Пра галасаваньне ў Сэйме паведаміў Dziennik Gazeta Prawna. «Грамадзянская кааліцыя» (KO) прапанавала адхіліць праект закону, з гэтым пагадзіліся 240 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 200 чалавек.
Праект паправак да закону аб польскім грамадзянстве прадстаўнікі PiS унесьлі ў кастрычніку. Яны хацелі, каб атрыманьне грамадзянства стала больш складаным, чым раней. А таксама, каб на працягу ўсяго падоўжанага да дзесяці гадоў пэрыяду замежнік павінен быў увесь час жыць у Польшчы і мець стабільны прыбытак.
У выпадку шлюбаў грамадзян Польшчы з замежнікамі апошні павінен быў бесьперапынна пражываць у краіне 6 гадоў, каб атрымаць польскае грамадзянства.
Адзін з аўтараў праекту, дэпутат ад PiS Павал Храняк у час разгляду прапановы заявіў, што падаўжэньне тэрміну з трох да дзесяці гадоў павінна спрыяць фармаваньню ў замежнікаў пачуцьця агульнасьці, разуменьню таго, як функцыянуе польская дзяржава, а таксама веданьню мовы на гутарковым узроўні.
У час дэбатаў над праектам намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Магдалена Рагуская нагадала, што ўжо вядзецца праца над урадавым праектам зьменаў. Яна параіла Сэйму не працягваць працу над дэпутацкім праектам і дачакацца ўрадавай ініцыятывы.
Форум