Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовы сайт «Трыбуна» і яго сацыяльныя сеткі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

абноўлена

Сымболіка сайту «Tribuna.com Беларусь»
Сымболіка сайту «Tribuna.com Беларусь»

Афіцыйную інтэрнэт-старонку вядучага спартовага мэдыя Беларусі ўнесьлі ў «чорны сьпіс» на патрабаваньне МУС. Таксама туды дадалі шэраг магілёўскіх незалежных СМІ і старонку былых сілавікоў.

Сайт «Tribuna.com Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Назва старонкі зьявілася ў абноўленым пераліку на сайце ведамства.

Часткамі «экстрэмісцкага фармаваньня» названы сайт by.tribuna.сom, сацыяльныя сеткі і дадаткі Tribuna.сom Беларусь, а таксама «лягатып у выглядзе мастацкай выявы пяціканцовай зоркі, выкананай у рознакаляровых танах, на чорным фоне».

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызналі аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, ютуб-канал 6TV Bielarus, «Магілёў Медыя» і «Навіны Магілёўскага рэгіёну». Удзельнікамі апошніх названыя вядомыя магілёўскія праваабаронцы і журналісты Зьміцер Салаўёў, Уладзімер Лапцэвіч і Аляксандар Буракоў.

Аўдыторыя «Трыбуны» перасягае мільён чалавек за месяц, яшчэ 4 мільёны чытачоў штомесяц карыстаюцца сайтам праекту і мабільнымі праграмамі.

Сайт «Трыбуна» вырас з праекту goals.by, ён піша пра падзеі беларускага спорту. Пасьля 2020 году рэдакцыя стала пісаць больш і пра палітычны складнік беларускага спорту, пра падзеі, якія непасрэдна паўплывалі на зьмены. Журналісты выданьня рэгулярна крытыкуюць фэдэрацыі розных відаў спорту, паказваючы на прыкладах іх палітычную заангажаванасьць і адыход ад дэкляраванага самымі чыноўнікамі прынцыпу «спорт па-за палітыкай».

Дзякуючы дзейнасьці «Трыбуны» беларускія чытачы даведаліся пра шматлікія выпадкі палітычна матываванага перасьледу спартоўцаў у краіне.

Таксама стала вядома, што прызнаны «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал «Беларуская рада культуры».

4 сьнежня суд Баранавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канал «Беларуская рада культуры». У каналу больш за 700 падпісчыкаў.

Рэакцыя «Трыбуны» на прызнаньне «экстрэмісцкім фармаваньнем»

Рэдакцыя зазначыла, што «Трыбуна» стала чарговым буйным незалежным мэдыя, названым рэжымам «экстрэмісцкім фармаваньнем» для ўскладненьня працы. Раней такі статус атрымалі «Люстэрка», «Наша ніва» і шэраг іншых.

«Статус „экстрэмісцкага фармаваньня“ ўскладняе працу з крыніцамі, бо за наданьне такому мэдыя любой інфармацыі рэжымны „суд“ можа адправіць за краты на тэрмін да 7 гадоў. Tribuna.сom у сваёй працы ніколі не раскрывае крыніцы інсайдаў і асабліва ўважліва сочыць за гэтым у апошнія гады перасьледу рэжымам. За любую спробу фінансава дапамагчы „экстрэмісцкаму фармаваньню“ рэжымны „суд“ можа адправіць за краты на тэрмін да 8 гадоў. Адзначым, што „Трыбуна“ ніколі не зьвярталася да аўдыторыі па данаты.

Таксама з гэтага часу любога супрацоўніка „Трыбуны“ рэжымны „суд“ можа адправіць за краты на тэрмін да 10 гадоў. Нягледзячы на гэта, каманда праекту працягне сваю працу ў ранейшым фармаце, асьвятляючы ўсе працэсы ў беларускім спорце».

Найбліжэйшым часам рэдакцыя выпусьціць падрабязны матэрыял пра тое, як засьцерагчы сябе пры чытаньні «Трыбуны».

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG