Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дыпляматы назіралі за зьездам, на якім Юлію Цімашэнку вылучылі кандыдатам на прэзыдэнта Ўкраіны


Юлія Цімашэнка зьвяртаецца да прыхільнікаў падчас зьезду партыі «Бацькаўшчына» ў Кіеве, 22 студзеня 2019 году

Лідэрку партыі «Бацькаўшчына» (укр. «Батьківщина») Юлію Цімашэнку падтрымалі аднапартыйцы з усіх рэгіёнаў Украіны.

Партыйны зьезд пазыцыянавалі як Форум яднаньня, працу яго блаславіў духоўны лідар Праваслаўнай царквы Ўкраіны патрыярх Філарэт:

«Украінская дзяржава можа існаваць толькі тады, калі мы аб’яднаныя. У адзінстве — наша сіла».

У выбарчай праграме Юліі Цімашэнкі — судовая і канстытуцыйная рэформы, барацьба з карупцыяй, стварэньне інавацыйнай эканомікі.

Юлія Цімашэнка — фаварытка сёлетняй выбарчай кампаніі. Паводле большасьці сацыялягічных дасьледаваньняў, яна, як і Пятро Парашэнка, а таксама комік Уладзімер Зяленскі маюць вялікія шанцы выйсьці ў другі тур галасаваньня.

Яшчэ не перамогшы на выбарах, лідэрка партыі «Бацькаўшчына» паабяцала сысьці ў адстаўку з пасады прэзыдэнта праз 100 дзён у выпадку, калі ёй ня ўдасца «зламаць сыстэму».

Цімашэнка не баіцца камандаваць войскам

Юлія Цімашэнка ня бачыць супярэчнасьцяў у тым, што на пасадзе прэзыдэнта яна адначасова будзе выконваць функцыі галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі.

На зьезьдзе ўкраінскай партыі «Бацькаўшчына»
На зьезьдзе ўкраінскай партыі «Бацькаўшчына»

«Я магу сказаць, чаго я дакладна ня буду рабіць на гэтай пасадзе — зарабляць на адкатах пры продажы ўкраінскай вайсковай тэхнікі. Я абсалютна дакладна ня буду пастаўляць з прыватных заводаў нядобраякасную і небаяздольную вайсковую тэхніку па цане тэхнікі NATO для нашага войска — гэта недапушчальна.

Я як жанчына дакладна не пастаўлю вайскоўцаў-кантрактнікаў у такія ўмовы, каб яны тысячамі звальняліся з арміі. І дакладна ня буду мець бізнэсу на тэрыторыі краіны-агрэсаркі і ня буду плаціць падаткі ў бюджэт краіны-агрэсаркі».

Лідэрка «Бацькаўшчыны» падкрэсьліла, што мае намер узмацніць дыпляматычныя высілкі для дасягненьня міру ва Ўкраіне і вяртаньня часова акупаваных тэрыторый: «Данбас і Крым — гэта Ўкраіна назаўсёды».

Цімашэнка прапануе новы фармат мірных перамоў «Будапэшт+» з далучэньнем да перамоўнага працэсу краін — падпісантак Будапэшцкага мэмарандуму, а таксама Кітаю і Польшчы.

Пра «руку Масквы»

«Крэмль зацікаўлены ў тым, каб ва Ўкраіне была разруха і хаос, карупцыя і беднасьць. І сёньняшняя ўлада ўсё для гэтага робіць. Таму менавіта яна рука Крамля і слуга Масквы. „Рука Крамля“ — сёньня галоўная спэцтэхналёгія ўлады супраць непакорлівых на гэтых выбарах. Нават дэмакратычныя сілы, якія не з уладай, — „рука Крамля“»,— заявіла Юлія Цімашэнка.

На зьезьдзе прысутнічалі прадстаўнікі беларускай амбасады ў Кіеве.

Прыхільнікі Юліі Цімашэнкі на зьезьдзе «Бацькаўшчыны»
Прыхільнікі Юліі Цімашэнкі на зьезьдзе «Бацькаўшчыны»

Паплечнік Цімашэнкі Рыгор Нямыра, які курыруе ў партыі пытаньні міжнароднай супрацы, у інтэрвію Свабодзе заявіў, што Юлія Цімашэнка найбліжэйшым часам абнародуе прынцыпы зьнешняй палітыкі, якую будзе ажыцьцяўляць на пасадзе прэзыдэнта.

«Сёньня патрэбна захоўваць ня толькі тых сяброў, якія ўжо ёсьць, а і далучаць новых і вяртаць старых. Украіне патрэбныя такія суседзі, якія знаходзяцца ў бясьпецы, тады і Ўкраіна будзе ў бясьпецы. Але тое, што нам не патрэбна рабіць — гэта аддаваць на водкуп нашую дыпляматыю на аўтсорсінг іншых краін».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG