Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве адзначаюць 35-я ўгодкі трагічных падзей 1991-га, калі краіна выходзіла з СССР. ФОТА


Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

13 студзеня 1991 году савецкія войскі ўзялі штурмам будынак тэлецэнтру ў Вільні. У выніку дзеяньняў савецкіх вайскоўцаў каля Дому друку, тэлевізійнай вежы і будынку Літоўскага радыё і тэлевізіі было забіта 14 цывільных асобаў. Гэты дзень адзначаецца ў Літве як Дзень абаронцаў свабоды.

Студзеньскія падзеі 35-гадовай даўніны вянчалі шматгадовы працэс аднаўленьня незалежнасьці Літвы, якому актыўна перашкаджалі савецкія ўлады. 13 студзеня 1991 года тысячы літоўцаў выйшлі на абарону стратэгічных аб’ектаў ад савецкага войска. Непасрэдна ў той дзень у Вільні ад дзеяньняў войск СССР загінула 14 абаронцаў, сотні атрымалі раненьні.

Хоць савецкім вайскоўцам тады ўдалося захапіць тэлевежу і будынак Літоўскага радыё і тэлебачаньня, яны не адважыліся атакаваць будынак тагачаснага Вярхоўнага Савету — Аднаўленчага Сейма, якое ахоўвалі тысячы людзей.

У абароне парлямэнту Літвы ў студзені 1991 году бралі ўдзел і беларусы, якія стала пражывалі ў Літве альбо адмыслова прыехалі ў Вільню. І сёньня беларусы бяруць удзел і ў адзначэньні 35-х угодкаў тых падзей.

Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Урачыстае адзначэньне Дня абаронцаў Свабоды пачалося 12 студзеня: каля Сейму на праспэкце Гедыміна і тэлевежы былі запаленыя вогнішчы, якія нагадалі падзеі 1991 году, на плошчы Незалежнасьці ўрачыста паднялі дзяржаўны сьцяг Літвы. Апоўдні 13 студзеня ад гэтага месца да Катэдральнай плошчы заплянаваны марш роты ганаровай варты з вайсковым аркестрам, а на Антокальскіх могілках і ў іншых месцах былі ўскладзеныя кветкі да помнікаў абаронцам незалежнасьці.

Пасьля запальваньня вогнішча каля віленскай тэлевежы прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што свабоду, як і агонь вогнішча, трэба пастаянна падтрымліваць, «каб яна палымнела ярка».

«Трэба ні ў якім разе не спыняцца і ня думаць, што баі за свабоду адбыліся ў мінулым, мы выйгралі іх раз і назаўжды. Гэта не так, і кровапраліцьце ва Ўкраіне нагадвае нам пра цану свабоды, якую мы павінныя быць гатовыя заплаціць у любы час», — сказаў Наўседа журналістам у панядзелак у тэлевежы, піша BNS.

Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Карціны Пушкіна выставілі ў Сейме Літвы да Дня абаронцаў Свабоды

У Сейме Літоўскай Рэспублікі 12 студзеня адкрылася выстава карцін, прысьвечаных беларусам, якія загінулі ва Ўкраіне, абараняючы яе свабоду.

Сярод твораў, якія экспануюцца ў літоўскім парлямэнце — карціны Алеся Пушкіна, які пасьля творчай паездкі ва Ўкраіну быў арыштаваны беларускімі ўладамі і ў 2023 годзе памёр у турме.

Выстава ў Сейме да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Выстава ў Сейме да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Таксама ў літоўскім Сейме выстаўленыя карціны былога палітвязьня, старшыні мастацкай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова, які быў асуджаны на тры калёніі, беларускіх мастакоў Алеся Сушы, Алеся Цыркунова, Андруся Такінданга і ўкраінскага майстра жывапісу Тараса Носара.

Выстава гэтых творцаў арганізаваная з дапамогай Таварыства беларускай культуры ў Літве і Міжнароднага дабрачыннага фонду «Валошка» (Украіна).

Выстава ў Сейме да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Выстава ў Сейме да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Раней Анатоль Лябедзька і Дзяніс Кучынскі, дарадцы дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, прынялі ўдзел у традыцыйным забегу памяці абаронцаў свабоды Літвы. Гэтая спартовая акцыя завецца «Шляхам жыцьця і сьмерці» і прысьвечана 35-й гадавіне падзеяў 13 студзеня 1991 году.

Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Беларусы «глыбока ўдзячныя» Літве за салідарнасьць і падтрымку на іх шляху да свабоды, заявіла 13 студзеня дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Яна апублікавала падзяку ў сацыяльнай сетцы Х у Дзень абаронцаў свабоды Літвы — «дзень, калі простыя літоўцы праявілі вялікую мужнасьць, згуртаваўшыся для абароны незалежнасьці ад прыгнёту».

Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026
Акцыя да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG