Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля таго як завязуць ядзерную зброю, у Беларусі зьявіцца сталая расейская вайсковая база», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта


Павел Лузін, Аляксандар Лукашэнка і расейкая зброя. Каляж
Павел Лузін, Аляксандар Лукашэнка і расейкая зброя. Каляж

Калі і кім было прынятае рашэньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі? У чым мэта гэтага кроку? Ці будзе рэакцыя Захаду сымэтрычнай? Як Захад можа пакараць Лукашэнку за вяртаньне ядзернай зброі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі экспэрт у зьнешняй і абароннай палітыцы, запрошаны дасьледчык у амэрыканскім The Fletcher School at Tufts University Павел Лузін.

Прапануем вашай увазе асноўныя думкі Паўла Лузіна:

  • Ядзерную зброю ў Беларусі будзе кантраляваць Расея, аб’ект захаваньня будзе расейскі.
  • Рашэньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі было прынята ў 2022 годзе. Расейскія вайскоўцы былі супраць, але палітыка пераважыла. Вайскоўцы перасталі ўплываць на прыняцьцё рашэньняў.
  • Стварэньне сховішчаў для ядзерных зарадаў — гэта вялікая праца. Да таго ж там павінна быць месца жыхарства для афіцэраў, якія будуць абслугоўваць ядзерную зброю, аўтабаза, ахова. Праца па разьмяшчэньні абʼекта захаваньня ядзернай зброі ў Беларусі вядзецца зь лета 2022 году.
  • Рашэньне было прынятае падчас вайны. Да вайны расейскія вайскоўцы яму супраціўляліся.
  • Расея ўжо некалькі гадоў патрабуе ад ЗША вывесьці ядзерную зброю з Эўропы і спыніць nuclear sharing з чальцамі NATO — узаемадзеяньне ў сфэры ядзернага ўзбраеньня. Амэрыканскія авіябазы існуюць у Італіі, Нямеччыне, Нідэрляндах, Бэльгіі і Турэччыне. На гэтых базах ёсьць амэрыканская ядзерная зброя, і яе могуць прымяняць ня толькі амэрыканскія пілёты, але і вайскоўцы гэтых краінаў. Гэта прынцып падвойнага ключа. Скажам, турэцкі пілёт трэніруецца на сваім F-16 выкарыстоўваць бомбу свабоднага падзеньня В-61. Ён вучыцца яе ўжываць, але ў выпадку вайны ён павінен умець гэта рабіць. Гэтая тэма існуе з другой паловы 50-х гадоў. Гэтая практыка — важны элемэнт адзінства NATO і амэрыканскіх гарантыяў бясьпекі.
  • Што тычыцца расейскай ядзернай зброі, то ходзяць чуткі, што яна ёсьць у Крыме. Хоць трымаць яе там бессэнсоўна. У Калінінградзкай вобласьці ёсьць абʼект захоўваньня ядзернай зброі, ён існуе яшчэ з савецкіх часоў.
  • Расея зараз спрабуе імітаваць амэрыканскую палітыку nuclear sharing, каб убіць клін паміж Эўропай і ЗША.
  • У цяперашняй сытуацыі разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі — гэта шантаж ня толькі NATO, але і Ўкраіны. Каб эўрапейцы спалохаліся, каб зьменшылі дапамогу Ўкраіне. Гэта папярэджаньне Ўкраіне: калі вы захочаце зьнішчаць нашы самалёты, базаваныя ў Беларусі, майце на ўвазе, што ёсьць ядзерная опцыя.
  • Лукашэнка хоча, каб расейская ядзерная зброя зьявілася ў Беларусі, але гэта не ад вялікага розуму. Ён думае, што калі расейцы завязуць яе ў Беларусь, то яны будуць залежаць ад яго гэтак жа, як ён зараз залежыць ад іх. Ён глядзіць на Эрдагана, ведае, што ў Турэччыне ёсьць амэрыканская база. Але Лукашэнка не разумее, што ён не Эрдаган, а Расея — не ЗША.
  • Ён не разумее, што калі ў Беларусі будзе разьмешчанае сховішча ядзернай зброі, то там будзе ня проста рота аховы, там будуць разьмешчаныя і войскі. З канца 2021 году расейскія войскі знаходзяцца ў Беларусі на часовай аснове. А калі зьявіцца сховішча, яны там будуць разьмешчаныя на сталай аснове.
  • Амэрыканцы, знаходзячыся ў Эўропе, дэлегуюць саюзьнікам адказнасьць. Вакол амэрыканскай авіябазы няма амэрыканскай дывізіі. А расейская вайсковая і палітычная культура не прадугледжвае такой ступені даверу саюзьнікам. Наступствам стварэньня ядзернага сховішча ў Беларусі стане стварэньне некалькіх сталых расейскіх вайсковых базаў.
  • А беларускія пілёты, магчыма, пасьля праверкі расейскай вайсковай контравыведкай і пад кіраўніцтвам расейскіх генэралаў будуць дапушчаныя да ўжываньня расейскай ядзернай зброі. Рашэньне аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі Крэмль прыняў летам 2022 году таму, што стала зразумела, што Расея прайграе вайну.
  • Ідзе ўзмацненьне ўсходняга флянгу NATO. Там разьмяшчаюцца сыстэмы СПА, якія не дадуць узьляцець расейскім ці беларускім самалётам зь ядзернай зброяй. Краіны NATO справяцца з разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі і без разьмяшчэньня ядзернай зброі ў памежных зь Беларусьсю краінах.
  • У Расеі ёсьць экспэрты, якія маглі б патлумачыць кіраўнікам у Крамлі, што тое, што яны робяць, — гэта глупства. Але такіх людзей і блізка не падпускаюць да аналітычнага забесьпячэньня Крамля.
  • Макрон 27 лютага 2022 году тэлефанаваў Лукашэнку і ўгаворваў не дазваляць уводзіць расейскую ядзерную зброю ў Беларусь. Менавіта таму, што Макрон тэлефанаваў Лукашэнку, Расея цяпер і разьмяшчае ядзерную зброю ў Беларусі. Яна менавіта на яго і хоча паўзьдзейнічаць.
  • Лукашэнка шмат балбоча. А дзе яго рэакцыя на заяву Пуціна пра вяртаньне ў Беларусь ядзернай зброі? Чаму ён не сказаў: дзякуй, Валодзя, нарэшце ты мяне пачуў і выканаў маю просьбу? Не, ён маўчыць. Чаму?
  • Ён жа ўсім гэтым трос і размахваў выключна дзеля таго, каб знайсьці балянс паміж Расеяй зь яе акупацыйным кантынгентам і Эўропай. Менавіта таму Беларусь трапіла не ва ўсе пакеты санкцыяў. Лукашэнка спрабаваў лявіраваць, ён пры дапамозе ядзернай пагрозы ўпрошваў Эўропу не пакідаць яго сам-насам з Пуціным.
  • Адным з праваднікоў гэтай палітыкі быў нябожчык Макей. Але палітыка лявіраваньня Лукашэнкі пайшла прахам.
  • Ён ужо нікуды не саскочыць і не падзенецца. Гандляваць можна пагрозай, якая не рэалізаваная. Але зараз яна рэалізаваная. І рэалізаваная не Лукашэнкам.

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што да лета ў Беларусі разьмесьцяць тактычную ядзерную зброю і зробяць сховішча для яе. Разьбіраемся, што гэта такое і якія наступствы нясе.

Першага ліпеня ў Беларусі мусіць закончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24».

Па словах Пуціна, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што некалькі беларускіх самалётаў пераабсталявалі і яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Пуцін удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG