Па дадзеных расьсьледавальнікаў, на якія спасыланцца «Настоящее время», сын Прыгожына Павал жанаты на Кацярыне Інкінай — дачкі пецярбурскага рэстаратара Сяргея Інкіна. Па дадзеных ФБК, у 2017 годзе ён набыў у горадзе Фортэ-дэі-Мармі асабняк плошчай амаль 400 кв. м і коштам 3, 5 млн эўра. У гэтым жа горадзе, як сьцьвярджаюць у ФБК, купілі сабе вілы расейскія алігархі Раман Абрамовіч і Алег Дзерыпаска, а таксама віцэ-прэм’ер Аляксандр Хлапонін, які пасьля перапрадаў свой асабняк бізнэсоўцу Міхаілу Прохараву.
Акрамя гэтага, паплечнікі Аляксея Навальнага расказалі аб тым, як кіраўнік ПВК «Вагнэр» зарабляў на дзяржкантрактах. У прыватнасьці, былы ахоўнік адной з фірм Прыгожына Арсень Бярдзяеў значыцца ўладальнікам фірмы «Тэхналогія». Гэтая кампанія займаецца пастаўкай ежы ў расейскія вайсковыя часткі, у тым ліку на акупаваных тэрыторыях Украіны. За апошнія паўтара года «Тэхналогія», паводле зьвестак расьсьледавальнікаў, атрымала дзяржкантрактаў на 847 мільёнаў расейскіх рублёў.
Яшчэ адна з фірмаў Прыгожына належыць супрацоўніцы «Канкорда» Надзеі Ціханавай — кампанія «Кулінар» займаецца банкетамі для Мінабароны РФ. За апошні год выручка фірмы склала 262 мільёны рублёў.
Журналісты падлічылі, што, толькі зыходзячы з адкрытых дадзеных, актывы Прыгожына складаюць каля двух трыльёнаў расейскіх рублёў ($20 млрд).
«Адказаць на пытаньне, колькі насамрэч зарабіў Прыгожын, фактычна немагчыма. Мы бачым толькі афіцыйную частку — нешта, што яны зрабілі ласку раскрыць праз дзяржзакупкі, ну ці да чаго дакапаліся журналісты. А гэта, насамрэч, толькі вяршыня айсбэрга. Гаворка ідзе пра трыльёны рублёў», — гавораць расьсьледавальнікі.
Уладзімір Пуцін, камэнтуючы наступствы мяцяжу Прыгожына, паведаміў, што ПВК «Вагнэр» утрымліваўся дзяржавай. Паводле яго слоў, за год — з мая 2022 года — прыватная ваенная кампанія атрымала ад дзяржавы на ўтрыманьне наймітаў і стымулюючыя выплаты 86,3 мілярды рублёў (больш як мільярд даляраў). Уласьнік ПВК — кампанія «Канкорд» — за год атрымала, пастаўляючы прадукты харчаваньня, 80 млрд рублёў.
Агучаныя лічбы прыкметна вышэй за тыя сумы, якія раней называлі незалежныя журналісты ў расьсьледаваньнях, прысьвечаных удзелу кампаній Прыгожына ў дзяржзакупках. «Настоящее время» ацэньвала абʼём дзяржкантрактаў структураў бізнэсоўца з 2011-га да пачатку 2019 года ў 209 млрд расейскіх рублёў.
У сваю чаргу, расейскі тэлепрапагандыст Дзьмітрый Кісялёў у нядзельнай перадачы «Вести недели» на «Россия-1» заявіў, што меркаваная выручка кампаній Прыгожына па дзяржкантрактах склала 845 млрд расейскіх рублёў. Пры гэтым Кісялёў не ўказаў крыніцу сваіх дадзеных.