Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Лукашэнка будзе імкнуцца кантраляваць сілы «Вагнэра» для зьніжэньня залежнасьці ад Расеі


Уласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Архіўнае фота
Уласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Архіўнае фота

«Лукашэнка ўмяшаўся ў пасярэдніцтва, магчыма, часткова для таго, каб даць сыгнал Пуціну і іншым высокім адказным чыноўнікам Крамля, што Масква не павінна гуляць зь ім, бо ў яго ёсьць здольнасьць пасьпяхова і незалежна дзейнічаць у расейскай палітыцы».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Аляксандар Лукашэнка будзе імкнуцца шчыльна кантраляваць сілы прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» для зьмяншэньня сваёй залежнасьці ад Расеі.

«Лукашэнка можа паспрабаваць выкарыстаць групу „Вагнэр“ у Беларусі, каб паменшыць назапашаную структурную залежнасьць беларускіх вайскоўцаў ад расейскіх у выкананьні больш высокіх апэратыўных функцый, каб спрабаваць аднавіць страчаны патэнцыял беларускіх Узброеных сіл, дэлегаваны Заходняй вайсковай акрузе Расеі», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 27 чэрвеня.

Экспэрты нагадваюць, што беларускія войскі ня маюць досьведу правядзеньня буйнамаштабных апэрацый, апроч навыкаў, атрыманых у часе супольных з Расеяй вучэньняў «Захад», «Шчыт Саюза» і «Нязломнае братэрства».

«Група „Вагнэр“ мае досьвед вядзеньня агульнавайсковых дзеяньняў са злучэньнямі, большымі за баявую групу беларускіх войскаў. Аднак незразумела, наколькі пасьпяховымі могуць быць гэтыя ацэненыя намаганьні. Апэратыўнае падпарадкаваньне беларускіх вайскоўцаў расейскаму Генштабу было дэ-факта рэальнасьцю на працягу многіх гадоў, і пераламаць такія глыбокія інстытуцыйныя сувязі будзе цяжка, мо нават і немагчыма. Тым ня менш крызіс стабільнасьці рэжыму ў Расеі можа даць Менску новыя магчымасьці», — мяркуюць экспэрты.

У Інстытуце вывучэньня вайны ўпершыню за апошнія некалькі месяцаў ня пішуць аб адсутнасьці прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусь. Экспэрты канстатавалі гэта, абапіраючыся на адпаведныя заявы Аляксандра Лукашэнкі і супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў.

Цяпер экспэрты ISW не выключаюць, што Лукашэнка можа таксама выкарыстаць разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі, каб «ураўнаважыць кампанію Крамля па паглынаньні Беларусі праз саюзную дзяржаву».

«Такое разьвіцьцё падзей больш цікавае праз тое, як Лукашэнка можа выкарыстаць разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі, каб выступіць супраць Расеі, чым празь любую пагрозу, якую ядзерная зброя ў Беларусі нясе для NATO ці Ўкраіны. Лукашэнка можа выкарыстаць разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі разам з новай прысутнасьцю групы „Вагнэр“ у Беларусі, каб сьцьвярджаць, што ў Беларусі ёсьць новая здольнасьць абараняцца незалежна ад Расеі і што дадатковыя расейскія базы ў Беларусі таму не патрэбны», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту.

Паводле экспэртаў, індыкатарам гэтага курсу будзе тое, ці дазволіць Лукашэнка павялічыць колькасьць расейскіх вайскоўцаў для падрыхтоўкі на беларускіх палігонах.

У Інстытуце вывучэньня вайны таксама зьвярнулі ўвагу на тое, як Аляксандар Лукашэнка расказваў пра сваё пасярэдніцтва ў разьвязаньні канфлікту паміж Крамлём і Яўгеніем Прыгожыным.

«Лукашэнка ўмяшаўся ў пасярэдніцтва, магчыма, часткова для таго, каб даць сыгнал Пуціну і іншым высокім адказным чыноўнікам Крамля, што Масква не павінна гуляць зь ім, бо ў яго ёсьць здольнасьць пасьпяхова і незалежна дзейнічаць у расейскай палітыцы. Пахвальба Лукашэнкі сваёй здольнасьцю маніпуляваць уладнымі агентамі ў самым блізкім атачэньні расейскага прэзыдэнта зьневажальная для Пуціна, праўда гэта ці не. Тое, што Пуцін не аспрэчваў пераказ Лукашэнкам падзеяў і фактычна публічна падзякаваў Лукашэнку, яшчэ больш прыніжальна», — мяркуюць экспэрты ISW.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG