Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ зноў паведаміла пра міны вакол Запароскай АЭС


Інспэктары Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) знайшлі міны ў буфэрнай зоне на мяжы Запароскай АЭС, якія прыбралі адтуль у лістападзе 2023 году.

Экспэрты МАГАТЭ зноў выявілі супрацьпяхотныя міны, усталяваныя ў буфэрнай зоне паміж унутранай і вонкавай агароджай па пэрымэтры Запароскай атамнай электрастанцыі, захопленай расейскімі вайскоўцамі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы МАГАТЭ, піша DW.

У папярэдні раз інспэктары МАГАТЭ знайшлі міны на пэрыфэрыі станцыі ў ліпені 2023 году — тады выбухоўка была закладзеная ў закрытай зоне, недаступнай для апэратыўнага пэрсаналу АЭС. «Наяўнасьць такой выбухоўкі на аб’екце супярэчыць стандартам бясьпекі МАГАТЭ і кіраўніцтвам па ядзернай бясьпецы і стварае дадатковы псыхалягічны ціск на пэрсанал станцыі», — падкрэсьлілі тады ў агенцтве, дадаўшы, што выбух гэтых мінаў не павінен паўплываць на сыстэмы ядзернай бясьпекі АЭС.

У лістападзе 2023 годe міны прыбралі. Цяпер яны зьявіліся зноў. З чым гэта зьвязана, не паведамляецца. Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі падкрэсьліў, што наяўнасьць мінаў не адпавядае стандартам бясьпекі агенцтва.

Паводле зьвестак МАГАТЭ, напярэдадні зьнікла сілкаваньне двух рэзэрвовых сілавых электрычных трансфарматараў ЗАЭС, што падкрэсьліла «ўразьлівасьць», якая захоўваецца, у наяўнасьці зьнешняй крыніцы энэргіі, неабходнай для ахаладжэньня рэактараў і для іншых важных функцый ядзернай бясьпекі. Рэзэрвовае электразабесьпячэньне аднавілі праз 8 гадзін, супрацоўнікі ЗАЭС высьвятляюць прычыну аварыі, указваючы, што не было зьнешняга пашкоджаньня трансфарматара.

«Уразmлівы энэргетычны статус станцыі застаецца адной з галоўных пагрозаў для ядзернай бясьпекі на пляцоўцы. Сытуацыя застаецца вельмі трывожнай. Са жніўня 2022 году на абʼекце ўжо восем разоў адключалася зьнешняе электразабесьпячэньне, што вымусіла яго спадзявацца на аварыйныя дызэль-генэратары», — расказаў Гросі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG