Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квадратны мэтар — $2000, аднапакаёўка — $110 000. Адкуль у Менску такія цэны на нерухомасьць

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У пачатку студзеня попыт на кватэры ў сталіцы ўпаў да мінімуму, кажуць рыэлтары. Летась квадратны мэтар сягнуў $2000, а за год цэны вырасьлі на 26%. Што адбываецца на рынку нерухомасьці.

За леташні год цэны на сталічную нерухомасьць рэкордна вырасьлі. Паводле аналітыкі realt.by, у Менску кватэры ў новых дамах падаражэлі на 26%, жыльлё на другасным рынку — на 21%. Рыэлтары зафіксавалі рэкордныя цэны: напрыклад, квадратны мэтар найбольш вырас у аднапакаёвых кватэрах — да 2100 даляраў, агулам мэтар у новабудоўлі — да 1950 даляраў, у жыльлі на другасным рынку — да 1930 даляраў.

Менш у сталіцы стала і ўгодаў куплі нерухомасьці. Калі ў 2024 годзе іх было 20 тысяч, то ў 2025-м канчатковы вынік ацэньваюць у 16 800 угодаў.

З пачатку году рынак наагул спыніўся, попыт у студзені ўпаў да мінімуму. 5% кватэраў, паводле падлікаў аналітыкаў, патаньнела. За першыя два тыдні гэтага году аналітыкі налічылі толькі 238 угодаў, гэта ў 2,2 раза менш, чым месяцам раней.

Што з рэальнымі цэнамі

У абвестках прапановаў цэны звычайна вышэйшыя, чым па факце ўгоды, але, нягледзячы на стагнацыю пачатку студзеня, сярэднія значэньні ў Менску могуць уразіць.

  • Мэтар у аднапакаёўцы — $2308
  • Мэтар у двухпакаёўцы — $2263
  • Мэтар у трохпакаёўцы — $2069

Што да канкрэтных кватэраў, аднапакаёўка ў новым комплексе «Менск-Мір» прадаецца за 288 526 рублёў, ці 98 500 даляраў. 57 квадратных мэтраў, рамонт давядзецца рабіць самому.

Будаўніцтва комплексу "Мінск-Мір", люты 2020 году
Будаўніцтва комплексу "Мінск-Мір", люты 2020 году

Аднапакаёўка ў новым комплексе «Вяршыня», што вырас паміж мікрараёнамі Малінаўкай і Каменнай Горкай, каштуе 322 212 рублёў, ці 110 000 даляраў. Кватэра ўжо адстроеная — рамантаваць ня трэба, квадрат тут каштуе 2500 даляраў.

За новую эўрадвухпакаёўку ў жыльлёвым комплексе «Паўночны Бераг» просяць 392 513 рублёў, гэта $134 000. У кватэры гатовы рамонт, яна невялікая, усяго 40 квадратаў. Вынікае, што квадрат тут каштуе $3350.

На другасным рынку цэны меншыя. Двухпакаёўка на вуліцы Карастаянавай, недалёка ад цэнтру, абыдзецца ў 248 982 рублі, ці $85 000. Значыць, квадратны мэтар тут — $1824.

Два гады таму, калі цэны толькі пачыналі расьці, такую кватэру можна было знайсьці за $62 000.

Трохпакаёўка ў новым раёне «Менск-Мір» каштуе 512 610 рублёў, ці $175 000. Жыльлё ўжо з рамонтам.

Трохпакаёўка на другасным рынку абыдзецца таньней. Напрыклад, сталінка ў раёне Трактарнага заводу каштуе 321 919 рублёў, ці $109 900.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Летась расьлі цэны і ў іншых беларускіх гарадах. Напрыклад, у Магілёве сярэдняя цана квадратнага мэтру ў чэрвені сягнула $911, што на 18,8% больш, чым у 2024 годзе. У Гомлі мэтар у чэрвені каштаваў у сярэднім $882, што вышэй, чым было ў 2024 годзе, на 23,9%.

«Гэта быў проста хапун»

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі рыэлтарамі. Зь іхных словаў, доля іншаземцаў сярод тых, хто набывае кватэры за высокую цану, — невялікая. Яны, напрыклад, ня будуць браць «хрушчоўку» ці «панэльку ў Каменнай Горцы». Большасьць жа сярод тых, хто купляе кватэры, — беларусы. Гэта зьвязана і з крэдытамі на жыльлё, і з ростам попыту з 2023 году.

«Гэта проста хапун, які працягваецца з 2023 году. Рынак нерухомасьці ў нас ня вельмі хутка рэагуе на зьмены. Многія бралі крэдыт і іх не засмучалі досыць высокія стаўкі, бо стабільна зьмяншаўся ў кошце даляр, што кампэнсавала і рост цэнаў на жыльлё, і ня вельмі выгадныя крэдытныя стаўкі. Іншаземцаў мала, яны могуць набываць нейкую элітную нерухомасьць. Што нерухомасьць купляюць толькі багатыя расейцы — гэта міт, яны ня будуць скупляць сацыяльныя панэлькі, каб здаваць іх у арэнду», — расказаў адзін з рыэлтараў.

Цяпер, зь ягоных словаў, попыт спыніўся, і гэта адбылося «празь неадэкватныя цэны».

«Скончыліся людзі, якім трэба нешта вырашаць з нерухомасьцю. На сёньня мы маем кватэры за неадэкватную цану. На рынку засталіся людзі, якія цягнуць з продажам. А зь іншага боку — скончыліся людзі, якія плянавалі нешта купіць», — дадае суразмоўца.

«Нявыгадна было захоўваць грошы ў далярах»

З словаў старшай навуковай супрацоўніцы Beroc Анастасіі Лузгіной, на падаражэньне нерухомасьці паўплывалі рост даходаў, даступнасьць крэдытаў, а таксама той факт, што ўкладаць сродкі ў даляры было нявыгадна цягам году: даляр таньнеў адносна беларускага рубля.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«Людзі думалі, куды ўкласьці рэсурсы. Хто меў вялікія ашчаджэньні, мог з улікам крэдытаў укласьціся ў набыцьцё кватэры. Гэта варыянт інвэстыцыі, а ў Беларусі ня так разьвіты фінансавы рынак, інструмэнты для інвэстыцыяў абмежаваныя, а купля жыльля — адна з магчымасьцяў. Беларускі рубель умацоўваўся адносна даляра, і пры росьце даходаў адбыўся такі эфэкт, што цэны ў далярах растуць, а ў рублях — не, а часам, наадварот, зьніжаюцца», — прыводзіць прыклад эканамістка.

То бок на пачатку мінулага году, калі даляр быў даражэйшы, кватэра ў далярах каштавала адну суму, пасьля даляр пачаў таньнець, таму ў далярах цана вырасла, а ў рублях засталася той жа.

Пакуль жа рыэлтары не чакаюць абвалу ці значнага зьніжэньня цэнаў. Хутчэй, цэны стабілізуюцца, як прагназуюць суразмоўцы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG