Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продаж тавараў з ЭЗ у Беларусь за год вырас на траціну. Што адбываецца з гандлем паміж Беларусьсю і Эўропай


Беларускія трактары на стаянцы гатовай пардукцыі. Архіўнае фота
Беларускія трактары на стаянцы гатовай пардукцыі. Архіўнае фота

За 9 месяцаў 2023 году Беларусь закупіла ў ЭЗ толькі транспартных сродкаў і запчастак для іх на 2 мільярды эўра.

Статыстычны камітэт Эўразьвязу на просьбу Свабоды падзяліўся інфармацыяй аб гандлі паміж краінамі ЭЗ і Беларусьсю за першыя 9 месяцаў гэтага году. Паглядзім, што Беларусь прадавала ў ЭЗ, а што купляла.

За 4 гады экспарт у Эўразьвяз зьнізіўся ў 5 разоў

Продаж беларускіх тавараў і харчу ў краіны ЭЗ упаў у параўнаньні зь мінулым годам у 2,4 раза. Летась за студзень—верасень Беларусь прадала туды тавараў на 2,7 мільярда эўра, а сёлета толькі на 1,1 мільярда. Калі параўноўваць з дакрызіснымі гадамі, то продаж беларускіх тавараў у ЭЗ упаў у 5 разоў. Тады за такі ж пэрыяд Беларусь прадала ў краіны Эўразьвязу прадуктаў і тавараў на 5,9 мільярда эўра.

Найбольш у 2023 годзе ў ЭЗ куплялі зь Беларусі:

  • «Розныя прамысловыя тавары» — на 141 мільён эўра.
  • «Машыны, мэханічныя прыстасаваньні, электрычнае абсталяваньне і іх часткі» — на 140 мільёнаў эўра.
  • «Гатовыя прадукты, алькаголь, тытунь» — на 115 мільёнаў эўра.

Асноўныя пакупнікі — краіны-суседзі

Калі глядзець на аб’ём экспарту зь Беларусі ў ЭЗ па краінах, то найбольш беларускіх тавараў сёлета куплялі:

  • Польшча — на 321 мільён эўра:
  • Літва — на 222 мільёны эўра;
  • Нямеччына — на 184 мільёны эўра.

Беларусь закупіла тавараў у ЭЗ на траціну больш, чым летась

Абʼём тавараў і прадуктаў, які Беларусь купляе ў ЭЗ, расьце, нягледзячы на санкцыі. Сёлета Беларусь набыла прадуктаў у ЭЗ на траціну больш, чым летась, калі мераць у грашах: 5,8 мільярда эўра сёлета супраць 4,2 мільярда ў мінулым годзе.

Найбольш папулярныя катэгорыі тавараў:

  • Транспартныя сродкі, самалёты, судны і адпаведнае абсталяваньне — 2 мільярды эўра за 9 месяцаў.
  • Прадукты хімічнай вытворчасьці — 1 мільярд эўра за 9 месяцаў.

Імпарт з ЭЗ у Беларусь вырас і ў параўнаньні з дакрызіснымі гадамі. У 2019-м за студзень—верасень Беларусь закупіла тавараў у ЭЗ на 4,9 мільярда эўра, што на 15,5% менш, чым сёлета.

Купля сродкаў транспарту вырасла ў параўнаньні зь мінулым годам на 25%. У гэтую катэгорыю тавараў могуць уваходзіць як аўтамабілі, так і запчасткі для іх.

«Зь Беларусі возяць абмежаваны аб’ём тавараў»

На падзеньне экспарту з Беларусі ў ЭЗ паўплывалі санкцыі, пра гэта кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

«Санкцыі сур’ёзна паўплывалі, адбылося значнае скарачэньне беларускага экспарту ў ЭЗ. Больш-менш прыкметны аб’ём — прадукцыя хімічнай прамысловасьці і машыны і мэханічныя прыстасаваньні. Але гэта ўсё адно нязначныя лічбы. Асноўныя краіны-пакупнікі — гэта краіны-суседзі, што абумоўлена геаграфічна», — гаворыць экспэртка.

Што да набыцьця Беларусьсю тавараў у ЭЗ, то важны паказчык — купля транспартных сродкаў. Экспэртка кажа пра рээкспарт аўтамабіляў.

«Гэта інвэстыцыйны імпарт. Значыць, ён працягваецца. І гэта, хутчэй за ўсё, рээкспарт у Расею аўтамабіляў. Нешта, вядома, можа асядаць у Беларусі. Асноўныя пастаўшчыкі: Польшча, Нямеччына і Літва. Што да імпарту прадуктаў хімічнай прамысловасьці, то Беларусь вырабляе ня ўвесь спэктар: могуць завозіць гуму, каўчук ды іншыя тавары», — дадае Анастасія Лузгіна.

У Беларусі ж лідэрам рынку новых легкавых аўтамабіляў застаецца кітайскі вытворца зь беларускай лякалізацыяй Geely. 70% рынку ў лістападзе, па зьвестках Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі. Агулам кітайскія маркі займалі 84% рынку ў лістападзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG