Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Камароўскі: «Ствараючы новы часопіс паэзіі, мы не імкнуліся заняць нечае месца»


Артур Камароўскі, архіўнае фота
Артур Камароўскі, архіўнае фота

16–18 лютага ў Вільні праходзіць літаратурны фэст «Вершы на асфальце».

Пагаварылі з адным зь яго ўдзельнікаў, галоўным рэдактарам інтэрнэт-часопіса беларускай паэзіі «Taubin», паэтам і перакладчыкам Артурам Камароўскім.

«Калі хтосьці хоча пачытаць актуальнае ў беларускай паэзіі — гэта да нас»

— Як і калі нарадзілася ідэя інтэрнэт-часопіса «Taubin»? І чаму гэта часопіс менавіта паэзіі, а ня ўвогуле беларускай літаратуры?

— Ідэя прыйшла да мяне спантанна, але, мяркую, на ўжо падрыхтаваную глебу. Памятаю, было лета 2021 году. Я тады жыў у Батумі, ля мора, пісаў сваю другую кнігу. І неяк падумаў, што вось жа ёсьць час, якія-ніякія магчымасьці і самае галоўнае — людзі, якім можна прапанаваць рабіць праект разам. Я напісаў ім — і яны адгукнуліся. Так мы пачалі думаць-разважаць, якой хацелі б бачыць гэтую пляцоўку, пра што яна будзе, для каго і г. д. (Я заўсёды ўзгадваю, як сядзелі з Крысьцінай Бандурынай на беразе Сьвіслачы, недзе ў 17-м ці 18-м годзе, і разважалі пра тое, што няблага было б мець нейкі новы часопіс літаратурны — Крысьціна, прынамсі, хацела друкаваны).

Але ў новых рэаліях я думаў толькі пра сайт — гэта ня толькі экалягічна (хоць тут мяне можна закідаць тапкамі), але і вельмі мабільна. Так ёсьць магчымасьць дацягнуцца да чытачоў і чытачак па ўсім сьвеце, пра што і кажуць прагляды: нас чытаюць у ЗША, Чэхіі, Літве, Грузіі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Польшчы. І гэта толькі найбольш частыя заходы на сайт.

Задачы ставіліся простыя і складаныя адначасова: запоўніць пэўныя лякуны і даць прастору ня толькі ўжо вядомым паэтам і паэткам, але і тым, хто толькі пачынае. Ну, і мы самі зразумелі, што ўсё, што зараз маем — гэтага недастаткова, яно не зусім адпавядае нашым крытэрыям і жаданьням, а публікацыі ў папяровым часопісе — справа марудная і доўгая.

Артур Камароўскі
Артур Камароўскі

Мая пэрсанальная мэта — даць прастору для выказваньня квір-паэтам і паэткам. Таму я, напрыклад, яшчэ і перакладаю такую паэзію.

Чаму часопіс паэзіі? Бо мы як стваральнікі і стваральніцы часопіса — найперш паэты і паэткі. Мы ведаем (хтосьці больш, хтосьці менш), як працаваць з паэзіяй, як яе рэдагаваць, калі гэта неабходна. Прозу я цяпер амаль не чытаю, для мяне гэта іншы сьвет. Ну, і публікацыя прозы патрабуе, напэўна, большых высілкаў. Мы, прынамсі, хацелі пачаць з таго, што нам па сілах. Але каб не было зусім сумна, то прыдумалі яшчэ разьдзел крытыкі і інтэрвію зь перакладамі (але таксама паэзіі). Таму, калі хтосьці хоча пачытаць актуальнае ў беларускай паэзіі, — гэта да нас.

— «Taubin» ужо адзначыў двухгодзьдзе свайго існаваньня. Што паказаў гэты час? Ці апраўдаліся надзеі стваральнікаў?

— Ад самага пачатку мне хацелася, каб працаваць над праектам было лёгка і прыемна, — можа, таму я ня ставіў перад сабой звышмэтаў. Проста рабіў тое, што мне падабаецца, кожная новая публікацыя была маленькім асабістым сьвятам. Але чым далей мы заглыбляліся ў працу, тым больш адказным рабіўся наш падыход. Аднойчы Крысьціна мне сказала нешта накшталт: мы зайшлі ўжо ў той пункт, адкуль немагчыма рабіць праект just for fun.

Зьяўляюцца новыя чытачы і чытачкі, дасылаюць вершы паэты і паэткі, прылятаюць на пошту рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, пішуцца інтэрвію — усё гэта патрабуе большых высілкаў і часу. Але ўсё адно рабіць гэта мне падабаецца ня менш, чым напачатку, а нават і больш.

Сёньня мы, напрыклад, маем чаргу на публікацыю — гэта і цікава, і нэрвова, і адказна адначасова. Будзем спадзявацца, што наступны год нашага існаваньня будзе ня менш насычаны.

— Якімі вы бачыце пэрспэктывы разьвіцьця «Taubinа»?

— Нам цікава разьвівацца. Зусім хутка стане дасяжным наш сумесны з Ганнай Севярынец курс пра літаратуру, мы рыхтуем сёе-тое для публікацыі зь перакладаў, я ўшчыльную падышоў да стварэньня падкастаў.

Мне падабаецца, што ў нашай камандзе такія розныя і крэатыўныя людзі, што мы можам рэалізаваць задуманае, дапамагаць адно аднаму, падтрымліваць і натхняць.

Артур Камароўскі
Артур Камароўскі

Мне б хацелася, каб праз год мы ўжо мелі некалькі зьдзейсьненых праектаў, падкасты і штосьці яшчэ цікавае і патрэбнае.

«Мы не імкнёмся заняць нечае месца, толькі знайсьці сваё»

— А тым часам незалежныя папяровыя беларускія літаратурныя выданьні цалкам зьніклі. Апошнім заявіў пра спыненьне свайго існаваньня самы пасьпяховы доўгажыхар «Дзеяслоў». Як, па-вашаму, адаб’ецца гэта на ролі і функцыі «Taubinа»? Ці зможа ён замяніць разьдзелы паэзіі папяровых часопісаў?

— Я ня ўпэўнены, што можна гаварыць пра нейкую замену (мы не імкнёмся заняць нечае месца, толькі знайсьці сваё), але проста як новую прастору — чаму б не? Мы будзем толькі рады, калі да нас прыйдуць новыя паэткі і паэты, мы абсалютна адкрытыя для ўсіх, незалежна ад узросту, гендэру і г. д.

Ну, і бонус — у нас няма нейкіх нумарных абмежаваньняў, можна хоць кожны месяц публікавацца. Я лічу, што для чалавека, які піша, гэта важна — мець магчымасьць паказаць свае вершы ня толькі на фэйсбуку, а на адмысловым паэтычным партале.

А яшчэ (я толькі нядаўна пачаў пра гэта думаць«) «Taubin» — гэта такая фіксацыя літаратурнага (паэтычнага) працэсу, архівацыя, якая важная для асэнсаваньня таго, куды мы ідзем у паэзіі і пра што гаворым. Важная для сучаснасьці і будучыні.

— А колькі і якіх, па-вашаму, трэба цяпер літаратурных выданьняў, каб цалкам прадстаўляць чытачам увесь спэктар сучаснай беларускай літаратуры?

— Чым больш, тым лепш. Кожны праект мае свае асаблівасьці, сваю палітыку працы, маніфэст і крытэры. Такім чынам мы ахопім усе нашы патрэбы. Адзін часопіс/сайт/праект ня можа гэтага зрабіць. Нават самы вялікі і папулярны.

Асабіста мне хацелася б бачыць больш квір-праектаў, нейкіх нізавых ініцыятыў, якія б гаварылі таксама пра нізавыя рэчы. Пра тое, што застаецца па-за ўвагай «масавага» чытача.

Я таксама спрабую гэта рабіць як рэдактар «Taubina».

«Гэтая кніга — падарожжа»

— У праграме літаратурнага фэсту «Вершы на асфальце», які адбываецца ў Вільні 16–18 лютага, пазначаная гутарка з вамі ня толькі пра часопіс «Taubin», але і пра вашу новую кнігу «Corpus Vile». Што гэта за кніга? Калі і дзе яна напісалася? І чым адрозьніваецца ад вашага дэбютнага зборніка «Вада пачынае жыць»?

— Страшна падумаць, але новай кнізе ўжо год. Яна выйшла акурат у лютым 2023-га, у выдавецтве Skaryna Press.

Толькі зараз я зразумеў, што люблю гэтую кнігу, кожны з разьдзелаў па-свойму. Гэтая кніга — падарожжа (уласна, «ад простай да ўскоснай мовы»). Гэтыя тэксты пра ўзаемаадносіны: мае з маім целам, маім целам і целамі блізкіх людзей, мною і маім партнэрам, і, урэшце, мною і незнаёмымі людзьмі. Гэтая кніга пра пошукі блізкасьці, яе магчымасьць і немагчымасьць, пра дотыкі і падарожжы, пра мову і маўчаньне, пра каханьне і боль. Гэта тэксты, якія я пісаў у Беларусі і Грузіі, Украіне і Швэцыі. Яе насяляюць самыя розныя людзі, яна расказвае гісторыі самых розных месцаў. Там шмат гарадоў, але і для мора хапіла месца.

Гэта ўжо ня проста выбранае з напісанага, як у папярэдняй кнізе, а адабранае і пакладзенае на сваё месца. Тут, як мне падаецца, няма выпадковых вершаў, але шмат выпадковасьці і нечаканасьцяў у самых тэкстах.

У гэтых вершах можна знайсьці нешта сваё, але і адначасова падгледзець вопыт кагосьці іншага. Вершы зь нізкі «Падарожжа ад простай да ўскоснай мовы» — гэта такі ўнівэрсальны досьвед, нягледзячы на тое, што тут я спрабую зразумець сваё цела. Вершы зь «Дзіўных рыбінаў» — гэта гісторыі канкрэтных людзей, у якіх лёгка знайсьці сябе.

«За сэкунду да цемры»

* * *

мяккае сэрца мовы —

на тваім кончыку месьціцца цэлы сусьвет

пухнатых літар

крыклівых гукаў

я паказваю цябе

люстэрку —

стаіш нібы на сцэне

на п’едэстале

самому сабе

а вакол шыхтуюцца белыя

гледачы і глядачкі —

сёньня ты доўга думаеш

перад тым як прамовіць

неахвотна перамінаесься

варушысься

выбіраешся

раз-пораз

цягнеш з адкрытага насьцеж акна

трапяткое паветра

ўсмоктваеш шум

невідочнага мора

хто я табе?

ненадзейны і хісткі дом

гэта ты даў мне імя

рудую фартэцыю рэха арэляў

табе

гэтыя горы

і раўчукі крыві

я твая служка —

круціся нібы вуж на агні

і кажы

выцягвай зь сябе

сьвісьцячае водгульле сэнсаў

шыпячае шамаценьне

шапэна

чужыя нам словы

трымаюцца на тваёй сьпіне

пакуль ты іх не праглынеш

не наясіся

бязважкасьцю

толькі ты ведаеш

што салодка —

з усіх моваў ты выбіраеш

найлепшае найвечнае

каб пасьля праглынуць

але зараз

высоўваеш твар

прыхарошваешся

сыплеш як макам

і ўсе багі гэтага сьвету

і іншых

слухаюць

* * *

быць перад вамі —

бязьлітасна колкімі і нямымі —

гараваць нашае гора

ўглядацца ўглыб свайго цела

нібы шукаць апраўданьне

быцьця

не даю пакуль веры

шалёным наступствам вайны

у якой мы так доўга жывём

што забыліся ўласныя імёны

ўсё адносна —

і час што пачаўся даўно

ўсё яшчэ некалі прыйдзе

несучы ў кішэнях ваду

і раскрыюцца (раскрыліся)

пупышкі зорак

па-над целамі

для вымярэньня прасторы бязьмежжа

быць перад вамі

есьці соль скуры каханых

пераўтвараць яе ў сьлёзы

губляць незнаёмых —

так памяць змахвае пыл

адрасоў гарадоў

і лета

якое

ўлятае шалёнаю мошкай

патрапляючы ў цэль

за сэкунду да цемры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG