Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога амбасадара ЗША арыштавалі праз абвінавачаньне ў працы на выведку Кубы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Маямі па абвінавачаньні ў працы на кубінскую выведку арыштаваны былы пасол ЗША ў Балівіі Мануэль Роча. Пра гэта паведаміла Associated Press са спасылкай на дзьве крыніцы.

73-гадовы былы амэрыканскі дыплямат быў арыштаваны ў 1 сьнежня ў рамках працяглага расьсьледаваньня ФБР.

Адна з крыніц агенцтва расказала, што Мануэля Рочу абвінавачваюць у прасоўваньні інтарэсаў кубінскага ўраду. Фэдэральны закон патрабуе, каб людзі, якія выконваюць палітычныя заказы замежнага ўраду ці арганізацыі на тэрыторыі ЗША, рэгістраваліся ў Міністэрстве юстыцыі.

Ведамства ў апошнія гады ўзмацніла крымінальны перасьлед за незаконнае замежнае лабіяваньне.

Роча нарадзіўся ў Калюмбіі і вырас у Нью-Ёрку, атрымаў некалькі ступеняў у вобласьці гуманітарных навук у Ейльскім, Гарвардзкім і Джорджтаўнскім унівэрсытэтах, перш чым паступіць на дыпляматычную службу ў 1981 годзе.

25-гадовая дыпляматычная кар’ера Мануэля Рочы ў асноўным праходзіла ў Лацінскай Амэрыцы ў часы халоднай вайны. Яго дыпляматычныя пасады ўключалі працу ў Сэкцыі інтарэсаў ЗША на Кубе ў той час, калі Вашынгтон ня меў поўных дыпляматычных адносін з камуністычным урадам Фідэля Кастра.


З 1997 па 2000 год ён узначальваў дыпляматычную службу ЗША ў Аргентыне. Пасьля Роча быў прызначаны паслом у Балівіі. Тады ён непасрэдна ўмяшаўся ў прэзыдэнцкую гонку 2002 году, папярэдзіўшы за некалькі тыдняў да галасаваньня, што ЗША спыняць дапамогу гэтай беднай паўднёваамэрыканскай краіне, калі яна выбера на пасаду прэзыдэнта былога вытворцу кокі Эва Маралеса. Дзеяньні Рочы былі вытлумачаны як спроба захаваць дамінаваньне ЗША ў рэгіёне і далі Маралесу падтрымку з боку выбарнікаў.

Роча таксама служыў у Італіі, Гандурасе, Мэксыцы і Дамініканскай Рэспубліцы, а таксама працаваў экспэртам у Лацінскай Амэрыцы ў Радзе нацыянальнай бясьпекі.

Пасьля выхаду на пэнсію зь Дзяржаўнага дэпартамэнту Роча пачаў карʼеру ў бізнэсе ў сфэрах золатаздабычы і экспарту вугалю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG