Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія выбары: ад рэвалюцыі годнасьці да бунту супраць эліты


За каго на ўкраінскіх выбарах Лукашэнка і Пуцін?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:15 0:00

За каго на ўкраінскіх выбарах Лукашэнка і Пуцін?

У чым асаблівасьці сёлетніх прэзыдынцкіх выбараў ва Ўкраіне? Як кандыдаты ці кандыдаткі абяцаюць спыніць вайну альбо перамагчы ў ёй? У «Зоне Свабоды» абмяркоўваюць аглядальніца ўкраінскай службы Свабоды Наталка Чурыкава, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Ганна Соўсь.

Сьцісла пра ўкраінскія выбары:

  • Упершыню няма жорсткага падзелу на Ўсход і Захад.
  • Вайна з Расеяй фактычна стварыла ўкраінскую нацыю.
  • Украіне патрэбная не Рэвалюцыя Годнасьці, а Рэвалюцыя Адказнасьці.
  • У Лукашэнкі больш эфэктыўнае супрацоўніцтва з прэзыдэнтамі, якія прыйшлі ў выніку дэмакратычных рэвалюцый.

Выбары на пяты год вайны з Расеяй

Ганна Соўсь: Ва Ўкраіне прайшоў першы этап прэзыдэнцкіх выбараў — скончылася вылучэньне кандыдатаў. Колькасьць ахвотных узначаліць украінскую дзяржаву рэкордная за ўсю гісторыю незалежнасьці — 89 чалавек. На якія адметнасьці сёлетніх выбараў вы б зьвярнулі ўвагу?

Наталка Чурыкава: Гэта выбары, якія адбываюцца на пяты год вайны з Расеяй. Калі параўнаць зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі, то цяпер большая колькасьць кандыдатаў, але няма згуртаванасьці грамадзтва, якая была ў 2014 годзе. Тады першы ў гісторыі Ўкраіны прэзыдэнт атрымаў большасьць галасоў ужо ў першым туры выбараў — 55% галасоў атрымаў Пятро Парашэнка. І тады ўпершыню не бралі ўдзел у выбарах Крым і акупаваныя тэрыторыі Данбасу.

Валер Карбалевіч: Акрамя таго, што Ўкраіна жыве ў стане вайны з Расеяй, аддзелены Крым і Данбас, я бы зьвярнуў увагу на тое, што, можа, упершыню няма такога жорсткага падзелу на Ўсход і Захад, як гэта было раней. Можа, ён і ёсьць, але трохі зьмікшыраваны, таму што вайна з Расеяй фактычна стварыла ўкраінскую нацыю, мабілізавала ўкраінскі соцыюм. І яшчэ адна асаблівасьць — моцная страта даверу ўкраінскага грамадзтва да палітычных інстытутаў і да існай палітычнай эліты. Зьвярніце ўвагу, які нізкі рэйтынг у вядучых палітыкаў, якія зьяўляюцца асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта. Здаецца, ніколі раней ва ўкраінскай гісторыі падчас выбарчай кампаніі рэйтынгі асноўных кандыдатаў не былі такімі нізкімі.

Юры Дракахруст: Я спашлюся на ацэнку вядомага ўкраінскага сацыёляга Ўладзіміра Паніёта. Ён казаў, што з 1991 году на ўсіх прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне на гэтым этапе кампаніі, за два-тры месяцы да галасаваньня, фаварыт гонкі ўжо меў рэйтынг у 30-40%. Так было і на першых выбарах, калі спаборнічалі Краўчук і Чарнавіл у 1991 годзе, так было і на апошніх выбарах 2014 году, калі змагаліся Парашэнка і Цімашэнка, і на ўсіх астатніх. І на гэтым этапе кампаніі раней заўсёды большая частка выбаршчыкаў ужо вызначылася, за каго яна будзе галасаваць.

І раней амаль заўсёды была пара фаварытаў: Краўчук — Кучма, Кучма — Сіманенка, Юшчанка — Януковіч, Януковіч — Цімашэнка, Цімашэнка — Парашэнка. Зараз няма пары, ёсьць тройка. І пры гэтым паводле апошніх апытаньняў зараз за Зяленскага гатовыя галасаваць толькі 23%, за Цімашэнку і Парашэнку — менш. Гэта, сапраўды, паказьнік падзеньня даверу да палітыкаў любых гатункаў і кшталтаў. Зь іншага боку, гэта вызначае інтрыгу, непрадказальнасьць сёлетніх выбараў. Большасьць яшчэ наагул не вызначылася ў сваім выбары.

Як кандыдаты зьбіраюцца спыніць вайну

Ганна Соўсь: Падчас вылучэньня кандыдатуры дзейнага прэзыдэнта на экране ў залі зьявіўся лёзунг «альбо Парашэнка альбо Пуцін». А чым адрозьніваюцца падыходы асноўных кандыдатаў да пытаньня вайны? Бо ніхто ж не абяцае аддаць Пуціну Данбас і пакінуць яму Крым? Дык у чым адрозьненьне?

Наталка Чурыкава: У спосабах, якімі яны зьбіраюцца рабіць палітыку з Уладзімірам Пуціным. Прэзыдэнт Парашэнка, паабяцаўшы ў 2014 годзе, што вайна хутка скончыцца, потым быў вымушаны выбачацца за завышаныя чаканьні, якія сфармаваў у людзей. Цяпер ён гаворыць, што вайна будзе працягвацца дастаткова даўно, і Ўкраіне трэба думаць пра тое, каб ўступаць у ЭЗ і NATO. Украінскі парлямэнт прагаласаваў за зьмены, якія будуць унесеныя ў Канстытуцыю, каб зрабіць мажлівым уступленьне ў NATO. Яго апанэнты таксама гавораць пра тое, што трэба аднаўляць тэрытарыяльную цэласнасьць, што трэба выйграваць у вайне, Адзінае, што яны гавораць пра тое, што трэба дасягаць пэўнага кампрамісу.

Уладзімір Зяленскі гаворыць пра тое, што такі кампраміс з Пуціным можна знайсьці. А пра тое, як можа выглядаць такі кампраміс, Уладзімір Пуцін гаварыў ад самага пачатку. Гэта значыць забыць пра існаваньне Крыма як украінскай тэрыторыі, адмовіцца ад вонкавай незалежнай палітыкі і стаць фэдэральнай дзяржавай. Юлія Цімашэнка таксама гаворыць пра неабходнасьць міру, але яна падтрымлівае шлях да NATO, і які кампраміс яна будзе шукаць? Яна гаварыла пра Будапэшцкі мэмарандум, дакумэнт, на аснове якога Ўкраіна адмовілася ад свайго ядзернага патэнцыялу, але пра тое, што гэты мэмарандум не працуе, стала зразумела ўжо ў першыя месяцы вайны.

За каго Лукашэнка

Ганна Соўсь: Юры, а як вы мяркуеце, за каго на ўкраінскіх выбарах Лукашэнка, чыя перамога яму больш выгадная? Звычайна, ён падтрымлівае на выбарах дзейнага кіраўніка.

Юры Дракахруст: Я мяркую, што Лукашэнка аддае перавагу Парашэнку зь дзьвюх прычынаў. Лукашэнка — чалавек кансэрватыўны. Хто такі Парашэнка, кіраўнік Беларусі выдатна ведае. У іх склаліся някепскія асабістыя стасункі, наладжаная сыстэма ўзаемаадносінаў і ў эканоміцы, і ў палітыцы. Зяленскі для Лукашэнкі наагул «кот у меху». Цімашэнка — у меншай ступені «котка ў меху», ёсьць досьвед узаемадзеяньня, больш-менш вядома, хто яна. Але менавіта гэтыя веды і спараджаюць няпэўнасьць. Яе нездарма называлі «адзіным мужыком ва ўкраінскай палітыцы». Так што, калі яна стане прэзыдэнткай, то паміж Менскам і Кіевам можа даволі моцна заіскрыць, хаця б адно з прычыны асаблівасьцяў характараў лідэраў.

І другі матыў, чаму для Лукашэнкі лепш Парашэнка. Гэта геапалітычны парадокс. Чым далей Кіеў ад Расеі і бліжэй да Захаду, тым зручней Лукашэнку. З усіх прэзыдэнтаў Украіны самыя выдатныя адносіны ў Лукашэнкі былі з правадыром Аранжавай рэвалюцыі Віктарам Юшчанкам. А хіба ня самыя кепскія — зь Віктарам Януковічам. Мяркую, што гэты парадокс і зараз будзе мець месца.

«Цімашэнка трэці раз абяцае ўкраінцам сьветлую будучыню»

Ганна Соўсь: Трэці раз удзельнічае ў прэзыдэнцкіх выбарах Юлія Цімашэнка, лідэрка палітычнага руху «Бацькаўшчына», былая прэм’ер-міністарка Ўкраіны, адна зь лідэраў Аранжавай рэвалюцыі. Некаторыя экспэрты прадракалі, што яе параза Парашэнку ў 2014 годзе — канец палітычнай кар’еры. І за гэтыя гады яна і сапраўды нібыта не адыгрывала першыя ролі. А зараз яе рэйтынгі дастаткова высокія. Чаму, за кошт чаго?

Наталка Чурыкава: Па праўдзе, яе рэйтынгі ня моцна адрозьніваюцца ад 2014 году. Тады яе вынік быў 13%, і цяпер яе вынік паводле апытаньняў, ня моцна адрозьніваецца. Яна — дасьведчаны палітык. Яны трэці раз абяцае ўкраінцам сьветлую будучыню, і ёсьць дастаткова вялікая колькасьць людзей, для якіх сьветлая будучыня выглядае так, як яе малюе Цімашэнка. Яны вераць, што можна зьменшыць удвая цану на газ, што можна падняць заробкі за некалькі гадоў да ўзроўню Польшчы. Але яна не гаворыць пра тое, як зьбіраецца рэфармаваць эканоміку.

Ці зайздросьцяць беларусы ўкраінцам

Ганна Соўсь: Валер, напэўна ня проста вымераць грамадзкую рэакцыю на суседзкія выбары. Але як вы мяркуеце, якія вашыя адчуваньні — ці зайздросьцяць беларусы ўкраінцам з той нагоды, што ў іх такія цікавыя, зьмястоўныя выбары, на якіх сапраўды лічаць галасы?

Валер Карбалевіч: За 20 апошніх гадоў і ў сьвеце, і у суседзяў адбылося шмат цікавых выбараў. І ва Ўкраіне ўжо ня першыя выбары, якія прыцягвалі ўвагу. На вачах беларусаў там адбылося дзьве рэвалюцыі. І нічога. Ніякага моцнага ўплыву самі выбары на беларусаў не зрабілі. Нічога ня зрушыла беларускую стабільнасьць. Хіба Другі Майдан, Крым і вайна на Данбасе моцна траўмавалі беларускае грамадзтва, што вельмі эфэктыўна выкарыстаў Лукашэнка для ўмацаваньня стабільнасьці.

Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі і Расеі будуць паказваць усе хібы дэмакратыі. Беларуская тэлевізія любіць паказваць бойкі ў Вярхоўнай Радзе, з камэнтарыямі: вось яна, дэмакратыя.

Зяленскі як прадукт Майдану

Ганна Соўсь: Давайце пагаворым пра яшчэ аднаго фаварыта на гэтых выбарах — артыста, арт-мэнэджара Ўладзімера Зяленскага, які сваю кампанію распачаў за некалькі хвілінаў да Новага году, абвясьціўшы, што ідзе на выбары. Зяленскі да нядаўняга часу не ўдзельнічаў у палітыцы. Ягоны высокі рэйтынг зразумелы, гэта пазнавальная асоба ў краіне. Як вы мяркуеце, ці разглядаюць яго выбарнікі як рэальнага палітычнага лідэра? Бо бывалі ў гісторыі артысты, якія станавіліся выніковымі палітыкамі. Напрыклад Рональд Рэйган.

Наталка Чурыкава: Гэтыя паралелі ва Ўкраіне праводзяць, але гавораць пра тое, што ў палітыку больш ідуць шоўмэны, як італьянскі лідэр руху «Пяць зорак» Бэпэ Грыла. Я думаю, што Ўладзімір Зяленскі ёсьць прадуктам Майдану, Рэвалюцыі Годнасьці, якая сфармавала запыт на новае аблічча. Гэты запыт ня быў выкананы, таму што пачалася вайна, і трэба было выбіраць такога лідэра, які зможа супрацьстаяць Расеі ў той вайне. І зараз гэты запыт нікуды не падзеўся. Той лідэр, да якога былі завышаныя чаканьні, звычайна іх ня можа рэалізаваць з многіх прычынаў. І адна зь іх — ён быў лідэрам старой фармацыі. І цяпер гэта попыт на новае аблічча, на штосьці незвычайнае да чалавека, які не зьвязаны са старымі палітыкамі.

Гэта ўспрымаецца як пазытыў, што ў яго няма палітычнага досьведу. Але як чалавек без палітычнага досьведу атрымае Ўкраіну ў такім стане, у якім яна зараз знаходзіцца, ягоныя прыхільнікі не задумваюцца. І тут Украіне патрэбная ўжо не Рэвалюцыя Годнасьці, а Рэвалюцыя Адказнасьці.

Чым падобныя Зяленскі і Лукашэнка

Ганна Соўсь: Юры, ці няма нейкага падабенства ў палітычным узьлёце Зяленскага і ў посьпеху Лукашэнкі ў 1994 годзе? Гэткія кандыдаты пратэсту супраць усёй звыклай эліты.

Юры Дракахруст: Так, ёсьць паралель паміж Лукашэнкам узору 1994 году і Зяленскім 2019 году. «Фішкі» абодвух падобныя: ёсьць старая, прагнілая, карумпаваная, дыскрэдытаваная эліта. І як у старым анэкдоце — усе ў г....е і тут выходжу я ў беласьнежным фраку. Навагодняя дэклярацыя Зяленскага ў такой стылістыцы і была.

Што ён пры гэтым гаворыць, як распавядае, як яны з Пуціным напішуць свае ўмовы і знойдуць агульную раўнадзейную — ну гэта дзіўны, мякка кажучы, плян. Але гэта для яго выбаршчыкаў і няважна.

Як мы гэта бачылі і ў 1994 годзе ў Беларусі, і ў ЗША ў 2016 годзе, падчас кампаніі Трампа — людзі рэагуюць на вобраз, на тэмбар голасу, а не на тое, што ўласна гаворыцца. Тут разьлік толькі на гэта — на бунт супраць усёй эліты. Хаця ў гэтых бунтах заўсёды ёсьць пэўнае лукаўства. Нават у Беларусі ў 1994 годзе на выбары ішоў насамрэч не дырэктар саўгасу, а дэпутат парлямэнту, старшыня часовай парлямэнцкай камісіі.

Гэтак жа і ў ЗША ў 2016 годзе — Трамп быў плоць ад плоці той самай эліты. Тое самае і Зяленскі. Назіральнікі адзначалі, што так рабіць «95-ы квартал», як яго рабіў і робіць Зяленскі, немагчыма без дакладнага і глыбокага веданьня ўсіх тонкасьцяў украінскай палітычнай кухні. Так што і Зяленскі — зусім ня «лох зь лесу» у палітыцы.

І калі ён паказаў сваю дэклярацыю аб даходах, то гэта не дэклярацыя яго героя-бессрэбраніка з сэрыялу «Слуга народу». Зяленскі — не алігарх, але чалавек ён вельмі заможны. Але ў вобраз змагара за народ супраць элітаў ён трапіў дакладна.

Хто б ня стаў прэзыдэнтам

Ганна Соўсь: Валер, кандыдаты ў прэзыдэнты, у тым ліку і фаварыты гонкі, выказваліся пра Беларусь і пра Лукашэнку. Ці можна сказаць, якіх стасункаў можна чакаць ад таго ці іншага кандыдата, у выпадку калі ён стане прэзыдэнтам ці прэзыдэнткай?

Валер Карбалевіч: Ня думаю, што моцна памяняюцца беларуска-ўкраінскія адносіны, хто б ня стаў прэзыдэнтам Украіны. Бо суседзям проста наканавана супрацоўнічаць. Гістарычны парадокс у тым, што ў Лукашэнкі больш эфэктыўным аказалася супрацоўніцтва з прэзыдэнтамі, якія прыйшлі да ўлады ў выніку дэмакратычных рэвалюцый, з Віктарам Юшчанкам і Пятром Парашэнкам. І наадварот, з намэнклятурнымі прэзыдэнтамі (Леанідам Кучмой, Віктарам Януковічам) адносіны былі больш напружаныя. Калі прэзыдэнтам стане Парашэнка ці Цімашэнка, то, думаю, ніякіх асаблівых праблем ня будзе, яны добра знаёмыя з Лукашэнкам. Пры іншых варыянтах нейкія дакладныя прагнозы рабіць больш складана.

Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне

  • Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбудуцца 31 сакавіка.
  • Прэзыдэнт выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
  • Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
Ілюстрацыйнае фота. Выбары ва Ўкраіне
  • Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
  • Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
  • Сёлетнія выбары ёсьць найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян.
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
  • 8 лютага ЦВК Ўкраіны завяршыла рэгістрацыю кандыдатаў. За права ўзначаліць Украіну будуць змагацца 44 асобы. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.
  • Заканадаўства забараняе абвяшчэньне вынікаў сацыялягічных апытаньняў пра лідэраў кампаніі за два дні да галасаваньня, а за дзень да выбараў усе выбарчыя штабы мусяць спыніць агітацыю. 30 сакавіка ва Ўкраіне будзе «дзень цішыні». У дзень выбараў шматлікія грамадзкія арганізацыі праводзяць апытаньні выбарнікаў пасьля іхнага галасаваньня, але вынікі экзыт-полаў могуць абвяшчацца толькі пасьля закрыцьця выбарчых участкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG