Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе плавіцца Варшава і патоне Вільня». Рэакцыя прапагандыстаў на намер Пуціна разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі


Алег Гайдукевіч, архіўнае фота
Алег Гайдукевіч, архіўнае фота

Свабода пачытала, што гавораць пра намер Пуціна разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю расейскія і беларускія прапагандысты і зрабіла падборку выказваньняў.

Думкі некалькіх праўладных экспэртаў прыводзіць дзяржаўнае агенцтва БелТА, некаторыя прапагандысты выказаліся ў сваіх тэлеграм-каналах і на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі. Пераважна яны называюць гэта «захадамі ў адказ» і «вымушаным крокам».

«Права сілы становіцца галоўным састаўным элемэнтам міждзяржаўных адносін. У гэтых умовах кожная дзяржава вымушана прымаць меры па забесьпячэньні сваёй нацыянальнай бясьпекі, спакойнага жыцьця грамадзян, разьвіцьцю грамадзтва», — адзначыў вайсковы экспэрт Мікалай Бузін.

«Яшчэ два гады таму гэтае пытаньне перад Пуціным ставіў прэзыдэнт Беларусі (так прапагандысты называюць Аляксандра Лукашэнку. — РС), і на сёньня яно вырашылася цалкам. У тым ліку ў рамках міжнароднага права. Пуцін у сваім апошнім інтэрвію так і сказаў, што мы нічога ня робім такога, каб у адносінах да нас Захад гэтага ўжо не зрабіў. Таму гэта толькі адказ», — такую думку выказаў іншы экспэрт Аляксандар Ціханскі.

Вайсковы экспэрт і палітоляг з Расеі Іван Канавалаў, як яго прадставілі на «Беларусь-1», заявіў, што «цяпер Беларусь — краіна, зь якой Захад нічога ня можа зрабіць», а «сытуацыя разьвіваецца дастаткова лягічна, і гэта адбылося толькі таму, што ЗША зусім страцілі берагі».

«Ядзерная зброя — адназначны аргумэнт таго, што краіна знаходзіцца ў большай бясьпецы», — сказаў на тым самым канале іншы расейскі палітоляг Уладзімір Кірэеў.

Старшыня аб’яднаньня «Белая Русь» Алег Раманаў назваў рашэньне Пуціна адказам на крокі Захаду, адзначыўшы, што «стаўкі падвышае менавіта Захад».

«На дзяржавы, якія валодаюць ядзернай зброяй, ніхто не нападае», — заявіў у этэры тэлеканалу «Беларусь-1» палітоляг, прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава Андрэй Манойла. «Зьяўленьне ядзернай зброі, нават тактычнай, нават на складах — вельмі сур’ёзны казыр, які вельмі моцна б’е па тых руках, якія цягнуцца да Беларусі і па ўсіх тых сілах, якія зьбіраюцца, я ўпэўнены ў гэтым, паўтарыць у будучыні сцэнар 2020 году».

Вайсковы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД) Андрэй Чарнабай лічыць, што расейская тактычная ядзерная зброя будзе гарантаваць бясьпеку ня толькі Беларусі, але і саюзнай дзяржавы з Расеяй.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, адзін з самых гарачых прыхільнікаў Лукашэнкі і інтэграцыі з Расеяй, назваў рашэньне «абсалютна правільным». Ён заявіў, што вайна Рэспубліцы Беларусь і яе саюзьніцы Расеі не патрэбная, але яны будуць у стане адказаць.

«Адзіная прычына, па якой NATO не нападае на Беларусь і Расею, гэта разуменьне таго, што перамагчы яны ня могуць. Калі б яны ведалі ці верылі, хаця б у 10% магчымасьці, што могуць нас перамагчы, то даўно б уварваліся і зрабілі ўсё, каб нас зьнішчыць. Доказы? Ды яны па ўсім сьвеце. У Ірак уварваліся, зьнішчылі. Югаславію бамбілі, ведаючы, што адказаць яна ня зможа, а Расея не ўмяшаецца. Зьнішчалі Лібію з гэтай жа прычыны. І нас бы бамбавалі ўжо заўтра — ведаюць, што прайграюць, толькі гэта ім замінае. А яшчэ, у гэтых краінах не было ядзернай зброі.

Іран? Ды ня сунуцца яны ў Іран, таму і спрабуюць разгайдаць знутры. Ніколі не палезуць у Кітай, ніколі ня сунуцца нават у Паўночную Карэю. Там ёсьць ядзерная зброя. Таму гэта адзіны варыянт пазьбегнуць вайны — станавіцца мацнейшым. Умацоўваць войска, умацоўваць узбраеньне. Таму вітаю гэтае рашэньне, яно абсалютна лягічнае і накіраванае на мір. А польская эліта няхай ведае, да чаго можа прывесьці канфрантацыя з намі. Да аднаго — зьнішчэньня ня толькі Польшчы, але і ўсёй Эўропы».

Браваду Гайдукевіча з нагоды магчымага перакіданьня расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь падзяляе і тэлевядоўца Рыгор Азаронак. Ён назваў Беларусь «ядзернай дзяржавай» і заявіў, што «будзе плавіцца Варшава і патоне Вільня».

Праўладны палітоляг Аляксей Дзерман напісаў, што рашэньне Пуціна ў тым ліку і «адказ на намеры палякаў стварыць ударную групоўку ля межаў Беларусі».

«Што да Будапэшцкага мэмарандуму і Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі, то мэмарандум парушылі першымі заходнія краіны, калі сталі ўводзіць яшчэ ў 1996 годзе першыя санкцыі супраць Беларусі. А ЗША ўжо даўно абыходзяць Дамову, разьмяшчаючы сваю ядзерную зброю ў Заходняй Эўропе».

Раней Дзерман, таксама як Гайдукевіч з Азаронкам, пачаў палохаць заходнія краіны ядзерным ударам:

«Толькі рэальная пагроза прымяненьня ядзернай зброі можа спыніць заходніх суседзяў ад агрэсіі ў наш бок. Калі што — адразу ўдар па Варшаве і Бэрліне, магчыма, Парыжы і Лёндане».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG