Аляксандар Лукашэнка зь беларускімі вайскоўцамі 15 траўня 2023 году
Доктар палітычных навук, кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае, каму патрэбна, а каму не патрэбна абвастрэньне беларуска-польскіх дачыненьняў, адказвае, ці сапраўды Варшава можа цалкам перакрыць мяжу, і называе апошнія выказваньні Лукашэнкі «інфармацыйна-псыхалягічнымі апэрацыямі».
Сьцісла
Цяжка знайсьці рацыянальную прычыну, дзеля якой Менску цяпер патрэбная была б эскаляцыя напружанасьці на мяжы з Польшчай.
Нейкага эфэктыўнага ўзьдзеяньня на палітыку Варшавы Менску не ўдаецца.
Калі і можа быць далейшая эскаляцыя, то яна не ў інтарэсах Менску, а выключна ў інтарэсах Масквы.
Большасьць выказваньняў Лукашэнкі апошняга часу, асабліва для замежнай аўдыторыі, — гэта так званыя «інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі».
— Як можна ацаніць інцыдэнт, калі два вайсковыя верталёты Беларусі 1 жніўня нібыта парушылі дзяржаўную мяжу Польшчы? Беларускі бок актыўна гэта зьняпраўджвае. Калі прыняць вэрсію, што парушэньне мяжы было, — то чаго дамагаецца афіцыйны Менск?
— Цяжка знайсьці нейкую рацыянальную прычыну, зь якой Менску цяпер патрэбная была б эскаляцыя напружанасьці на мяжы з Польшчай. Відавочна, што нейкага ўзьдзеяньня на палітыку Варшавы Менску не ўдаецца. Ужо ня першы месяц улады Беларусі выкарыстоўваюць самыя розныя мэтады, робяць спробы ціснуць на польскі бок празь міграцыйны крызіс, вайсковыя вучэньні. Усё гэта ні на што не ўплывае.
Так што далейшая эскаляцыя можа прывесьці да наступных санкцыяў з боку Польшчы, абмежаваньня руху тавараў — усё гэта больш ударыць па беларускім боку. Таксама можна чакаць павелічэньня польскай вайсковай групоўкі каля беларускай мяжы — што запатрабуе росту вайсковых выдаткаў для Беларусі.
Калі і можа быць далейшая эскаляцыя, то яна не ў інтарэсах Менску, а выключна ў інтарэсах Масквы, дзеля абвастрэньня сытуацыі ў рэгіёне.
— А якія могуць быць матывы і зацікаўленасьці ў Расеі?
— Стварыць дадатковую напружанасьць у рэгіёне і выкарыстаць гэта для далейшага ціску на заходнія краіны. Магчыма, праз такую напружанасьць паспрабаваць зьменшыць падтрымку польскімі ўладамі Ўкраіны — ці, прынамсі, спарадзіць сумневы ў неабходнасьці такой падтрымкі. Бо Варшаве давядзецца думаць пра іншыя рэгіёны, пра ўласнае войска і зброю для яго.
— Ці магчыма, што Польшча сапраўды можа цалкам перакрыць беларуска-польскую мяжу для перавозкі аўтамабільных і чыгуначных грузаў? Пры якіх умовах гэта можа адбыцца і якія вынікі гэта можа прынесьці, каму прынясе больш шкоды?
— Гэты варыянт ляжыць ужо «на стале», такая магчымасьць агучвалася. Ці будзе яна скарыстаная — ніхто ня ведае. Можна дапусьціць, што яна будзе ўключаная ў тым выпадку, калі будуць правакацыі на мяжы (магчыма, з ахвярамі), сур’ёзная збройная правакацыя, альбо калі беларускія ўлады будуць працягваць і ўзмацняць ціск на польскую меншасьць. Альбо калі, напрыклад, беларускія ўлады зноў пажадаюць узмацніць мігранцкі крызіс на мяжы.
— Калі будзе нейкая збройная правакацыя, то для Варшавы ня будзе розьніцы, зрабілі яе вагнэраўцы ці ўласна беларускія сілавікі?
— Вядома, розьніцы няма. Калі польскія ўлады закрыюць мяжу — ім ня важна будзе, ад каго з тэрыторыі Беларусі сыходзіла гэтая правакацыя.
Што тычыцца таго, каму перакрыцьцё мяжы нанясе больш шкоды. Вядома, Беларусь тут у горшай сытуацыі, бо маштабы краінаў розныя. Гандаль Польшчы з Усходам вядзецца праз розныя кірункі, і залежнасьць Польшчы ад усходніх рынкаў значна меншая, чым залежнасьць Беларусі ад заходніх рынкаў. Польшча — частка магутнай эканамічнай супольнасьці Эўразьвязу, а Беларусь можа спадзявацца на кампэнсацыю толькі ад Масквы, чые рэсурсы зусім не неабмежаваныя. Таму Варшава і можа дазволіць сабе пагражаць закрыцьцём мяжы, разумеючы, што шкода для Беларусі будзе значна больш істотная.
— 2 жніўня Лукашэнка стаў зьмякчаць сваю рыторыку, даволі хутка ўключыў «заднюю хуткасьць» наконт «жарту» (як ён выказаўся), што вагнэраўцы нібыта хочуць наведаць Польшчу. Гэта ўвогуле ў ягоным стылі — абвяргаць свае ўласныя заявы, калі ён бачыць, што яны могуць прынесьці нэгатыўныя наступствы.
— Мне падаецца, што большасьць выказваньняў Лукашэнкі апошняга часу, асабліва для замежнай аўдыторыі, — гэта так званыя «інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі». Яны разьлічаныя на шырокі рэзананс, маюць на мэце прыцягнуць да сябе ўвагу, намацаць імаверную рэакцыю. Магчыма, гэта ўзгоднена і з Масквой. А потым, калі пэўны эфэкт дасягнуты, калі пачынаюць аналізаваць сыгналы і рэакцыю з таго боку, бачаць маштаб выкліканых праблемаў — то можна адкруціць назад, сказаць, што пажартаваў.
Але эфэкт росту напружанасьці дасягацца, і эфэкт нейкай «значнасьці» і «важнасьці» Лукашэнкі. Вядома, часам ніякія мэты не дасягаюцца — але тады робіцца новая спроба, новая заява. Лукашэнку гэта нічога не каштуе — можна і далей гуляць у рэзкія заявы, а потым рабіць адкат назад. Гэта агульная стратэгія паводзінаў Лукашэнкі ў інфармацыйнай прасторы, якую можна назіраць прынамсі апошнія два гады.
— У самой Польшчы прэса, апазыцыйная да цяперашняй уладнай кааліцыі, шмат піша пра тое, што польская ўлада наўмысна павялічвае патэнцыял пагрозы з боку Беларусі і Расеі, робячы гэта з унутрыпалітычных прычынаў. Як вядома, створаная камісія, якая будзе разглядаць ранейшыя нібыта «прарасейскія заявы» Дональда Туска, цяперашняга лідэра апазыцыі. Наколькі тут падмяшаны ўнутрыпалітычны чыньнік?
— Думаю, усе разумеюць, што вагнэраўцы істотнай пагрозы для Польшчы не ўяўляюць. З тымі абмежаванымі рэсурсамі, што яны маюць, нават сур’ёзнай ваеннай правакацыі ня здольныя зрабіць. Аднак, зь іншага боку, іхняя актыўнасьць і заявы Масквы і Менску патрабуюць ад польскіх палітыкаў пэўнай рэакцыі, улічваючы грамадзкі рэзананс.
Я згодны, што тут у значнай ступені гульня на публіку, жаданьне дэманстраваць сваю рашучасьць. Але гэта звычайныя правілы для палітыкаў ва ўсім сьвеце: калі ёсьць такая магчымасьць, чаму б яе не скарыстаць? Лёгіка палітычнага працэсу патрабуе такіх заяваў, тым больш напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Польшчы восеньню.
Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.