Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан пакінуў парлямэнт


Былы прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан адмовіўся ад мандата дэпутата Палаты абшчын брытанскага парлямэнту, паведаміла ВВС са спасылкай на заяву экс-прэмʼера.

Прычынай адстаўкі сталі высновы апублікаванага раней 9 чэрвеня дакладу камітэта па прывілеях Палаты абшчын, які расьсьледаваў абставіны арганізацыі вечарынак у рэзыдэнцыі прэмʼера падчас лакдаўну, уведзенага ў сувязі з эпідэміяй COVID-19.

Аўтары дакладу, у прыватнасьці, прыйшлі да высновы, што Джонсан наўмысна ўводзіў брытанскі парлямэнт у зман. Былы прэмʼер гэта адмаўляе. Ён абвінаваціў аўтараў даклада ў палітычнай перадузятасьці.

Джонсан не заяўляў, што сыходзіць з палітыкі. Таксама не было інфармацыі, ці будзе ён зноў балятавацца.

  • Барыс Джонсан узначальваў брытанскі ўрад з 2019 па 2022 год. У час яго знаходжаньня на чале кабінэту Брытанія афіцыйна выйшла з Эўразьвязу. Джонсан таксама быў адным з найбольш пасьлядоўных прыхільнікаў дапамогі Ўкраіне ў вайне супраць Расеі. Страта даверу шматлікіх дэпутатаў-кансэрватараў у сувязі са скандалам з вечарынамі і іншымі праблемамі кабінэта, аднак, прымусіла Джонсана сысьці ў адстаўку.
  • Пакінуўшы пасаду прэмʼера ўлетку 2022 году, Джонсан заставаўся дэпутатам ад адной зь лёнданскіх акругаў, якую ён прадстаўляў у Палаце абшчын доўгія гады. Цяпер там пройдуць датэрміновыя выбары.
  • Цяпер кіраўніком брытанскага ўрада зьяўляецца Рышы Сунак. Ён уступіў на пасаду ў кастрычніку 2022 году, пасьля адстаўкі папярэдняга прэм'ера Ліз Трас, якая заняла месца Джонсана, але ўсяго 44 дні падала ў адстаўку, бо «не змагла апраўдаць мандат даверу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG