Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін: “Палітыкі вымушаныя ісьці за моладзьдзю”


Міхась Скобла, Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 25 лютага)

Да гадавіны Сакавіцкіх падзеяў на менскім Кастрычніцкім пляцы мастак Аляксей Марачкін напісаў карціну пад назвай “За Свабоду! Плошча Каліноўскага”. На вялікім палатне, якое мае памер два на два мэтры, адлюстраваныя тагачасныя падзеі, рэальныя і фантастычныя героі. Пра сваю працу над гэтым незвычайным творам Аляксей Марачкін пагадзіўся расказаць нашым слухачам.

Міхась Скобла: “Спадар Аляксей, над карцінай “За Свабоду! Плошча Каліноўскага” вы працавалі фактычна цэлы год — ад сакавіка да сакавіка. Паралельна вы яшчэ што-небудзь пісалі, ці гэтае шматплянавае палатно трымала вас пры сабе і не дазваляла думаць пра іншае?”

Аляксей Марачкін: “Калі мастак засяроджаны на адной тэме, на адной карціне, не выходзіць з майстэрні, думае толькі пра адно, то гэта перажываецца цяжкавата і можа мець непажаданыя наступствы. Зрок прытупляецца. Таму паралельна я працаваў і над іншымі творамі, прыканцы мінулага году ўдзельнічаў, прыкладам у пленэры, прысьвечаным Напалеону Орду. Але “Плошча…” мяне сапраўды трымала ў палоне. Як ніводзін твор з сэрыі “Беларускі супраціў”, якую я распачаў яшчэ ў 1994 годзе. Хачу падкрэсьліць, што я не адзіны беларускі мастак, які адгукаецца ў сваёй творчасьці на актуальныя тэмы, што хвалююць беларускае грамадзтва. Згадаем хоць бы працу Артура Клінава “Чаепитие в Мытишчах” (народная назва — “Чаепитие в Мудишчах”). Там такі пазнавальны вобраз... Альбо ўспомнім сэрыю графічных малюнкаў Ўладзімера Вішнеўскага, сярод якіх найбольш вядомы “Абы не было вайны”.



Скобла: “Калі глядзіш на вашую карціну, заўважна, што на ёй Плошча большая, чым ёсьць насамрэч — яна як бы рассунутая. Вы гэта зрабілі для таго, каб усім вашым героям ня цесна было?”

Марачкін: “Яно так. Я на палатне адлюстроўваў ня факт, а падзею. І падзею мне хацелася паказаць як мага шырэй. Але паказаць усё немагчыма, і гэта было б даволі сумна. Але акцэнты патрэбныя я расставіў. Паўтаруся, я не адлюстроўваў рэальнасьць. Прыкладам, год таму быў зусім другі калярыт, на плошчы быў сьнег, мароз. Але падзея адбывалася з прыходам вясны, мы дыхалі вясной, мы адчувалі за хмарамі сонца. І, самае галоўнае, мы адчувалі, што адбылася перамога ўнутры людзей. Моладзь сьвядома ішла на плошчу, моладзь асьвяціла гэтую плошчу імем Кастуся Каліноўскага. І вось гэты пазытыў мне й хацелася выявіць на карціне. І побач — нэгатыўны, саркастычна-іранічны зьмест”.

Скобла: “На самым пярэднім пляне вашага твору — юнак і юначка з прыгожымі, адухоўленымі тварамі. Прычым, юнак зь мячом, ён — абаронца. Чаму меч абаронцы вы аддалі юнаку, а не палітыкам Мілінкевічу ці Казуліну, якія пазнаюцца ў гушчы народу?”

Марачкін: “Пытаньне вельмі слушнае. Якія б ні былі палітыкі, яны ідуць за тымі, хто, мэтафарычна кажучы, узяў меч у рукі. А сёньня, я гэта адчуваю, меч у рукі ўзяла моладзь. І палітыкі вымушаныя ісьці за моладзьдзю, за тымі, хто сёньня знаходзіцца ў пастарунку, — той жа Дашкевіч, малады прыгожы чалавек, ці Павал Севярынец. У іхніх руках сёньня беларускі сьцяг і беларускі меч. Палітыкі ёсьць палітыкі, гэта прафэсіяналы. А моладзь актывізуе сябе і тых, хто побач”.

Скобла: “На вашай карціне — безьліч сьцягоў. Пераважна, бел-чырвона-белых, а таксама — Эўразьвязу. Адзін пільны чытач Свабоды, які пабачыў ваш твор на нашым сайце, падказаў, што на плошчы прысутнічалі і расейскія сьцягі. Ці іх вы на Плошчы Каліноўскага не захацелі мець прынцыпова?”

Марачкін: “Расейскі сьцяг схаваны за бел-чырвона-белым, яго папросту не відно… Але калі ўважліва паглядзець на палатно, то там можна ўбачыць і расейскі, і летувіскі, і ўкраінскі, і грузінскі сьцягі. Але перш за ўсё на плошчы было мора бел-чырвона-белых сьцягоў, гэта вельмі важна”.

Скобла: “Вашую карціну можна разглядаць праз павелічальнае шкло — настолькі дэталёва выпісаныя некаторыя рэчы…”

Марачкін: “Абсалютна згодны з табой. Я часам так іду ў дэталі, што галоўнае адступае на другі плян. Мне хацелася кожную дэталь як мага дакладней выпісаць, надаць ёй сэнс. На карціне можна разабраць нават тэксты на ўлётках, якія сыплюцца зь неба. На іх напісана: “Вызваліць Дашкевіча!”. На іх — звароты да начальніка краіны, да Шэймана, да Паўлючэнкі. Кожнай дэталі я стараўся надаць шматзначны сэнс”.

Скобла: “На плошчу перад Палацам Рэспублікі адчыняюцца каналізацыйныя люкі. Дарэчы, яны ўзмоцнена выкарыстоўваліся ў афіцыйнай прапагандзе падчас сакавіцкіх падзеяў. Маўляў, апазыцыя прыхоўвала ў люках зброю — падказвала БТ. Не забыліся пра люкі і вы. З аднаго зь іх высунуў галаву чалавек, вельмі падобны на аднаго вядомага палітыка. Чаму вы яго ў люк пасадзілі?”

Марачкін: “Калі адзін мой калега ўбачыў гэтую карціну, ён доўга глядзеў і папракнуў мяне: “А пры чым тут пацукі? Іх жа на плошчы не было!”. Я кажу, так, іх не было, але яны былі ў сьвядомасьці многіх беларусаў. Калі па радыё, па тэлебачаньні старшыня КДБ Сухарэнка страшыў людзей пацукамі, праводзячы аналёгіі з апазыцыяй. Пацукі — гэта мутанты сёньняшняй палітыкі. Пацукі лезуць не ў каналізацыю, а з каналізацыі, як тая нячыстая сіла! Сёньняшняя беларуская прапаганда хоча ўсіх нас зрабіць пацукамі, хоча загнаць нас у тыя люкі, каб мы адтуль не вылазілі. І сапраўды, як сымбаль, з аднаго люка выглядае галава вельмі пазнавальнага палітыка”.

Скобла: “І яшчэ зьвярну ўвагу на адну дэталь. На вашай карціне безуважная да ўсяго бабулька абірае бульбу, прычым бульбіны адкочваюцца акурат да вусатай галавы зь люка. Што вы гэтым хацелі падкрэсьліць?”

Марачкін: “Калі я вучыўся ў мастацкай вучэльні, то прафэсар Ахрэмчык заўсёды пытаўся ў студэнтаў: “Ну, раскажы, што ты намаляваў на гэтай кампазыцыі?” І некаторыя студэнты так добра расказвалі, так здорава, а на кампазыцыі было нешта зусім іншае. І Ахрэмчык казаў так: “Ну, за вусны адказ табе можна “пяцёрку” паставіць, а за тое, што зрабіў, — “двойку”. Каб жа і ў нас не атрымалася, што расказваю я лепей, чым намаляваў…

Я да сябе іранічна адношуся. Сапраўды, на пярэднім пляне фігура, якая многа каго раздражняе. Бабулька сымбалізуе народ, затурканы, зацюканы, які слухае толькі афіцыйнае радыё і глядзіць афіцыйнае тэлебачаньне. А вусатая галава, што цягнецца да бульбіны, помніцца, гаварыла: “Мой народ мяне пракорміць”. Гэта вобраз нашай пакутлівай маці-пэнсіянэркі, якая ня хоча нічога ведаць, ня хоча нічога бачыць. Маўляў, вы, маладыя, бярыце мячы, сьцягуйце, саймуйцеся, а нам абы ціха, абы вайны не было”.

Скобла: “Яшчэ адзін наш пільны слухач пашкадаваў, што не пабачыў на вашым палатне знак “Пачатак усіх дарог Беларусі”, які насамрэч усталяваны на Кастрычніцкай плошчы. Маўляў, гэта ж сымбаль: адсюль свабода мае шлях ва ўсе куткі Беларусі. Пра той знак вы забыліся?”

Марачкін: “Не, я не забыўся. Калі на карціне відны люкі з пацукамі, страшылкі гэтыя, то побач было недарэчна маляваць “Пачатак дарог”, ён канфліктаваў бы з тымі люкамі. Гэта ўжо была б іншая карціна. Ведаеш, на сваіх выставах я ніколі не кладу кнігу водгукаў, хоць да прафэсійных заўвагаў стаўлюся з разуменьнем. Калі прафэсіянал прыходзіць да мяне ў майстэрню і пачынае гаварыць: на тваёй новай карціне там нешта ня так, там тое ня гэтак, я сам сабе думаю — ты ня бачыш, там шмат што ня так, і я над гэтым б’юся!”

Скобла: “Дзе вы бачыце месца экспазыцыі свайго твору? У якім музэі?”

Марачкін: “Напісанае застаецца, і час адбярэ, што зроблена выдатна, а што — “на злобу дня”, што прахадное, што не прахадное. Я сёньня ня думаю, дзе гэтая карціна будзе, у якім музэі. Але перакананы, што тая сэрыя, якую я зрабіў, ня кане ў Лету. Хтосьці калісьці будзе да яе зьвяртацца, як сёньня людзі цікавяцца: а што малявалі мастакі ў часы другога райху? Дарэчы, пра музэй скажу колькі словаў. Пры адкрыцьці новага памяшканьня ў Нацыянальным мастацкім музэі мая карціна “Вэраніка і Максім” ўжо была ў экспазыцыі. Але перад візытам галоўнага начальніка краіны, літаральна за некалькі гадзінаў, яе зьнялі і павесілі твор Міхаіла Савіцкага. Але, відаць, музэйшчыкам сорамна, і там, на пустым месцы, вісіць шыльдачка: “Карціна на рэстаўрацыі”. Так што мая Вэраніка пакуль што плача ў сховах”.

Скобла: “І прыканцы гутаркі давайце згадаем другую тэму. Вы, як кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Бацькаўшчына”, разам з кіраўнікамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства беларускай мовы напісалі афіцыйны ліст мітрапаліту Філярэту з пратэстам супраць будаўніцтва ў Беларусі праваслаўнага храма ў гонар Суворава. Вы думаеце, мітрапаліт вас зразумее?”

Марачкін: “Цяжка сказаць. Трэба наогул праводзіць акцыю “Беларусь без Суворава!”. Я прыяжджаю на Віцебшчыну, у свае родныя Барсукі, і бачу — калгас Суворава. У Менску — Сувораўская вучэльня. У Кобрыне — музэй. І тут раптам храм Суворава! Гэта зьдзек над беларусамі, насьмешка над нашай гісторыяй. І гэта гаворыць пра тое, што расейская імпэрская палітыка ў дачыненьні да Беларусі працягваецца. Сувораў таптаў у крыві беларускую шляхту, пастанцаў Касьцюшкі, ён пашыраў тут Расейскую імпэрыю. Мы супраць ушанаваньня Суворава ў Беларусі. І мы падалі свой голас. Безумоўна, мы ведаем, што зьвяртаемся да прадстаўніка Расейскай праваслаўнай царквы, якая фактычна стаяла і стаіць на імпэрскіх пазыцыях. Але разам з тым, мы хочам, каб наш голас пачулі. Мы заявілі свой пратэст інтэлігентна, спакойна, але катэгарычна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG