Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналісты, якія перамаглі на Корсыцы, патрабуюць большай аўтаноміі ад Францыі


Корсыка, ілюстрацыйнае фота

Жыхары вострава Корсыка хочуць больш самастойнасьці, заявіў кіраўнік рэгіянальнага ўраду Жыль Сымэоні. Ён заклікаў прэзыдэнта Францыі пачаць перамовы аб наданьні востраву большай аўтаноміі.

Адзін зь лідэраў нацыяналістычнай кааліцыі «За Корсыку» Жыль Сымэоні, які 2 студзеня быў абраны старшынём выканаўчай рады Корсыкі, у якасьці кіраўніка рэгіянальнага ўраду заклікаў прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона ў хуткім часе пачаць перамовы наконт большай аўтаноміі для вострава, паведамляе DW.

У сваім выступе на радыёстанцыі France Inter Сымэоні заявіў, што Макрон павінен «паслаць сыгнал адкрытасьці» карсыканцам. Паводле кіраўніка рэгіянальнага ўраду, галасаваньне на выбарах паказала, што жыхары вострава хочуць больш самастойнасьці.

10 сьнежня нацыяналістычная кааліцыя «За Корсыку» атрымала перамогу на выбарах у рэгіянальную асамблею, набраўшы 56,5 адсотка галасоў. Такім чынам, нацыяналісты атрымалі 41 з 63 месцаў у рэгіянальным парлямэнце. Пакуль што Эманюэль Макрон ніяк не выказваўся пра будучыню Корсыкі ў сьвятле мінулых выбараў.

Нацыяналістычная кааліцыя спрабуе дамагчыся для Корсыкі большай аўтаноміі, аднак, у адрозьненьне ад Каталёніі, яны ня хочуць цалкам аддзяляцца ад Францыі — не ў апошнюю чаргу, праз моцную залежнасьць вострава ад дзяржаўнага бюджэту. Апроч іншага, нацыяналісты патрабуюць раўнапраўнага прызнаньня карсыканскай мовы нароўні з францускай і амністыю для зьняволеных, якіх яны лічаць палітычнымі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG