Аляксандар Лукашэнка зранку 22 красавіка павіншаваў зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне кандыдата Ўладзіміра Зяленскага, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
«З задавальненьнем адзначаю, што падмуркам адносінаў паміж нашымі краінамі традыцыйна ёсьць загартаваныя супольнай гісторыяй братнія сувязі беларусаў і ўкраінцаў, — гаворыцца ў віншаваньні. — Пацьвярджаю, што Беларусь заўсёды была і застанецца для Ўкраіны прадказальным партнэрам, надзейным суседам і добрым сябрам».
Лукашэнка таксама пажадаў Зяленскаму «моцнага здароўя і ажыцьцяўленьня ўсіх плянаў», выказаў спадзяваньне, што ягоная дзейнасьць «будзе спрыяць росквіту Ўкраіны, усталяваньню міру і грамадзянскай згоды».
Да выбараў Лукашэнка ня раз казаў, што чакае перамогі дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 1 сакавіка ён параўноўваў кампанію Зяленскага са сваёй у 1994 годзе, але прадказваў перамогу Парашэнку.
У інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu, апублікаваным 8 красавіка, Лукашэнка фактычна заклікаў украінцаў не галасаваць за Зяленскага, калі яны ня ўпэўненыя ў выбары. На наступны дзень ён апраўдваўся: «Узьнялі гвалт, што быццам Парашэнка мне сябар, а Зяленскі — вораг».
Калі сустрэнуцца Лукашэнка і Зяленскі, пакуль невядома. Але ўкраінскі амбасадар у Беларусі казаў Свабодзе, што сустрэчу могуць арганізаваць у любы момант, калі будзе гатовы Зяленскі, а на кастрычнік гэтага году плянуецца другі Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі — на ім маюць прысутнічаць прэзыдэнты абедзьвюх краінаў.