Першыя ў гісторыі Рэспублікі Малдова хаўтуры прэзыдэнта пройдуць зь дзяржаўнымі ўшанаваньнямі.
Усе жадаючыя разьвітацца з прэзыдэнтам Мірчам Сьнегурам могуць зрабіць гэта сёньня ў Палацы Рэспублікі ў Кішынэве, цырымонія стартавала а 10-й гадзіне. Там жа пройдзе цырымонія пахаваньня, адкуль працэсія накіруецца на Цэнтральныя могілкі ў Кішынэве, ад вуліцы Армянскай.
16 верасьня аб’яўлена днём нацыянальнай жалобы. У гэты дзень ва ўсіх населеных пунктах краіны, а таксама ў дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтвах Рэспублікі Малдова за мяжой вывешаны Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Малдова.
Апоўдні мясцовага часу адбудзецца хвіліна маўчаньня ў памяць Мірчы Сьнегура.
Мірча Сьнегур вядомы тым, што не падтрымаў у 1991 годзе путчу ў Маскве, адстойваў незалежнасьць Малдовы і падтрымаў абвяшчэньне румынскай мовы дзяржаўнай.
Палітык нарадзіўся 17 студзеня 1940 году. Мірча Сьнегур прэзыдэнтам Малдовы ў верасьні 1990 году пасьля карʼеры ў камуністычнай партыі. Да развалу СССР ён узначальваў прэзыдыюм і Вярхоўны савет Малдаўскай ССР. Па спэцыяльнасьці быў аграномам, меў званьне доктара сельскагаспадарчых навук.
У сакавіку 2022 году ў інтэрвію Радыё Свабода Мірча Сьнегур параўнаў поўнамаштабнае расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну з вайной за Днястроўскую тэрыторыю ў Малдове.
Мірча Сьнегур памёр ва ўзросьце 83 гадоў ад цяжкай хваробы.