Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішняга правадыра карсыканскіх сэпаратыстаў застрэлілі на пахаваньні маці


Ален Арсоні з сваёй маці Марынэт у 1985 годзе пасьля суду над карсыканскімі сэпаратысамі ў Ліёне
Ален Арсоні з сваёй маці Марынэт у 1985 годзе пасьля суду над карсыканскімі сэпаратысамі ў Ліёне

Пракуроры ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю на востраве Корсыка, які належыць Францыі, расьсьледуюць забойства былога кіраўніка мясцовых сэпаратыстаў Алена Арсоні.

71-гадовы Ален Арсоні, які гадамі жыў у выгнаньні ў Нікарагуа, быў вядомай постацьцю на Корсыцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, куля трапіла яму ў грудзі на могілках, на якіх ён чакаў пахаваньня сваёй маці ў вёсцы Вэра, піша BBC.

Матывы забойства пакуль невядомыя, але разглядаецца палітычны складнік. Арсоні на працягу дзесяцігодзьдзяў быў вядомай постацьцю ў карсыканскім грамадзтве, і яго забойства на могілках у роднай вёсцы можа быць зьвязаным з злачыннымі клянамі, якія дзеюць на востраве.

Афіцэры паліцыі на месцы забойства Алена Арсоні на вясковых могіках
Афіцэры паліцыі на месцы забойства Алена Арсоні на вясковых могіках

Крыніца ў паліцыі паведаміла газэце Le Monde, што ёсьць падабенства зь нядаўнімі забойствамі, накіраванымі на людзей, зьвязаных з сынам Арсоні, Гі, дваіх зь якіх застрэлілі ў 2023 годзе. Сам Гі Арсоні адбывае 13-гадовы тэрмін пазбаўленьня волі за спробу забойства члена адной з бандаў у 2018 годзе.

Што тычыцца Алена Арсоні, то ён зацікавіўся карсыканскім нацыяналізмам у 1970-х гадах і прыняў удзел у нападзе з агнястрэльнай зброяй перад пасольствам Ірану ў 1980 годзе. Праз тры гады ягонага брата выкралі і лічылі забітым.

Пазьней Ален Арсоні заснаваў сэпаратысцкі Рух за самавызначэньне (MPA), які атрымаў чатыры месцы на выбарах 1992 году. Ён ня змог, аднак, заняць сваё месца з-за парушэньняў у выбарчай кампаніі і пазьней апынуўся ў турме за шэраг злачынстваў.

На тле жорсткіх расколаў сярод карсыканскіх нацыяналістычных лідэраў Арсоні пакінуў востраў і пераехаў у Цэнтральную Амэрыку яшчэ ў 1996 годзе, а ў рэшце рэшт вярнуўся, каб стаць прэзыдэнтам карсыканскага футбольнага клюбу «Аяча» ў 2008 годзе. У тым жа годзе ён перажыў замах на сваё жыцьцё.

У наступныя гады ён расказваў журналістам, што вядзе спакойнае жыцьцё без брыгады целаахоўнікаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG