Урад Нямеччыны зьвёў да мінімуму кантакты і супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі органамі Беларусі, паведамляецца ў адказе на запыт партыі Саюз Сары Вагенкнехт, паведамляе Deutsche Welle.
У адказе нямецкага ўраду ўдакладняецца, што прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня 2020 году, якія суправаджаліся масавымі фальсыфікацыямі, рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і падтрымка агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны моцна ўскладнілі двухбаковыя адносіны краіны зь Нямеччынай і Эўразьвязам.
Амбасада Нямеччыны ў Менску падтрымлівае толькі неабходныя працоўныя кантакты зь беларускімі дзяржаўнымі органамі, а Фэдэральнае міністэрства транспарту і лічбавай інфраструктуры Нямеччыны — зь беларускім Міністэрствам транспарту і камунікацыяў у галіне транспамежных аўтамабільных грузаперавозак, гаворыцца ў адказе нямецкага ўраду.
- 9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Яны прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
- Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты і затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца дагэтуль.
- Захад не прызнаў вынікі выбараў у Беларусі, Лукашэнку ў Эўразьвязе лічаць нелегітымным прэзыдэнтам. З 2020 году Эўразьвяз увёў некалькі пакетаў санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі і істотна скараціў кантакты і супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
Форум