У допісе на сваёй старонцы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў пратэстоўцаў «іранскімі патрыётамі».
«Працягвайце пратэставаць — захоплівайце ўрадавыя будынкі!» — напісаў ён.
Таксама Трамп папрасіў іранцаў захоўваць імёны забойцаў і тых, хто чыніць зьдзекі зь людзей і адзначыў, што «яны заплацяць вялікую цану».
Прэзыдэнт Злучаных Штатаў заявіў, што прыпыніў усе перамовы з прадстаўнікамі іранскіх уладаў да моманту, пакуль тыя не перастануць забіваць людзей на вуліцах. Забойствы ён назваў «бессэнсоўнымі».
Дональд Трамп напярэдадні абʼявіў аб увядзеньні 25-працэнтных мытаў для краін, якія вядуць бізнэс з Іранам.
Палітык раней заявіў, што іранскія лідэры «хочуць перамоваў», але ЗША, «магчыма, давядзецца дзейнічаць» да сустрэчы з імі. CNN са спасылкай на двух амэрыканскіх чыноўнікаў паведамляў, што гаворка ідзе як аб вайсковых, так і невайсковых мэтадах барацьбы з іранскім рэжымам, бо прэзыдэнт ЗША баіцца, што вайсковыя ўдары ЗША могуць згуртаваць насельніцтва Ірану. Сярод невайсковых захадаў абмяркоўваецца ўвядзеньне новых санкцый, кібэратакі супраць вайсковай або ўрадавай інфраструктуры, а таксама забесьпячэньне пратэстоўцаў інтэрнэтам Starlink.
Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 28 сьнежня 2025 году на фоне эканамічнага крызісу, абвалу нацыянальнай валюты і росту інфляцыі. Да адключэньня сеціва пратэсты ахапілі каля 120 гарадоў. Улады спрабуюць жорстка здушыць дэманстрацыі, выкарыстоўваючы зброю.
Паводле зьвестак Human Rights Activists News Agency (HRANA) на 12 студзеня, ад пачатку пратэстаў загінулі 646 чалавек, у тым ліку дзевяць дзяцей. Арганізацыя Iran Human Rights паведамляе аб 648 забітых. Колькасьць арыштаваных ацэньваецца больш як у 10 тысяч чалавек.
Форум