Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анэксаваць, забіць лідэраў, перавучыць іншых. Брытанскія выведнікі знайшлі новыя дэталі пляну расейскага нападу на Ўкраіну


Падбітая расейская тэхніка ў Бучы пад Кіевам, люты 2022
Падбітая расейская тэхніка ў Бучы пад Кіевам, люты 2022

Брытанскі аналітычны цэнтар у пытаньнях абароны (RUSI) апублікаваў новыя падрабязнасьці расейскага пляну ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта сьведчаць захопленыя расейскія дакумэнты, піша ВВС.

Расея плянавала захапіць Украіну за дзесяць дзён і анэксаваць яе да жніўня гэтага году, цытуе Sky News заяву Каралеўскага аб’яднанага інстытута дасьледаваньняў у галіне абароны і бясьпекі (Royal United Services Institute for Defence and Security Studies, RUSI).

Паводле дасьледчага цэнтру, зьвязанага з брытанскай арміяй, толькі невялікая група расейскіх чыноўнікаў насамрэч была ў курсе поўнага маштабу гэтых плянаў.

У высновах RUSI гаворыцца, што нават намесьнікі начальнікаў падразьдзяленьняў расейскай арміі, відаць, ня ведалі пра плян уварваньня і акупацыі Ўкраіны за некалькі дзён да пачатку наступу. А тактычныя вайсковыя падразьдзяленьні атрымалі загады ўсяго за некалькі гадзін да гэтага, цытуе дасьледаваньне брытанскае выданьне.

Дакумэнты таксама паказалі, што Расея плянавала захапіць украінскія электрастанцыі, аэрадромы, сыстэму водазабесьпячэньня, Нацбанк і парлямэнт і што расейскім спецслужбам было даручана забіць украінскае кіраўніцтва, паведамляе Sky News са спасылкай на ваенных аналітыкаў.

«Яны, пэўна, меркавалі, што ўкраінскія ўрадавыя чыноўнікі альбо ўцякуць, альбо будуць схопленыя ў выніку хуткага ўварваньня», — гаворыцца ў справаздачы RUSI.

Украінская выведка таксама мяркуе, што Расея плянавала выкарыстаць дэсант з тэрыторыі Беларусі для захопу Ровенскай і Хмяльніцкай АЭС.

Паводле Брытанскага інстытуту абаронных дасьледаваньняў, расейскі плян уварваньня зьмяшчаў дэталі захопу ўкраінскіх АЭС, каб схаваць там расейскія войскі, атрымаць кантроль над энэргетычнай сыстэмай краіны і патэнцыйна шантажаваць эўрапейскія краіны рызыкай радыяцыйнага заражэньня.

Расея плянавала пачаць уварваньне з дапамогай «масіраванай ракетна-паветранай кампаніі» супраць украінскіх вайсковых абʼектаў, цытуе Sky News аналітыкаў.

Эксперты RUSI таксама дадаюць, што Масква першапачаткова не плянавала зьнішчаць крытычна важную інфраструктуру, такую як электрастанцыі і чыгунку, бо яны былі ключавымі для яе плянаў акупацыі краіны.

«Сьпіс зьнішчэньня»

Як паведамляе RUSI, якое спасылаецца на брытанскае выданьне, расейская контравыведка склала сьпісы ўкраінцаў. Іх падзялілі на чатыры катэгорыі:

  • Тыя, каго трэба забіць.
  • Тыя, каго трэба запалохаць.
  • Тыя, хто лічыцца нэўтральным, іх трэба заахвочваць да супрацоўніцтва.
  • Тыя, хто гатовы супрацоўнічаць.

Як адзначае аналітычны цэнтар, рэгістрацыю насельніцтва чыноўнікі плянавалі весьці па дамах і ў «фільтрацыйных лягерах».

Як паведамляе Sky News са спасылкай на брытанскіх аналітыкаў, Расея таксама плянавала прымусіць супрацоўнічаць рэгіянальных кіраўнікоў і мясцовыя ўлады, а ФСБ было даручана затрымліваць мясцовых чыноўнікаў.

З часам плянавалася прывезьці настаўнікаў і іншых чыноўнікаў з Расеі, каб яны пачалі «перавыхоўваць украінцаў».

Гэтаму пляну не наканавана было збыцца, але многія пункты, як захоп Запароскай АЭС, арышт прадстаўнікоў мясцовай улады і актывістаў, прывоз чыноўнікаў і настаўнікаў з Расеі, часткова рэалізоўваюцца на акупаваных Расеяй тэрыторыях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG