ў другі тур, гэта фальсыфікацыі.

Ня толькі нашы штабы, але і іншых кандыдатаў бачаць, якім чынам гэта робіцца, як раздаюцца грошы і як рыхтуюцца масавыя ўкідваньні. Мы гэта ведаем, таму ўжо некалькі кандыдатаў ад дэмакратычных сіл падпісалі дакумэнт, накіраваны на супрацьдзеяньне фальсыфікацыям. Так, мы канкуруем за галасы выбарнікаў, але тут мы адзіныя — фальсыфікацыі, якія рыхтуюцца ад улады, трэба спыніць», — падкрэсьліў Аляксей Рабчын.

Палітыкі спадзяюцца, што праваахоўныя органы, як і абяцалі, будуць жорстка рэагаваць на такія факты. Але рыхтуюць і сваіх назіральнікаў.

«Партыя „Бацькаўшчына“ мае найбольшую разгалінаваную структуру. Мы прысутныя амаль у кожным сяле, бо партыі ўжо амаль 20 гадоў. Таму рэсурс ёсьць і валянтэраў маем. Яны цяпер праходзяць навучаньне, якім чынам супрацьдзейнічаць фальсыфікацыям, у тым ліку і новым. Мы таксама будзем каапэравацца з калегамі і зь іншых палітычных сіл», — дадаў Аляксей Рабчын.

А хто ў камандзе?

Юлія Цімашэнка (у цэнтры) падчас зьезду яе партыі «Бацькаўшчына» ў Кіеве, 22 студзеня 2019 году
Юлія Цімашэнка (у цэнтры) падчас зьезду яе партыі «Бацькаўшчына» ў Кіеве, 22 студзеня 2019 году

Пакуль што Юлія Цімашэнка праводзіць асабістую кампанію. Ніводнага прозьвішча палітыка, які будзе працаваць у яе камандзе або на пасадах, на якія прызначае прэзыдэнт, яна не называе.

У той жа час за ўсё яе палітычнае жыцьцё неаднойчы здараліся выпадкі, калі дзейнасьць паплечнікаў бумэрангам адбівалася на яе аўтарытэце і рэпутацыі партыі.

У 2009 годзе дэпутат фракцыі «Бацькаўшчына» Віктар Лазінскі на паляваньні застрэліў жыхара Кіраваградзкай вобласьці за тое, што той зайшоў у ягоныя ўгодзьдзі.

Галоўны юрыст партыі і намесьнік кіраўніка парлямэнцкай фракцыі Андрэй Партноў, які ў 2010 годзе ўгаварыў Юлію Цімашэнку адмовіцца ад судовага пазову ў сувязі з фальсыфікацымі на прэзыдэнцкіх выбарах, праз год стаў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Уладзімір Алейнік, які ў 2006 годзе выбіраўся ў парлямэнт паводле сьпісаў «Бацькаўшчыны», ужо праз год пасьля выбараў перайшоў у Партыю рэгіёнаў. У 2014 годзе ўцёк у Расею і разам з экс-прэм’ерам Міколам Азаравым стварыў там «Камітэт выратаваньня Ўкраіны».

Паўло Лебедзеў, міністар абароны Ўкраіны ў 2012-2014 гадах, таксама пачынаў сваю палітычную дзейнасьць у партыі Юліі Цімашэнкі. Па сьпісах партыі «Бацькаўшчына» ён трапіў у парлямэнт у 2006 годзе, але ўжо праз год перайшоў у Партыю рэгіёнаў. Пасьля Эўрамайдану выехаў зь Кіева ў Севастопаль, а з 2016 году Генэральная пракуратура Ўкраіны абвясьціла яго ў вышук.

І апошні, сьвежы выпадак. 11 лютага старшыні Херсонскай абласной рады Ўладзіславу Мангеру, сябру партыі «Бацькаўшчына» выставілі падазрэньне аб арганізацыі забойства радніцы мэра Херсону Кацярыны Гандзюк, якая змагалася з карупцыяй.

Уладзіслаў Мангер у канцы студзеня выйшаў з шэрагаў «Бацькаўшчыны». Ён кажа, што ня мае дачыненьня да замаху на жыцьцё актывісткі.

Што праўда, і ў камандзе дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі працуюць яе былы кансультант і спічрайтэр — Віктар Уколаў і Алег Мядзьведзеў.

«Нават самыя лепшыя ідэі могуць разьбіцца праз адсутнасьць надзейных выканаўцаў. А гэтыя выпадкі даюць падставы для сумневу, ці добра Юлія Цімашэнка разьбіраецца ў людзях? Як яны траплялі ў яе каманду, на чыю ініцыятыву, на якіх умовах? Напэўна, раіў нехта, каму яна вельмі давярае. Цяпер, наколькі мне вядома, яна робіць стаўку на моладзь. Магчыма, толькі такі падыход і можа стаць для яе выратавальным кругам», — сказаў Свабодзе кансультант, які працаваў у камандзе Юліі Цімашэнкі апошнія дзьве выбарчыя кампаніі.

Выбары прэзыдэнта адбудуцца ва Ўкраіне 31 сакавіка.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
  • Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
  • У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
  • Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG