Нобэлеўскі ляўрэат прэміі міру і кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які нядаўна быў вызваленых зь беларускай турмы і прымусова вывезены за мяжу ў Літву, падтрымаў іранскіх пратэстоўцаў і заклікаў міжнародныя арганізацыі прыкласьці ўсе намаганьні для спыненьня гвалту з боку іранскага рэжыму.
«Дзесяцігодзьдзямі краіна знаходзіцца пад поўным кантролем таталітарнага радыкальнага ісламісцкага кіраўніцтва. У краіне адсутнічаюць свабода і дэмакратыя. Дзясяткі тысячаў палітзьняволеных прайшлі праз іранскія турмы, у тым ліку Нобэлеўская ляўрэатка прэміі міру Наргіз Махамадзі.
Вось жа зараз іранскі народ паўстаў. У краіне адбываюцца шматлікія акцыі пратэсту супраць бядотнага эканамічнага становішча і адсутнасьці свабодаў. У адказ улады выключылі інтэрнэт і ўжылі жорсткія захады пакараньня пратэстоўцаў. Тысячы людзей арыштаваныя, катаваныя. Паліцыя ды іншыя мілітарныя падразьдзелы расстрэльваюць мірныя мітынгі і сходы. Колькасьць ахвяраў, сярод якіх жанчыны і дзеці, паводле іранскіх праваабаронцаў, ідзе на тысячы.
У гэтым крытычным становішчы я захапляюся мужнасьцю пратэстоўцаў у Іране, якія нягледзячы на сьмяротную небясьпеку выступаюць за свае правы і справядлівасьць. Я заклікаю ўсе міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных краінаў прыкласьці ўсе намаганьні для спыненьня гвалту з боку іранскіх уладаў да мірных пратэстоўцаў. Я заклікаю іранскія ўлады пачуць голас народу і пачаць перамовы з дэманстрантамі.
Сьвет павінен спыніць рэкі крыві, якія затапілі вуліцы іранскіх гарадоў!»
У Іране 28 сьнежня пачаліся масавыя пратэсты супраць ураду краіны. Амаль адразу ўлады пачалі жорсткае задушэньне пратэстаў. Папярэдне, больш за 10 000 чалавек арыштаваныя за ўдзел у пратэстах. Паводле праваабарончых групаў, забітыя як мінімум 648 чалавек. Улады Ірану на некалькі дзён блякавалі інтэрнэт у краіне.
Форум