Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва будуе новую вайсковую інфраструктуру сілам NATO для стрымліваньня пагроз з Расеі і Беларусі


Нямецкая тэхніка на вайсковай базе ў паселішчы Рукла ў Літве. Архіўнае фота
Нямецкая тэхніка на вайсковай базе ў паселішчы Рукла ў Літве. Архіўнае фота

База знаходзіцца ў паселішчы Рукла ў Янаўскім раёне ў цэнтры Літвы, за 50 кілямэтраў ад вусьця ракі Віліі (Нярыса).

Як піша агенцтва Dpa, Літва будуе новую вайсковую і матэрыяльна-тэхнічную інфраструктуру для салдатаў NATO на сваёй вайсковай базе Рукла.

Міністэрства абароны Літвы паведамляе аб новых адміністрацыйных і жылых будынках, спартовых і трэнавальных аб’ектах, а таксама мэдыцынскім цэнтры і вайсковай кухні, якія павінны быць пабудаванымі ў наступныя гады. У цяперашні час база выкарыстоўваецца для разьмяшчэньня літоўскіх і нямецкіх падразьдзяленьняў і будаўнічыя работы зьяўляюцца сумесным літоўска-нямецкім праектам, гаворыцца ў заяве Мінабароны Літвы.

Пасьля завяршэньня цэнтар зможа разьмясьціць да 3000 салдатаў. Будаўнічыя работы павінны быць выкананыя ў пэрыяд з 2025-га па 2027 год, ацэначны кошт каля 300 мільёнаў эўра.

Будаўніцтва пастаяннай базы матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, якое плянуецца завяршыць у сакавіку 2025 году, ужо напалову скончылі. Кантынгент вайскоўцаў нямецкага Бундэсвэру ўзначальвае шматнацыянальную баявую групу NATO ў Рукле з 2017 году. Яна складаецца з прыблізна 1600 салдатаў, палова зь іх нямецкія, разьмешчаныя ў Літве для абароны ўсходняга флянгу альянсу і стрымліваньня Расеі.

NATO вырашыла павялічыць сваю доўгатэрміновую прысутнасьць у Літве ў адказ на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Урэшце Нямеччына плянуе разьмясьціць у краіне брыгаду з 4000 чалавек.

Гэта прызначана для ўмацаваньня патрэб бясьпекі партнэра па NATO, які мяжуе з расейскім эксклявам Калінінградзкай вобласьцю і саюзьнікам Расеі Беларусьсю, піша Dpa.

«Мы праводзім грунтоўную рэканструкцыю вайсковай інфраструктуры Літвы. Наша мэта — пабудаваць паўнавартасную інфраструктуру для сіл саюзьнікаў і літоўскіх вайскоўцаў. Гэта абавязаньні Літвы ў падтрымцы як боку, які прымае. Разьвіцьцё інфраструктуры таксама непазьбежна для павелічэньня баявой моцы літоўскіх узброеных сіл і больш эфэктыўнай нацыянальнай абароны», — кажа міністар нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG