Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рухнула сьцяна 300-гадовага манастыра пры касьцёле Сьвятой Веранікі на Віцебшчыне. Тамака хацелі здымаць кіно па Караткевічу


 Касьцёл Сьвятой Веранікі. 2013 год.
Касьцёл Сьвятой Веранікі. 2013 год.

У вёсцы Селішча Ўшацкага раёна абрынулася сьцяна корпуса кляштара бернардынцаў пры касьцёле Сьвятой Веранікі.

Пра гэта паведамляе Zerkalo са спасылкай на тэлеграм-канал «заброшеннаябеларусь».

Паводле інфармацыі канала, рэшткі сьценаў манастыра абваліліся два тыдні таму.

Каменны касьцёл Сьвятой Веранікі і бэрнардынскі кляштар у стылі барока былі пабудаваны ў Селішчы амаль 300 гадоў таму — у 1726 годзе. Манастыр расейскія ўлады закрылі ў 1832-м, а касьцёл — у 1867-м, яго часткова перарабілі ў праваслаўны храм.

Падчас Другой сусьветнай вайны комплекс моцна пацярпеў: адна з вежаў была разбурана, манастырскі корпус згарэў, усё ўнутранае ўбраньне касьцёла страчана. Пасьля вайны іх ніхто не аднаўляў, будынкі працягвалі разбурацца.

У 2000-х улады Беларусі ўключылі комплекс у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей пад другой катэгорыяй. Аднак ніякіх дзеяньняў па кансэрвацыі помніка зроблена не было.

Як адзначае тэлеграм-канал, у каталіцкай япархіі спрабавалі вырашыць пытаньне, але паколькі будынак ня мае даху, праект быў занадта дарагім для япархіі, і ў выніку ад ідэі адмовіліся.

Касьцёл і манастыр павінны былі стаць адной са здымачных лякацый для новай экранізацыі «Чорнага замка Альшанскага» паводле рамана Ўладзіміра Караткевіча. Здымкі мусілі адбыцца ўжо сёлета. Ці зьявіцца зараз касьцёл на кадрах фільма, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG