Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве затрымалі 6 падазраваных у кантрабандзе цыгарэт зь Беларусі


Летась такіх затрыманых было больш за 170.

12 студзеня ў Літве затрымалі 6 чалавек, якіх падазраюць ва ўдзеле ў арганізаванай групе, зьвязанай з кантрабандай беларускіх цыгарэтаў на паветраных шарах, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT).

У іх правялі ператрусы і знайшлі 7,5 тысячы пачкаў цыгарэт беларускай вытворчасьці, грошы, беларускія і літоўскія SIM-карткі ды тэлефоны. А яшчэ арыштавалі дзьве машыны.

Затрыманым — ад 25 да 46 гадоў. Гэта жыхары Вільні і памежных зь Беларусьсью Віленскага і Салечніцкага раёнаў.

Адзін з затрыманых сёлета грузаў
Адзін з затрыманых сёлета грузаў

Памежная служба таксама апублікавала відэа першага зафіксаванага сёлета паветранага шара кантрабандыстаў.

Сёлета памежнікі перахапілі ўжо 7 паветраных шароў з 24 тысячамі пачкаў цыгарэт.

Леташняя ж статыстыка наступная:

  • 635 перахопленых партый кантрабандных цыгарэт на шарах,
  • 59 пасаджаных кантрабандысцкіх дронаў,
  • 1,6 млн канфіскаваных пачкаў цыгарэт, перапраўленых у Літву па паветры.
  • 171 затрыманы паводле падазрэньня ў кантрабандзе.

Праз шары зь беларускай кантрабандай Літва з 26 кастрычніка да 19 лістапада закрывала мяжу з Беларусьсю, а 9 сьнежня аб’явіла экстрэмальную сытуацыю.

З той жа прычыны летась 15 разоў прыпыняў працу віленскі аэрапорт і аднойчы — ковенскі. Гэта закранула больш за 350 рэйсаў, больш за 50 тысяч пасажыраў і прывяло да стратаў у памеры больш як 750 тысяч эўра, піша LRT.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG