Дакумэнт апублікаваны 14 студзеня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале. Пагадненьне падпісалі ў Зымбабвэ 15 сьнежня 2025 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго зымбабвійская калега Опа Мучынгуры-Кашыры. Паводле дакумэнту, супрацоўнічаць міністэрствы будуць у галінах вайсковай адукацыі, апэратыўнага і баявога рыхтаваньня вайскоўцаў, сыстэмаў радыёэлектроннай барацьбы ды іншых сфэрах. Прадугледжаныя сумесныя заняткі і вучэньні, спаборніцтвы, трэнаваньні, баявыя стрэльбы.
Фінансавыя разьлікі, зьвязаныя з адукацыяй навучэнцаў, адбываюцца на падставе асобных кантрактаў.
Паводле прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі, краіны падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях у «процідзеяньні незаконнаму санкцыйнаму ціску».
Зымбабвэ плянуе накіраваць у Менск свайго вайсковага аташэ.
Супраца Беларусі і Зымбабвэ адбываецца ня толькі ў вайсковай сфэры. Падчас апошняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагвы, якая адбылася летась у траўні ў Менску, стала вядома, што ў беларускіх ВНУ вучацца больш за 60 студэнтаў з Зымбабвэ, а сумесная праграма мэханізацыі сельскай гаспадаркі дазволіла павялічыць збор пшаніцы ў гэтай краіне. Лукашэнка на сустрэчы з афрыканскім кіраўніком казаў таксама пра ўзаемныя пастаўкі прадуктаў харчаваньня (сухое малако, сокі, садавіна) і супрацу ў галінах аховы здароўя і паставак лекавых сродкаў.
У выніку перамоваў 14 траўня 2025 году паведамлялі, што кіраўнікі Беларусі і Зымбабвэ падпісалі дарожную мапу стратэгічнай двухбаковай супрацы і партнэрства на 2026–2030 гады.
Летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін таксама зьдзейсьніў афіцыйны візыт у Зымбабвэ, а таксама у М’янму, Катар, Пакістан, падпісаў тры міжнародныя пагадненьні — з Пакістанам, Кіргізстанам і Зымбабвэ.
Як напісаў Валеры Равенка зь Міністэрства абароны Беларусі на сваёй старонцы ў сетцы Х, сёлета ў Беларусі пройдуць вучэньні зь міратворчымі сіламі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах — манэўры з удзелам беларускай арміі. Акрамя таго, вайскоўцы Беларусі возьмуць удзел у міжнародных спаборніцтвах у Пакістане PATS-2026.